Беларусь

Якое малако выбраць?


Размову на гэтую тэму “НТ” пачала артыкулам “Прадуктовая ліхаманка…” (№8 за 17 лютага с. г.). Яго аўтар Надзея Кляўчэня прапанавала даць слова брэсцкім медыкам, каб пачуць кампетэнтнае меркаванне наконт карысці і шкоды малочных прадуктаў для розных узроставых катэгорый насельніцтва
Валянціна МАШЭНСКАЯ, урач-валеолаг абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя:

– Малако – самы збалансаваны па складзе харчовы прадукт. Паўлітра малака – гэта больш за палову сутачнай патрэбы чалавека ў жывёльным бялку і больш чым 10-я частка сутачнай патрэбы ў энергіі. Да таго ж, малако – галоўны пастаўшчык кальцыю і фосфару, прычым суадносіны іх блізкія да аптымальных, што важна для засваення прадукту. Ёсць у ім калій, жалеза, вітаміны розных груп, фоліевая кіслата і інш.
Актуальным зараз з’яўляецца пытанне: тлустае ці нятлустае малако купляць? Больш карысныя малако і кісламалочныя прадукты нармальнай тлустасці (3,5%, тварог 9%). І вось чаму.
Па-першае, у такіх прадуктах утрымліваецца неабходная колькасць вітаміну Д, які патрэбны для засваення кальцыю. Чым ніжэй тлустасць таго ж малака, тым менш вітаміну Д – а значыць, горш будзе засвойвацца кальцый.
Па-другое, у малацэ 3,5% тлустасці ?-караціну ў 2 разы і вітаміну А ў 1,5 раза больш, чым у малацэ тлустасцю 3,2%. У нятлустым малацэ гэтых вітамінаў амаль няма.
Па-трэцяе, у склад малочнага тлушчу ўваходзіць лецыцін (фасфаліпід), які з’яўляецца кампанентам абалонкі клетак, рэгулюе тлушчавы абмен, змагаецца са свабоднымі радыкаламі. Чым ніжэй тлустасць прадукту, тым менш у ім гэтага карыснага тлушчу. Так, у 9-працэнтным тварагу яго ўтрымліваецца ў 17 разоў больш, чым у нятлустым. Крыніц жа атрымання гэтых тлушчаў нямнога: малочныя прадукты нармальнай тлустасці, вяршкі, смятана, жаўток яйка, нерафінаваныя алеі, некаторыя раслінныя прадукты. А вось у сметанковым масле такіх карысных тлушчаў няма, таму яго колькасць варта абмежаваць, а лепш увогуле адмовіцца ад намазвання на хлеб.
Узроставыя асаблівасці спажывання малочных прадуктаў усё ж ёсць. Напрыклад, немаўлятам каровіна малако непажадана піць, дзеткам да 3-х год можна на ім гатаваць кашкі, а з кісламалочных прадуктаў падыдзе ражанка. Дзецям старэйшага ўзросту карысныя любыя малочныя прадукты, вось толькі калі ёсць схільнасць да алергічных працэсаў, дык выкарыстоўвайце выключна сухое малако.

Алена ЛЯЎКОВІЧ, урач-герыятр паліклінікі №1 г. Брэста:

–– Здароўе нельга ўтрымаць лекамі, яны – для лячэння хвароб. А вось адзін з важных кампанентаў здароўя – правільнае харчаванне. Трэба ўлічваць, што ў старасці яго тып і аб’ёмы змяняюцца. З узростам на 10-15 працэнтаў зніжаецца інтэнсіўнасць абменных працэсаў у арганізме, змяншаецца здольнасць органаў да пераварвання, засваення і атрымання пажыўных рэчываў. Таму асноўнае правіла харчавання для людзей пажылога ўзросту заключаецца ва ўмеранасці харчовага рацыёну. Так, порцыя другой стравы, калі вам за 60, павінна быць на трэць меншай, чым у маладога. Меркаванне, што малако ідэальна падыходзіць пажылым людзям, памылковае. Лепш аддаць перавагу кісламалочным прадуктам, таму што лішак жывёльных тлушчаў з гадамі правакуе атэрасклероз.
З узростам у некаторых людзей перастае працаваць фермент, які расшчапляе малочны цукар, і арганізм перастае пераносіць малако, узнікаюць непрыемныя адчуванні, пазбавіцца ад якіх дапамогуць кісламалочныя прадукты. Пры хваробах страўнікава-кішэчнага тракту малако проціпаказана, а піць можна кефір, але ў невялікай колькасці. Рэкамендую кашы на вадзе, болей буракоў, морквы, яблык, менш бульбы. Параіцца з урачом наконт асаблівасцей сваёй дыеты з улікам узросту, медыцынскіх паказанняў усё ж лепш індывідуальна.
Кожны чалавек пры жаданні, зыходзячы са сваіх магчымасцей, можа забяспечыць сабе пэўную якасць жыцця, але трэба пастаянна клапаціцца пра сябе і сваё здароўе. Што да малочнага буму, які мы назіраем у апошні час, дык, мяркую, сітуацыя стабілізуецца. Можа, і тут варта прымяніць прынцып адраснасці, каб, напрыклад, малазабяспечаныя людзі, шматдзетныя сем’і маглі набываць малочныя прадукты па сацыяльных цэнах. Гэтае ж права можна замацаваць і за сацыяльнымі работнікамі, якія купляюць прадукты для абслугоўваемых дома старых людзей. Тут павінна быць сумесная работа вытворцаў, гандлю, сацыяльнай службы.
Запісала Лідзія КУРБАТ, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля