Адзёр? Засцеражыся прышчэпкай!
Эпідэміялагічная сітуацыя па адру ўскладняецца: па прагнозах Еўрапейскага цэнтра па кантролі пік захворвання чакаецца ў лютым – маі 2012 года
Праз 6 год з моманту апошніх выпадкаў адру, зарэгістраваных у вобласці ў 2006 годзе, хвароба зноў нагадала пра сябе на Берасцейшчыне. Сёлета ў Брэсце зафіксавана 7 выпадкаў, у тым ліку 3 – у дзяцей, якія ў свой час прапусцілі адпаведную прышчэпку па прычыне адмовы ад яе і па медыцынскіх супрацьпаказаннях. Успышкі хваробы зарэгістраваны ў Францыі, Італіі, Румыніі, Іспаніі, Германіі, Расіі, Украіне. У Беларусі летась было выяўлена 50 выпадкаў хваробы.
Адзёр (па-руску – корь) з’яўляецца ў высокай ступені заразнай цяжкай хваробай віруснага паходжання. Яна застаецца адной з вядучых прычын смерці сярод дзяцей ранняга ўзросту ва ўсім свеце. Паскоранае правядзенне мерапрыемстваў па імунізацыі значна знізіла смяротнасць ад гэтай хваробы, але верагоднасць лятальнага зыходу ўсё яшчэ высокая.
ПРЫКМЕТЫ І СІМПТОМЫ
Першай прыкметай хваробы звычайна з’яўляецца значнае павышэнне тэмпературы, якое здараецца прыкладна праз 10-12 дзён пасля заражэння і доўжыцца ад 4 да 7 дзён. На пачатковай стадыі могуць быць насмарк, кашаль, пачырваненне вачэй, слёзацячэнне, святлабоязь, а таксама дробныя белыя плямы на слізістай паверхні шчок. Праз некалькі дзён з’яўляецца сып, звычайна на твары і верхняй частцы шыі. Прыкладна праз 3 дні сып распаўсюджваецца па ўсім целе, выступае на руках і нагах. Гэтая “афарбоўка” цела выступае праз 7-18 дзён пасля ўздзеяння вірусу, трымаецца 5-6 сутак і потым знікае. Пасля яе на працягу тыдня застаюцца светла-карычневыя плямы, а таксама вотрубападобнае лушчэнне скуры.
На цяжкую форму адру, як правіла, хварэюць дзеці ранняга ўзросту. Большасць смяротных выпадкаў здараецца з-за ўскладненняў, якія часцей развіваюцца ў дзяцей ва ўзросце да 5 год ці дарослых, якім за 20. Самыя сур’ёзныя ўскладненні – слепата, энцэфаліт, цяжкая дыярэя і звязаная з ёю дэгідратацыя, вушныя інфекцыі і цяжкія інфекцыі дыхальных шляхоў, напрыклад, пнеўманія.
У людзей, якія перахварэлі на адзёр, выпрацоўваецца імунітэт супраць хваробы на ўсё жыццё.
РЫЗЫКА ЗАРАЖЭННЯ
Неімунізаваныя дзеці ранняга ўзросту трапляюць у групу найбольшай рызыкі “падхапіць” адзёр і атрымаць ускладненне, якое можа прывесці да смерці. Заразіцца хваробай можа любы чалавек, які не мае імунітэту, – той, хто не зрабіў прышчэпку.
ПЕРАДАЧА ІНФЕКЦЫІ
Высоказаразны вірус адру распаўсюджваецца пры кашлі і чханні, цесных асабістых кантактах ці непасрэдным кантакце з інфіцыраванымі выдзяленнямі з насаглоткі.
Для таго, каб захварэць, неабавязковы цесны кантакт з хворым – скажам, прыход да яго ў госці ці знаходжанне побач. Вірус адру лёгка пераадольвае адлегласці ў некалькі дзясяткаў метраў з токам паветра, напрыклад, па лесвічных пралётах дома ці вентыляцыйнай сістэме.
Вірус застаецца актыўным і заразным у паветры ці на інфіцыраваных паверхнях да дзвюх гадзін. Ён можа быць перададзены інфіцыраваным чалавекам на працягу перыяду часу, які пачынаецца за два дні да з’яўлення ў яго першых сімптомаў хваробы, усяго перыяду катаральных праяўленняў і заканчваецца праз 4 дні пасля з’яўлення сыпу.
КАЛІ ЗАХВАРЭЛІ…
Вы ці ваша дзіця ўсё ж захварэлі. У такім выпадку неабходна:
– тэрмінова звярнуцца за медыцынскай дапамогай (выклікаць дадому ўрача з паліклінікі, а пры цяжкім стане – “Хуткую дапамогу”);
– не наведваць паліклініку самастойна, а дачакацца доктара;
– да прыходу ўрача звесці кантакты са сваякамі і іншымі людзьмі да мінімуму;
– паведаміць медработніку, у якой краіне і ў які перыяд знаходзіліся;
– пры кашлі і чханні закрываць нос і рот хустачкай ці салфеткай, часцей мыць рукі вадой з мылам ці выкарыстоўваць спіртаўтрымліваючыя сродкі для ачысткі рук;
– выкарыстоўваць сродкі абароны органаў дыхання (маску ці марлевую павязку);
– не займацца самалячэннем!
ПРАФІЛАКТЫКА
Рэгулярная вакцынацыя дзяцей ад адру ў спалучэнні з кампаніямі масавай імунізацыі з’яўляюцца асноўнымі кірункамі аховы здароўя. Вакцына супраць адру выкарыстоўваецца ўжо 40 год.
У 2011 годзе ў Беларусі вывучаўся папуляцыйны імунітэт. Абарончы ўзровень антыцел да вірусу адру маюць 91,4 працэнта грамадзян, а гэта дастаткова для кантролю над інфекцыяй. Разам з тым ва ўзроставай групе 20-29 год гэта лічба складае 84,2 працэнта і рызыка ўзнікнення і распаўсюджвання хваробы з’яўляецца даволі высокай.
Міністэрства аховы здароўя настойліва рэкамендуе:
– абавязкова зрабіць прышчэпку дзецям у адпаведнасці з календаром прафілактычнай вакцынацыі ва ўзросце ад 1 да 6 год;
– пры выездзе за мяжу пацікавіцца ў медыкаў, ці ёсць у вас прышчэпка ад адру, а ў выпадку, калі яе няма ці была зроблена толькі адна прышчэпка, прайсці вакцынацыю;
– асобам ва ўзросце 20-29 год невакцынаваным, атрымаўшым адну дозу вакцыны супраць адру ці не маючым звестак аб прышчэпках, абавязкова іх зрабіць.
Іван ДАЎЖУК,
галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Брэсцкай вобласці.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.