“Облик” пад двайным прыцэлам

“Облик” пад двайным прыцэлам

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

БРЭСТ
“Облик” пад двайным прыцэлам
Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй УУС аблвыканкама ўзбудзіла крымінальную справу ў адносінах дырэктара ТАА “Облик” Мікалая Клімука адразу па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі (артыкул 424, частка 3) і ўхіленне ад выплаты крэдыторскай запазычанасці (артыкул 242). Асобнае расследаванне ў межах гэтай крымінальнай справы праводзіць УДФР Камітэта дзяржкантролю па Брэсцкай вобласці.
БРЭСЦКІ РАЁН
На заняткі да ракетчыкаў
На базе 115-га зенітнага ракетнага палка прайшлі выязныя практычныя заняткі для навучэнцаў, якія знаходзяцца на ўнутрышкольным і прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. Школьнікі сустрэліся з кіраўніцтвам палка, паглядзелі відэафільмы “ВПС і войскі ППА” і “Заходні фарпост беларускага неба”, пабывалі на экскурсіі ў музеі гісторыі часці.
БАРАНАВІЧЫ
Электрычка ад’язджае!
Лакаматыўнае дэпо прыняло першую электрычку са Швейцарыі. З Брэста яна прыехала на аўтафурах. У цэху спецыялісты кампаніі “Stadler” паставілі “госцю” на колы. Суперцягнік развівае хуткасць 160 кіламетраў у гадзіну і ўмяшчае 550 пасажыраў. На гэтым тыдні электрычка адправілася ў сталіцу. Плануецца, што яна будзе працаваць на маршруце Мінск-Ждановічы.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Трыкатаж канфіскаваны
Каля вёскі Стайкі затрымана нелегальная партыя імпартнага трыкатажу. Кантрабанду ў машыне 31-гадовага жыхара Жодзіна знайшлі супрацоўнікі дарожна-патрульнай службы “Буг” УУС аблвыканкама сумесна з прадстаўнікамі міжраённага аддзела ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў і пагранічнікамі.
БЯРОЗА
Пад пільным наглядам ДАІ
Супрацоўнікі раённай Дзяржаўтаінспекцыі правялі прафілактычную акцыю “Асцярожна, пешаход!”. Міліцыянеры выступілі з лекцыямі ў школах, дзіцячых садках, а таксама вялі надзвычайна пільны нагляд за дарожным рухам. За гэты час было зафіксавана 80 парушэнняў правілаў.
ГАНЦАВІЧЫ
Зачараваныя “Талакой”
Сёлета працаўнікоў СВК “Адраджэнне” пасля справа-здачнага сходу парадавалі насычанай канцэртнай праграмай госці з райцэнтра – аматарскае аб’яднанне “Талака” (кіраўнікі Ірына і Валерый Марцінкевічы). Салісты Святлана Муха, Кацярына Ісаева, Віктар Багроў, Ірына і Аліна Стральцовы шчодра дарылі жыхарам вёскі Раздзялавічы як народныя песні, так і сучасныя творы, напісаныя мясцовым дуэтам у складзе Аляксея Галаскока і Валерыя Марцінкевіча. Можна сцвярджаць, што колькасць паклоннікаў “Талакі” пасля гэтага выступлення павялічылася амаль на дзве сотні.
ДРАГІЧЫН
Дружыннікі  з Хомска
У фізкультурна-спартыўных мерапрыемствах, прысвечаных 71-й гадавіне ўтварэння раёна і Дню абаронцаў Айчыны, спаборнічалі гарадская і добраахвотныя дружыны пассельвыканкамаў. Народныя дружыннікі высвятлялі адносіны ў настольным тэнісе, плаванні, дартсе, гіравым спорце, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. У агульным заліку першае месца – за камандай ДНД Хомскага сельвыканкама.
ЖАБІНКА
Мова – душа народа
У панядзелак, у Міжнародны дзень роднай мовы, бібліятэка цукровага завода для вучняў СШ №2 і іх бацькоў правяла ўрок “Мова – скарб народа”. Бібліятэкары актыўна прапагандуюць  творы беларускіх аўтараў і, паводле слоў загадчыцы гэтай установы культуры Алены Чыркун, задаволены тым, што з кожным годам усё больш становіцца чытачоў, якія просяць кнігі беларускіх аўтараў на роднай мове.
ІВАНАВА
Зімовы футбол
Завяршыўся розыгрыш зімовага першынства раёна па міні-футболе сярод арганізацый і прадпрыемстваў горада. Удзел у ім прынялі 11 калектываў.  Першае месца заняла зборная каманда КУШВП ЖКГ “Іванаўская ЖКГ”. На другім – прадстаўнікі ТАА “Мотальскія вокны”, на трэцім – футбалісты Іванаўскай ПМК-12.
ІВАЦЭВІЧЫ
З каго браць прыклад?
Названы пераможцы раённага спаборніцтва па выніках работы ў 2010 годзе. Сярод іх – Козіцкі сельвыканкам, адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Івацэвіцкі завод жалезабетонных вырабаў”, “Косаўскае мэблевае вытворчае аб’яднанне”, “Івацэвічдрэў”, “Даманаўскі ВГК”, ПМК-11, СВК “Святая Воля”, “Квасевічы” і “Горталь”, ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”.
КАМЯНЕЦ
У лазню – бясплатна
Прыемны сюрпрыз падрыхтавала жыллёва-камунальная гаспадарка для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, былых непаўналетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія пражываюць у горадзе і раёне.  З нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, а таксама
8 Сакавіка яны могуць бясплатна скарыстацца паслугамі лазні. Для мужчын бясплатнае наведванне будзе арганізавана
27 лютага, для жанчын – 5 сакавіка.
КОБРЫН
Шайбу! Шайбу!
У нядзелю на лядовай арэне ў Кобрыне каманда Прэзідэнта Беларусі абыграла зборную Брэсцкай вобласці з лікам 15:8 і выйшла на першае месца ў турнірнай табліцы папярэдняга этапу Чацвёртых рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Брастаўчане пасля гэтай гульні займаюць трэцяе месца. Сёння нашы землякі сустракаюцца ў Брэсце з камандай Віцебскай вобласці i горада Докшицы.
ЛУНІНЕЦ
Сустрэчы на Палессі
Дырэктар абласнога тэрытарыяльнага фонду дзяржмаёмасці Павел Манько наведаў Лунінеччыну. У райвыканкаме ў чацвер ён правёў прыём грамадзян, а напярэдадні сустрэўся з калектывам РУП “Палеская доследная станцыя меліярацыйнага земляробства і лугаводства”.
ЛЯХАВІЧЫ
Каму – перамога, а каму – стыпендыя…
У чацвер на гарадскім стадыёне “Колас” адбылося незвычайна відовішчнае зімовае свята “Снежны снайпер-2011”.
Яно традыцыйна праходзіць у рамках штогадовай спартакіяды паміж выкладчыкамі і навучэнцамі мясцовага аграрнага каледжа. На гэты раз першае месца па праву заваявала каманда адміністрацыі, другое – аддзялення ветэрынарнай медыцыны, трэцяе – будучыя заатэхнікі. На свяце імянныя стыпендыі райкама прафсаюза АПК уручаны студэнтам Дар’і Пташук і Аляксандру Чабатарэнку.
МАЛАРЫТА
Увайсці ў пяцёрку лепшых
У справаздачным сходзе працаўнікоў ПУП “Савушкіна”, які адбыўся ў чацвер, прыняў удзел старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. Даючы ацэнку работы гаспадаркі, кіраўнік вобласці адзначыў, што паказчыкі тут вышэй у параўнанні з іншымі сельгаспрадпрыемствамі раёна, але яны не тыя, якія павінны быць. А для таго, каб работнікі імкнуліся да выхаду  на больш высокія рубяжы, людзей неабходна зацікавіць у першую чаргу матэрыяльна. Генеральны дырэктар ААТ “Савушкін прадукт” Аляксандр Саўчыц акрэсліў першачарговую задачу: за пяць гадоў увайсці ў пяцёрку лепшых гаспадарак вобласці па надоі малака на карову.
ПІНСК
Сябруюць з творчасцю
Абласны Дом тэхнічнай і мастацкай творчасці навучэнскай моладзі адзначыў сваё 25-годдзе. На яго базе працуе 23 гурткі, у якіх займаюцца больш за 500 навучэнцаў устаноў сістэмы прафтэхадукацыі. Клуб  юных рацыяналізатараў, тэатр моды “Шанс”, народны ансамбль эстраднага танца “Дэжавю”, студыя маладзёжнага танца “Navigator”, лабараторыя “Палескія ўмельцы” – гэтыя і іншыя гурткі даюць магчымасць маладым людзям найлепшым чынам раскрыць свой творчы патэнцыял.
ПІНСКІ РАЁН
Умелая падказка
Шляхі ўдасканальвання інфармацыйна-прапагандысцкай і прафарыентацыйнай работы ва ўстановах адукацыі абмяркоўвалі ўдзельнікі абласнога семінара, які 24-25 лютага праходзіў у раёне. Спецыялісты аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі, метадысты, якія курыруюць выхаваўчую работу, пазнаёміліся з арганізацыяй яе ў Высокаўскай, Пінкавіцкай, Парахонскай, Сошненскай, Купяціцкай, Малоткавіцкай і Аснежыцкай школах.
ПРУЖАНЫ
Аўтографы ў роднай школе
Выхаванка Брэсцкага вучылішча алімпійскага рэзерву Юлія Рыпінская завітала на сустрэчу з настаўнікамі і вучнямі Ружанскай сярэдняй школы. Чэмпіёнка Еўропы 2010 года па цяжкай атлетыцы некалі сама вучылася тут. Тым больш было прыемна Юлі даць аўтографы сваім землякам.
СТОЛІН
Дрывасекі-нелегалы
Пагранічнікі на Століншчыне выявілі факт незаконнай высечкі лесу. Брыгаду з дваццаці чалавек, якія з’яўляюцца жыхарамі суседняй Украіны, заўважылі з верталёта недалёка ад граніцы. Выяўлена каля тысячы спілаваных дрэў, а агульная шкода складае 60 мільёнаў рублёў. Пакуль што вядзецца следства.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Што пасееш, тое пажнеш, або Медалі за працу і за спорт – з аднаго металлу

Следующая запись

Вяршыня Любові Нічыпарук