Вяршыня Любові Нічыпарук
Вышэйшая ступень адзнакі за працу, званне Героя Сацыялістычнай Працы, была заснавана ў СССР у 1938 годзе. Прысвойвалася званне асобам, якія сваёй асаблівай наватарскай дзейнасцю ў галіне прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспарту, гандлю, навуковых адкрыццяў і тэхнічных вынаходніцтваў праявілі выключныя заслугі перад Савецкай дзяржавай, садзейнічалі ўздыму народнай гаспадаркі, навукі, культуры, росту магутнасці і славы СССР.
За 53 гады ў Савецкім Саюзе звання Героя Сацыялістычнай Працы (у 1991 годзе яно была ліквідавана) удастоены 20605 чалавек. Нямала сярод іх і ўраджэнцаў Беларусі і Брэстчыны ў прыватнасці. Найбольш такіх узнагарод на рахунку працаўнікоў сельскай гаспадаркі.
Як склалася жыццё ўладальнікаў залатога медаля “Серп і Молат”? Што хвалюе немаладых ужо людзей? Хто знаходзіцца побач з імі? І ці помніць пра іх улада? На гэтыя пытанні мы паспрабуем даць адказ у серыі артыкулаў пад рубрыкай “Жыццё пасля прызнання”.
Першая сустрэча – з былой даяркай калгаса “Савецкая Беларусь” Камянецкага раёна Любоўю Лук’янаўнай Нічыпарук.
Калі Прэзідэнт Беларусі наведаў калгас “Савецкая Беларусь”, хлеб-соль на ручніку, вышытым сваімі рукамі, падносіла жанчына з зоркай Героя на грудзях
На ферму яна прыйшла ў 1957 годзе. Усяго 9 гадоў спатрэбілася гэтай невысокага росту працавітай жанчыне, каб узняцца на прыступку, да якой некаторыя ідуць усё сваё жыццё. У 1966 годзе імя даяркі калгаса “Савецкая Беларусь” Камянецкага раёна Любові Нічыпарук прагрымела на ўсю краіну. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР аб прысваенні ёй звання Героя Сацыялістычнай Працы апублікавалі ўсе цэнтральныя газеты: “За дасягнутыя поспехі ў развіцці жывёлагадоўлі, павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак мяса, малака, яек, воўны і іншай прадукцыі”, – гаворыцца ў ім.
Тады ж газеты застракацелі яе фотаздымкамі. Журналісты з розных газет і часопісаў хацелі даведацца і расказаць сваім чытачам пра сакрэты поспеху беларускай даяркі. За вопытам ехалі жывёлаводы з розных рэгіёнаў краіны. Хоць ніякай таямніцы ў гэтых дасягненнях не было. Яна, як і яе сяброўкі-даяркі, проста працавала: даглядала сваіх рагуль (разам з калгаснымі ў групе знаходзілася і яе ўласная), старалася ўдосталь накарміць іх, бо з дзяцінства засвоіла народную мудрасць: малако ў каровы на языку.
Для таго, каб папоўніць рацыён жывёлы, па дамоўленасці з кіраўніцтвам калгаса жанчына, акрамя асноўнай сваёй работы, брала на лета 50-70 сотак кармавых буракоў. Вырашчаныя караняплоды ішлі на корм яе групе, што садзейнічала росту надояў.
– Тады так многія рабілі, – успамінае далёкі час Любоў Лук’янаўна. – Раніцай даіла кароў, а днём з матыкай спяшалася ў поле: каб буракі радзілі, іх неабходна палоць. І не адзін раз за лета. Мне муж дапамагаў. І на ферме, і ў полі, і па хатняй гаспадарцы таксама.
…З Дзмітрыем Нічыпаруком, які быў старэйшы за яе на 19 гадоў, жанчына сышлася пасля вайны. Дачку Вольгу ад першага шлюбу (муж Пётр загінуў на вайне) пакінула на нейкі час у сваіх бацькоў, а сама пайшла за ўдаўца на трое дзяцей. Зразумела, няпроста ёй было напачатку. Аднак нічога дрэннага не магла сказаць пра хлопцаў свайго другога мужа (старэйшы на той час быў не на многа маладзейшым за яе саму): працавітыя, паважлівыя. Дапамагалі па гаспадарцы. І дачку яе прынялі як родную. Вольга Пятроўна, якая цяпер жыве з маці, успамінала падчас сустрэчы, як меншыя сыны Дзмітрыя Паўлавіча, узяўшы яе за рукі, гулялі па вясковай вуліцы і гаварылі ўсім сустрэчным, што гэта іх малодшая сястра. А Любоў на правах гаспадыні дома пякла на вялікую сям’ю хлеб, абшывала дзяцей і мужа, займалася хатнімі справамі і… працавала на ферме. Малако ад уласнай каровы, за выключэннем 2-3 літраў, якія іншым часам прыносіла дамоў, таксама ішло ў агульны залік.
З прысваеннем звання Героя Сацыялістычнай Працы жыццё Любові Нічыпарук змянілася. Нягледзячы на тое, што яна па-ранейшаму штодзень раніцай і вечарам спяшалася да сваіх рагуль, жанчыне давялося стаць яшчэ і публічным чалавекам: удзельнічаць у сходах, сядзець у прэзідыумах, між іншым – з вядомымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі. Чатыры гады яна з’яўлялася дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, які прымаў рашэнні па важнейшых пытаннях дзяржаўнага, гаспадарчага і сацыяльна-культурнага будаўніцтва, вызначаў асноўныя накірункі знешняй палітыкі, ажыццяўляў вышэйшы кантроль за дзейнасцю дзяржаўнага апарату. Ужо сам факт удзелу звычайнай вясковай жанчыны ў рабоце вышэйшага органа дзяржаўнай улады краіны гаворыць пра тое, на якую вяршыню ўзнялася Любоў Нічыпарук.
Перадавая даярка штогод заахвочвалася пуцёўкамі ў санаторыі ці дамы адпачынку. Сочы, Друскінінкай, Місхор, Нарач… Для жанчыны гэта не проста вядомыя кропкі на карце, – а яшчэ цікавыя экскурсіі, знаёмства з мясцовымі традыцыямі і новыя сябры.
Зараз Любоў Лук’янаўна і не ўспомніць усе тыя паездкі і сустрэчы. У 1978 годзе яна пайшла на пенсію, жыццё яе стала больш спакойным і размераным. Здавалася, можна было адысці ад усіх спраў і займацца хатняй гаспадаркай, унукамі. Але яна не магла сядзець дома. Таму пэўны час яшчэ працавала ў калгасе. Калі ж у Расна пачалося будаўніцтва царквы, якое фінансавала гаспадарка, актыўна ўдзельнічала ў яе ўзвядзенні: варыла смалу, выконвала падсобныя работы. І нават брыгадзірам будаўнікоў была.
А пасля рупілася ў храме: адчыняла яго перад пачаткам службы і зачыняла пасля яе заканчэння, сачыла за парадкам. Дапамагала царкве грашыма, дарыла іконы, а таксама больш за дзесяць вышытых сваімі рукамі яшчэ ў маладосці ручнікоў. Той перыяд жыцця Героя Сацыялістычнай Працы таксама адзначаны ўзнагародай, якой жанчына вельмі даражыць і трымае дома на самым пачэсным месцы. Гэта Грамата Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта за руплівую працу ў славу Царквы Хрыстовай. Яна была ўручана жанчыне ў 2002 годзе. З гэтай нагоды дачка Любові Лук’янаўны расказала пра адзін выпадак саракагадовай даўнасці:
– Неяк у нас заначаваў адзін начальнік. Госця мама паклала спаць на самае ганаровае месца ў доме – на ложак пад іконай. Ён гэта, зразумела, заўважыў, але бацькам нічога не сказаў. А ў старшыні калгаса Уладзіміра Бядулі назаўтра запытаў: маўляў, як гэта ў вашага члена партыі (у Кампартыю жанчына ўступіла яшчэ ў 1964 годзе) у хаце вісіць ікона? Уладзімір Лявонцьевіч выклікаў маму для размовы. Тады з гэтым было строга. За маму заступіўся бацька, які сказаў, што ікону ў хаце павесіў ён і зняць яе нікому не дазволіць.
Жыццё Любові Лук’янаўны яшчэ да нядаўняга часу было багатае на розныя падзеі і сустрэчы. Паважаную жанчыну заўсёды запрашалі на розныя ўрачыстасці мясцовага і раённага ўзроўняў. Сама яна пабывала на экскурсіях у Жыровіцкім манастыры, у Пачаеве. І, што адметна, хлебам-соллю сустракала Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку падчас яго прыезду ў Расна. Момант той зафіксаваны на фотаздымку, які захоўваецца ў сямейным архіве.
– Ручнік, на якім я падносіла хлеб-соль Прэзідэнту, таксама сама вышывала, – патлумачыла жанчына, паказваючы фатаграфію. – Дзякуй Богу, улада не забывае. Перад Днём Перамогі старшыня райвыканкама прыязджаў, медаль прывёз…
У апошнія два гады пажылая жанчына амаль не выходзіць на вуліцу: ногі не хочуць хадзіць. Гэта засмучае, бо яна не можа схадзіць у царкву. Калі ж служба праходзіць ноччу, як бывае на Вялікдзень ці Каляды, усю ноч сядзіць на канапе: маўляў, як гэта я буду спаць, калі ў храме служаць? Сябровак, з якімі яшчэ дзясятак гадоў таму сустракаліся, амаль няма. А ёй так не хапае тых зносін! Таму задавольваецца кампаніяй дачкі, таксама фельчара Васіля Місніка і яго жонкі Ніны, суседкі Людмілы Калінчык і яе сына Юрыя, якія заўсёды праведваюць яе і пры неабходнасці дапамагаюць. Не забываюць пра бабулю, якой 12 красавіка споўніцца 88 гадоў, і ўнукі – дарэчы, іх называла Юрыямі ў гонар Юрыя Гагарына, які ў дзень яе нараджэння ажыццявіў першы палёт у космас. З захапленнем чытае духоўную літаратуру. На табурэтцы побач з канапай і на стале – накрытыя ручнікамі Біблія, Евангелле, малітвеннік і акуляры. Другой яе слабасцю з’яўляюцца хатнія кветкі.
– У маладосці не любіла, – прызнаецца Любоў Лук’янаўна, – а на старасць – вось, – паказвае на вазоны, што размясціліся на падаконніку аднапакаёвай кватэры, якую выдзеліў Уладзімір Бядуля, калі ў жанчыны ўзніклі праблемы са здароўем.
Я ж гляджу не на акно, куды паказвае Любоў Лук’янаўна, а на яе рукі. Напрацаваныя, са скурчанымі пальцамі, яны ўжо не тыя, што былі чатыры дзясяткі гадоў таму. Няма ў іх, на жаль, той моцы, якая дазваляла выконваць шмат сялянскай работы. І вочы пацьмянелі, ды засталася ў іх спагада і дабрыня. А час ад часу пачынаюць зіхацець у іх гарэзлівыя агеньчыкі: “Мне здаецца, што я яшчэ і не жыла…”
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Камянецкі раён.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.