Беларусь

Што пасееш, тое пажнеш, або Медалі за працу і за спорт – з аднаго металлу


Магчыма, нехта з чытачоў, глянуўшы на гэты незімовы загаловак, падумае: прычым тут сяўба і жніво, прычым – медалі, калі за вокнамі лютуюць маразы? А ўсё проста: хоць на чарговым пасяджэнні аблвыканкама, якое адбылося 21 лютага, разглядаліся розныя па тэматыцы пытанні, ды толькі многае іх яднала. Згадзіцеся, вынікі любой справы, як правіла, залежаць ад падыходаў у яе вырашэнні, ад сістэмнасці і прынцыповасці ў нашай рабоце. Таму менавіта на чалавечым фактары, на аналізе стану спраў і прычынах, якія перашка-джаюць дасягаць большага ў любой галіне народнай гаспадаркі, і была сканцэнтравана ўвага кіраўніцтва вобласці.
Прыступаючы да разгляду першага пытання – аб падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый вобласці да вясенне-палявых работ, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю 2011 года, – старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар заўважыў, што яго варта абмяркоўваць цераз прызму выканання асноўных прагнозных паказчыкаў. У цэлым, па словах губернатара, работа з пачатку года можа задавальняць. Але ён звярнуў увагу на недапрацоўку прадпрыемстваў рэспубліканскай формы ўласнасці ў прыцягненні і асваенні інвестыцый – таму імі “трэба займацца больш прадметна”. “Многія кіраўнікі не зважаюць на эфектыўнасць работы ў разрэзе кожнага прадпрыемства, – сказаў Канстанцін Андрэевіч. – А ўжо па студзеньскіх выніках трэба было прааналізаваць і скаардынаваць далейшую работу з працоўнымі калектывамі”.
Начальнік аблсельгасхарчу Сцяпан Радкавец праінфармаваў прысутных, як рыхтуюцца сельгасарганізацыі да вясенне-палявых работ і ўборкі ўраджаю. Пасеяна 255,4 тысячы гектараў азімых зернявых культур, на пачатак лютага нарыхтавана звыш 6,4 мільёна тон арганічных угнаенняў і больш за 120 тысяч тон мінеральных, паўсюдна рамантуецца тэхніка, ідзе камплектацыя механізатарскімі кадрамі, чакае свайго часу загадзя падрыхтаванае насенне яравых збожжавых, бульбы, лёну, іншых культур…
Памочніка Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галоўнага інспектара па Брэсцкай вобласці Уладзіміра Пузырэўскага цікавіў стан азімых культур на сённяшні дзень, якія, па словах выступоўцы, былі пасеяны ў аптымальныя тэрміны – з 5 верасня па 25-е. Пытанне ўзнікла невыпадкова. На думку Канстанціна Сумара, варта прытрымлівацца аптымальных тэрмінаў сяўбы, але іх трэба карэкціраваць у рамках пэўнага рэгіёна з улікам змяненняў клімату. “Спецыялісты павінны дакладна ўсведамляць, калі сеяць восенню, а калі – вясной”, – перакананы кіраўнік вобласці.
А што тычыцца ўвогуле пытання падрыхтоўкі да вясенне-палявых работ, нарыхтоўкі кармоў і ўборкі ўраджаю, дык яно, зазначыў Канстанцін Сумар, разглядаецца ў парадку кантролю. “Варта няўхільна выконваць усё запланаванае, – запатрабаваў старшыня аблвыканкама. – Мітынгаў на гэтую тэматыку праводзіць не будзем – трэба працаваць”.
Аб ходзе выканання рашэння абл-выканкама ад 5 чэрвеня 2009 года №433 “Аб падрыхтоўцы спартсменаў Брэсцкай вобласці да ХХХ летніх Алімпійскіх гульняў і XIV Паралімпійскіх гульняў 2012 года ў г. Лондане (Вялікабрытанія)” і рабоце спецыялізаваных навучальна-спартыўных устаноў па фарміраванні спартыўнага рэзерву далажыў удзельнікам пасяджэння начальнік абласнога ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мікалай Хевук. Лічбы, якія прагучалі з яго вуснаў, і сапраўды ўражваюць. З 1 ліпеня 2009-га брэсцкія спартсмены на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах заваявалі 81 медаль, з іх 29 – залатых, 22 – сярэбраныя і 30 – бронзавых. Падрыхтавана 27 майстроў спорту міжнароднага класа, 160 майстроў спорту Рэспублікі Беларусь. На чэмпіянатах краіны па алімпійскіх відах спорту брастаўчане выйгралі 337 медалёў (133 залатыя, 108 сярэбраных і 96 бронзавых). Па паралімпійскіх відах спорту на афіцыйных міжнародных спаборніцтвах здабыта 4 медалі: па 2 сярэбраныя і бронзавыя. А ў спісы нацыянальных і зборных каманд Беларусі сёлета залічана 469 спартсменаў вобласці. 54 спартсмены (30 – з Брэста, 10 – з Пінска, 4 – з Баранавіч, па 2 – з Кобрынскага, Лунінецкага, Пружанскага і Столінскага раёнаў, па 1-м – з Ганцавіцкага і Маларыцкага) па 15 відах спорту з’яўляюцца кандыдатамі на ўдзел у Алімпійскіх гульнях. 4 – 5 алімпійскіх медалёў – рэальная заяўка для спартсменаў Брэстчыны, лічыць Мікалай Хевук…
Зайшла размова і пра стварэнне спецыялізаваных класаў па спорце. Пакуль жа іх толькі 12. Між тым, для арганізацыі і функцыянавання падобнага класа патрабуюцца не такія і вялікія сродкі – каля 18 мільёнаў рублёў. Ды справа не столькі ў грошах, колькі, па меркаванні кіраўніка Брэстчыны Канстанціна Сумара, у адборы таленавітых дзяцей. “А для гэтага трэнерам трэба выязджаць у раёны і вызначаць, дзе павінны стварацца спецыялізаваныя класы. Без гэтай персанальнай, канкрэтнай работы не абысціся, – лічыць губернатар. – І калі набіраецца 12 дзяцей ці больш, трэба адкрываць клас…”
Канстанцін Сумар таксама завастрыў увагу прысутных на занятасці і запатрабаванасці людзей, якія пакінулі вялікі спорт, і асабліва – на падрыхтоўцы сваіх спартсменаў, каб потым не набіраць у каманды так званых “варагаў”. Разглядаючы вышэй азначанае пытанне, кіраўнік вобласці падкрэсліў: абмяркоўваецца пытанне масавага развіцця спорту. Бо чым больш будзе ўцягнута моладзі – тым лягчэй выбіраць кандыдатаў для ўдзелу ў розных міжнародных спаборніцтвах. Канстанцін Сумар не сумняваецца: алімпійскі спорт залежыць ад развіцця масавага спорту.
Міністр спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Алег Качан падзякаваў Канстанціну Сумару “за глыбокі падыход і разуменне пытання, вынесенага для абмеркавання”. Ён узгадаў народную мудрасць: што пасееш, тое пажнеш. Яна прыйшла на памяць у час разгляду першых двух пытанняў – сельскай тэматыкі і спартыўнай. Відавочна: народу патрэбны і хлеб, і відовішчы. Так што невыпадкова медаль за працу, як і за спорт, льюць з аднаго металу, заўважыў сталічны госць. Ён падтрымаў губернатара ў тым, што трэба ў рэгіёнах актыўней шукаць спартыўныя таленты, неабходна развіваць гульнявыя віды спорту цераз клубы, выпрацоўваць дыферэнцаваны падыход пры стварэнні спецкласаў… Па ацэнцы міністра, спартыўная Брэстчына знаходзіцца наперадзе краіны, пра што яскрава сведчаць шматлікія міжнародныя спаборніцтвы і іх вынікі.
“Ды толькі спорт дзеля спорту не патрэбны, – падагульніў Канстанцін Сумар. – Неабходна, каб менавіта нашы выхаванцы, ураджэнцы Брэстчыны, займалі прызавыя месцы…” Але ў гэтым кірунку пакуль выкарыстоўваюцца не ўсе рэзервы. Мікалаю Хевуку аб’яўлена вымова. “Працаваць можа, – мовіў губернатар. – Але трэба пазбаўляцца бессістэмнасці, мяняць падыходы да работы, дакладна каардынаваць дзейнасць…”
Пры разглядзе пытання “Аб выкананні Праграмы развіцця і падтрымкі ўласных дапаможных гаспадарак у Брэсцкай вобласці на 2006-2010 гады, зацверджанай рашэннем абласнога Савета дэпутатаў ад 7 ліпеня 2006 года №251” Канстанцін Сумар указаў кіраўнікам рэгіёнаў: “Трэба ў першую чаргу загрузіць сябе і тых, хто за гэта ў адказе”.
Абмяркоўваючы вынікі работы Брэсцкай тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2010 годзе і задачах на 2011-ы, удзельнікі пасяджэння не маглі не разумець: забеспячэнне бяспекі людскога жыцця – справа штодзённая і агульная, таму тут другасных мерапрыемстваў не павінна быць. Калі дзесьці становішча з цягам часу можна выправіць, дык абарванае, загубленае жыццё чалавека немагчыма аднавіць.
Апошнім было разгледжана прадстаўленне пракуратуры Брэсцкай вобласці ад 12 студзеня сёлетняга года “Аб ухіленні парушэнняў патрабаванняў Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 3 лютага 2006 года №70 “Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустых і драхлых дамоў з гаспадарчымі і іншымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці”. Вывад быў адназначным: дзеля навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання тэрыторыі работа не павінна спыняцца. “Зямля – гэта багацце, якім трэба карыстацца”, – перакананы Канстанцін Сумар. А ўжо ад нас, людзей, залежыць, як гэта зрабіць, якой будзе аддача. І сапраўды: што пасееш, тое пажнеш – як на сельскагаспадарчых палетках, так і на культурнай ніве, на спартыўных і прамысловых пляцоўках…
Галіна МАЗІНА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля