Пачаўся сезон асенніх кірмашоў
Камянец
Дзед Мароз будуе карчму
У знакамітай сядзібе Дзеда Мароза хутка з’явіцца карчма, дзе наведвальнікаў будуць частаваць смачнымі стравамі прама з печы. Пашырэнне турыстычных магчымасцей дазволіла Нацыянальнаму парку стаць яшчэ больш прывабным месцам адпачынку. Летась Белавежскую пушчу наведалі амаль 250 тысяч чалавек. Сёлета да верасня наведвальнікаў ужо на 65 тысяч больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Турыстаў па-ранейшаму прывабліваюць ціхія прагулкі па лясных сцежках і сустрэчы з дзікімі жывёламі.
Кобрын
Зручна і экалагічна
Яшчэ адна каналізацыйна-помпавая станцыя ўведзена ў эксплуатацыю ў райцэнтры. Гэта дало магчымасць падключыць да цэнтральнай гарадской каналізацыі жылыя дамы па вуліцы Бялінскага і завулку Кляновым. Усяго ж за апошнія пяць гадоў у горадзе пракладзена 20,6 кіламетра каналізацыйных сетак, і цяпер забяспечанасць насельніцтва Кобрына гаспадарча-бытавой каналізацыяй складае 88,1 працэнта.
Лунінец
Тэлесігнал без перашкод
У хуткім часе раён выйдзе з зоны няпэўнага тэлесігналу. Для пераводу на лічбавае вяшчанне распачата рэканструкцыя тэлевышкі з рэтранслятарам у вёсцы Сінкевічы. Работы праводзяць спецыялісты Беларускага тэлевізійнага перадаючага цэнтра. Завершыцца рэканструкцыя ў канцы верасня, а ў пачатку кастрычніка жыхары раёна змогуць глядзець без перашкод 8 тэлепраграм.
Ляхавічы
Рыначны глянец
Спачатку раённы савет прадпрымальнікаў сумесна з райспажыўтаварыствам распрацаваў план рэканструкцыі гарадскога рынка, а цяпер прыступіў да яго ажыццяўлення. Пабудаваны 4 рады гандлёвых ралетаў, злучаных дахам. На чарзе – рады для гандлю прадукцыяй з уласных падворкаў, месцы для гандлёвых палатак, добраўпарадкаванне рыначный тэрыторыі. Плануецца, што да канца верасня ўсе работы будуць закончаны, і пакупнікі ацэняць падарунак, зроблены ім прадпрымальнікамі і райспажыўтаварыствам.
Маларыта
Сямейныя спаборніцтвы
Заўтра ў аграгарадку Лукава пройдзе заключны этап раённага сямейнага спаборніцтва “Дом з вялікай літары”, арганізаванага ў межах рэспубліканскага праекта “Уладар сяла”. У конкурснай праграме ўдзельнічаюць сем маладых сямей з розных вёсак раёна. На працягу гэтага тыдня яны паспрабавалі ўжо сілы ў першым этапе спаборніцтва, паказалі свае падворкі ў конкурсах “І лічбай, і навыкам” і “Наш утульны чысты дом”. Заўтра для вызначэння лепшай сям’і раёна ўдзельнікі пройдуць яшчэ 7 іспытаў.
Пінск
Без аўтамабіля? Едзь бясплатна!
Міжнародную акцыю “Дзень без аўтамабіля”, якая ва ўсім свеце прайшла 22 верасня, акрамя брастаўчан падтрымала і адкрытае акцыянернае таварыства “Пінскі аўтобусны парк”. У сераду ў гарадскім транспарце маглі праехаць бясплатна пасажыры, якія паказвалі вадзіцельскае пасведчанне. Пакінуўшы асабістыя аўтамабілі “на прыколе”, яны такім чынам падтрымалі ідэю барацьбы за чысціню паветра і зніжэння шкодных выкідаў у атмасферу.
Пінскі раён
Пажарная бяспека
У чацвер дэпутаты раённага Савета правялі чарговую сесію на выездзе. Асноўным пытаннем парадку дня стала вывучэнне стану пажарнай бяспекі і вызначэнне задач органаў мясцовай улады і тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па выкананні патрабаванняў Дырэктывы №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дэпутаты агледзелі шэраг аб’ектаў у вёсцы Малоткавічы – Пінскую зверагаспадарку, амбулаторыю, філіял інфекцыйнай бальніцы, дапаможную школу-інтэрнат, сярэднюю школу, а таксама наведалі дом сямейнага тыпу.
Пружаны
Да нас едуць байкеры!
Члены байк-клуба з Брэста і BMW–клуба “Брэсцкі рэгіён” па традыцыі наведалі сацыяльна-педагагічны цэнтр з сацыяльным прытулкам у пасёлку Сонечны. Байкеры парадавалі выхаванцаў прытулку падарункамі, у тым ліку і салодкімі прысмакамі. Шмат радасці даставіла дзецям катанне на матацыклах і машынах. Шэфы арганізавалі незабыўную экскурсію ў Брэсцкую крэпасць.
Столін
“Паклікалі” перамогу
За ўдзел у фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, які прайшоў у мінулыя выхадныя на Гомельшчыне, раён атрымаў узнагароду – дыплом III ступені і DVD-прайгравальнік. Экспазіцыя Століншчыны выклікала цікавасць і ў журы, і ў іншых удзельнікаў фэсту. З дыпломамі дамоў вярнуліся таксама ансамблі “Ярок” і “Выцінанка”. За сваё майстэрства былі адзначаны шэраг народных умельцаў раёна.
Брэст
Асеннія кірмашы
Сёння ў абласным цэнтры пачынаецца сезон асенніх кірмашоў, на якіх будзе арганізаваны пашыраны продаж бульбы, агародніны і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі. Упраўленне гандлю і паслуг гарвыканкама вызначыла тры асноўныя месцы для іх правядзення: вул. Гогаля; вул. Маскоўская, 328 і
вул. Сяброўская, 61/1. Час работы – з 9 да 16 гадзін. Пашыраны продаж плодаагародніннай прадукцыі па гэтых адрасах пройдзе таксама 2 і 9 кастрычніка. А 16 кастрычніка кірмашы будуць арганізаваны яшчэ і ў дадатковых месцах: вул. Адамкоўская, 44; вул. Дуброўская, 13/1; вул. Крупскай, 16; вул. Валгаградская, 19; вул. Жукава, 2; вул. Машэнскага, 82 і вул. Стафеева, 33.
Брэсцкі раён
“Благавест” – на сцэнах Літвы
Народны мужчынскі ансамбль “Благавест” Чарнаўчыцкага СДК разам са старшынёй мясцовага сельгаскааператыва Іванам Бурдой напрыканцы мінулага тыдня пабывалі ў Вісагінасе і Вільнюсе. Падчас паездкі ў Літву самадзейныя артысты з Прыбужжа прынялі ўдзел у 15-м фестывалі беларускай песні, фестывалі нацыянальных культур “Рудэнініс” і ў адкрыцці мемарыяльнай дошкі беларускаму паэту Францішку Багушэвічу ў Вільнюсе.
Баранавічы
З прыцэлам на Алімпіяду
На ААТ “Гандальмаш” адкрылі спартыўны стралковы цір. Першы трапны стрэл зрабіў дырэктар Аляксандр Раткевіч. Цяпер кожны супрацоўнік прадпрыемства мае магчымасць бясплатна практывацца ў алімпійскім відзе спорту – стральбе. Новы аб’ект вельмі папулярны сярод работнікаў, і многія ўжо паказваюць добрыя вынікі.
Баранавіцкі раён
Навінкі з бібліятэкі
У цэнтральнай раённай бібліятэцы, што ў вёсцы Новая Мыш, адкрылася незвычайная выстава пад назвай “Гады мінаюць –
кнігі застаюцца”. Тут дэманструюцца кнігі, якія дарылі ўдзячныя чытачы, ёсць нават выданні 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Супрацоўнікі бібліятэкі знаёмяць наведвальнікаў з фондамі ўстановы і расказваюць пра яшчэ адну навінку – асабісты сайт бібліятэкараў раёна.
Бяроза
“Касметыка” для завода
Прыемным сюрпрызам для гараджан сталі змяненні ў выглядзе маторарамонтнага завода. Яго работнікі актыўна заняліся добраўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі. Акрамя традыцыйнага азелянення, тут пакладзена асфальтавае пакрыццё, плітка, усталяваны бардзюр і пафарбаваны будынкі на заводскай тэрыторыі.
Ганцавічы
Пабачыць на свае вочы
23 верасня адбылася чарговая сесія раённага Савета дэпутатаў. Народныя выбраннікі абмеркавалі работу органаў кіравання і самакіравання, РЦГіЭ, РЖКГ, землеўпарадкавальнай службы раёна, лясгаса, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па добраўпарадкаванні вёсак. А для гэтага ўдзельнікі сесіі выехалі ў Люсінскі і Малькавіцкі сельсаветы. Яны ўвачавідкі пераканаліся: належны санітарны стан населеных пунктаў становіцца нормай вясковага жыцця.
Драгічын
Ушанаваная ікона
Сёння ў вёсцы Зарэчкі Папінскага сельсавета адбудзецца асвяшчэнне храма-капліцы ў гонар ушанаванай мясцовай іконы Казанскай Божай Маці. Яе пабудавалі за два гады. На гэтым месцы раней стаяў дом, у якім у 1936 годзе здарыўся цуд – абнавілася сямейная ікона. Цудатворны абраз пакуль знаходзіцца ў царкве вёскі Ляхавічы.
Жабінка
Супер-камбайн: і хутка, і якасна
У кабіне гэтай сучаснай машыны – сістэма “клімат-кантроль”, бартавы камп’ютар, на экране якога вадзіцель сочыць за ўсім тэхналагічным працэсам ад зрэзкі бацвіння да загрузкі караняплодаў у транспартны сродак… Новы сучасны нямецкі супер-камбайн атрымаў механізатар СВК “Маціевічы” Алег Партны. Дзённая выпрацоўка буракаўборачнага камбайна складае 20 гектараў. Гэта – першы такі камбайн у раёне і трэці ў вобласці.
Іванава
Прынята да ведама
23 верасня прайшла традыцыйная сустрэча-семінар кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія былі накіраваны на работу на Іванаўшчыну летась і ўжо адпрацавалі год. Былі выслуханы ўражанні і пажаданні маладых. Лепшых юнакоў і дзяўчат, якія за непрацяглы час добра зарэкамендавалі сябе на вытворчасці і ў грамадскім жыцці, адзначылі Падзячнымі лістамі райвыканкама.
Івацэвічы
Матацыклы – на старт!
Сёння на базе Івацэвіцкай аўташколы ДТСААФ праходзяць абласныя спаборніцтвы па фігурным скорасным ваджэнні спартыўных матацыклаў. На аўтадроме ўдзельнікаў чакаюць 12 элементаў-перашкод, якія ім неабходна пераадолець. Абласны савет ДТСААФ падрыхтаваў пераможцам прыемныя падарункі, а таксама кубкі і дыпломы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.