Беларусь

Вераснёвыя матывы


Верас цвіце
Цвіце верас, стаіць ва ўсёй сваёй прыгажосці. На фоне пабляклай лясной квецені і парыжэлай травы ці то ў светлых барах, ці то ў бярозавых гаях – усюды, дзе яшчэ нядаўна зелянелі верасковыя полагі, успыхнуў бэзавы пажар.
Дзіўны кілім верасу духмяніць прыемным пахам гаючага нектару. Мо, таму над ліловымі лапікамі бясконца снуюць чмялі, пчолы, матылькі. Мядовы пах, дружная музыка чмялёў ды пчол і цвыркат конікаў вабяць у лясныя шаты. А бэзавая кіпень верасу надае непаўторную красу восеньскаму лесу.
Сойчыны клопаты
Верасень – самы клапатлівы месяц восені. Усе кудысьці спяшаюцца, чымсьці занепакоены. Працоўны люд шчыруе на палях, у агародах ды на сенажацях. Шмат якія звяры і звяркі рыхтуюць свае “кватэры” да зімы. Пералётныя птушкі – адны неўпрыкметку, другія дэманстратыўна – гурт за гуртам адлятаюць у далёкі вырай. Нават зімуючыя птушкі і то сталі больш занепакоеныя, узбуджаныя. Асабліва сойкі. Можа, не менш клопатаў маюць, чым людзі: ладзяць запасы на зіму. Крычаць, мітусяцца. Дзе які жолуд, дзе які арэх, нясуць у дзюбах, хаваюць, куды можна: у шчыліны і дуплы дрэў, пад пні і карэнні, у стагі сена і саломы. Калі б падлічыў іх прыпасы – кожная цэлую торбу прыхоўвае.
А колькі схаванага да вясны не знойдуць! І калі не з’ядуць мышы – прарастуць, дрэўцамі стануць. Гляньце на лясны палесак: колькі маладзенькіх дубкоў, арэшнікаў з’явілася – гэта сойчыны саджанцы, вынік асенніх турбот і клопатаў.
Пуховая рукавічка
Вечарэла, і ў бок вёскі ішлі і ехалі людзі: хто з поля, хто з сенакосу, хто з рыбалкі. А дзед Валодзя на веласіпедзе вёз адну-адзіную шэранькую рукавічку. Убачыўшы на маім твары здзіўленне, спыніўся:
– Ва ўнучкі горла забалела. Адны кажуць – зоб, другія – шчытападобка, дык я рэмезава гняздо дастаў. Вось аблазіў каля Ажынскага возера лазнякі і знайшоў. Над самай вадой вісела.
Ды я і сам успомніў: калі ў дзяцінстве хварэў на свінку – гняздо рэмеза ратавала. Прыкладзеш яго да горла, абвяжаш шалікам – бы сем баб адшэпча.
Невялікая птушачка рэмез – сініца – робіць гняздо выключна з вярбовага пуху. Умела ўвівае яго на вісячай вярбовай ці лазовай галінцы. Цёплае, пульхнае, з лятком (іншы раз – з двума) у баку, нават у дождж не прамакае.
А лекавую сілу, відаць, мае вярбовы пух…
Сцяпан НЕФІДОВІЧ,
в. Любань Лунінецкага раёна

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля