Першы “блін”. На траве
Брэст
Першы “блін”. На траве
Брэсцкі “Будаўнік” упершыню ў гісторыі беларускага хакея на траве гуляў у мінулыя выхадныя ў Еўралізе. Вядучыя каманды еўрапейскага клубнага летняга хакея сустракаліся ў Іспаніі. На жаль, першы “блін” аказаўся… камяком. Брастаўчане саступілі з буйным лікам 2:7 “Рэдзінгу” і 0:12 “Блюмендалю” і выбылі з элітнага турніру.
Брэсцкі раён
На кубак “Белай Русі”
У мінулую суботу ў аграгарадку Тамашоўка адбылася міжгаліновая спартакіяда прафсаюзаў на кубак раённай арганізацыі “Белая Русь”. Званне мацнейшай у самых папулярных відах спорту аспрэчвалі восем каманд. Уладальнікам кубка і грашовай прэміі ў памеры 250 тысяч рублёў стала каманда прафсаюза работнікаў АПК. Другое месца – за камандай прафсаюза адукацыі і навукі. А прадстаўнікі прафсаюза работнікаў культуры занялі трэцяе месца.
Барнавічы
Новая Савецкая
Учора быў адкрыты рух па адрэканструяванай вуліцы Савецкай. Дарожнікі ажыццявілі ўнікальны праект па стварэнні брусчатай маставой, стылізаванай пад даўніну. Для бяспекі жыхароў тры пешаходныя пераходы выкладзены рознакаляровай тратуарнай пліткай. Рабочыя працягваюць работу на пешаходнай зоне.
Баранавіцкі раён
‘Чароўны край
У свет выйшаў фільм “Баранавіцкія прысвячэнні” з цыкла “Зямля беларуская” на Першым нацыянальным тэлеканале. Здымкі праходзілі ў Тугановіцкім парку, на хутары Завоссе. Фільм прысвечаны чароўнаму краю, радзіме Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі, Андрэя Рымшы.
Бяроза
Пад’езд – адно заглядзенне!
КУЖЭП “Бярозажылсэрвіс” сумесна з аддзеламі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і ідэалагічнай работы райвыканкама падвялі вынікі конкурсу “Лепшы пад’езд”. Журы ацэньвала афармленне пад’ездаў шматпавярховых дамоў райцэнтра. Пераможцамі сталі жыхары першага пад’езда дома №13 на вуліцы Леніна.
Ганцавічы
Выставы на колах
Учора аўтаклуб аддзела культуры пабываў у маланаселеных вёсках Новых Агарэвічах, Калоніі, Дубняках і Перадзеле. Культработнікі паказалі вяскоўцам дзве выставы. Адну – ікон –
пад назвай “Святы лік скрозь вякі” падрыхтаваў раённы краязнаўчы музей. Другую выставу традыцыйнага касцюма, ручніка і карункапляцення Дома рамёстваў “Зберагаючы самабытнасць” склалі работы Ніны Казак, Яўгеніі Станкевіч і Вольгі Панінай.
Драгічын
Новы адрас суддзяў
Учора ў райцэнтры ўрачыста адкрыты новы будынак суда, які ўзведзены па вуліцы Карла Маркса, 5а. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар, кіраўніцтва Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь і Міністэрства юстыцыі краіны.
Жабінка
Дарогу – маладым спецыялістам
Сёлета ў раён прыехалі на працу 70 маладых спецыялістаў самых розных прафесій. Каля паловы з іх – ураджэнцы Жабінкаўшчыны. У сераду адбылася сустрэча гэтых юнакоў і дзяўчат са старшынёй райвыканкама Мікалаем Токарам, на якой ішла гаворка пра сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна. Удзельнікі сустрэчы наведалі спарткомплекс “Ба-дзёрасць”, а малады інжынер-тэхнолаг цукровага завода Аліна Дабравольская правяла экскурсію па сваім прадпрыемстве.
Іванава
Лепш адзін раз пабачыць…
Слухачы факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь у аўторак пабывалі на Іванаўшчыне. Яны сустрэліся са старшынёй райвыканкама Юрыем Бісуном і кіраўніком раённага Савета дэпутатаў Святланай Маісейчык, наведалі Мотальскі і Псышчаўскі сельсаветы. Гасцей цікавіла работа органаў улады па развіцці мясцовага кіравання і самакіравання, турыстычнай галіны, забеспячэнні якаснага вырашэння надзённых патрэб насельніцтва.
Івацэвічы
“Прыстань” ля возера
Яшчэ адзін аб’ект прыдарожнага сэрвісу адкрылі ў раёне. Каля трасы Брэст – Масква паблізу возера Яглевіцкае з’явілася кафэ-гасцініца “Прыстань”. Трохпавярховы будынак вылучаецца арыгінальнай архітэктурай. Радуе і ўнутраны інтэр’ер, у якім прыемна будзе адпачыць і набрацца сіл, каб прадоўжыць паездку.
Камянец
А выручку – у прытулак!
Днямі ў Свішчоўскай сярэдняй школе адбыўся восеньскі кірмаш, на якім можна было набыць кандытарскія вырабы, прыгатаваныя вучнямі 5-11 класаў і іх бацькамі, паўдзельнічаць у конкурсах і латарэі. Мерапрыемства прайшло весела і цікава. А ўтаргаваныя за дамашнюю выпечку грошы школьнікі вырашылі перадаць у Пелішчанскі сацыяльны прытулак.
Кобрын
Конкурс музеяў
Завяршыўся раённы этап рэспубліканскага агляду-конкурсу этнаграфічных музеяў і музейных пакояў устаноў адукацыі. Пераможцамі яго прызнаны гісторыка-краязнаўчы музей Гарадзецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы і этнаграфічны музей САШ №3 г. Кобрына. На другім месцы – краязнаўчыя музеі САШ №7 г. Кобрына і Дзівінскай СШ, на трэцім – гісторыка-краязнаўчы музей Імянінскай СШ і краязнаўчыя музеі Балоцкай БШ і Рынкаўскай СШ. Пераможцы будуць абараняць гонар раёна на абласным этапе конкурсу.
Лунінец
Дзіцячыя свавольствы
ледзь не загубілі… цялят
138 цялят, а таксама матэрыяльныя каштоўнасці на суму 100 мільёнаў рублёў удалося ўратаваць падчас пажару на малочна-таварнай ферме ў вёсцы Вулька-1. Каб патушыць агонь, на месца здарэння адправілі аж пяць аўтацыстэрнаў. Шкода ад пажару ацэньваецца ў 1,5 мільёна рублёў. Па папярэдняй версіі, прычынай маглі стаць свавольствы з агнём мясцовых школьнікаў, якія за некалькі хвілін да здарэння гулялі каля фермы.
Ляхавічы
І абудзяць памяць песні маладосці…
У Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі народны хор народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна” (мастацкі кіраўнік Жанна Абрамовіч) зробіць падарунак усім ляхавіччанам і гасцям горада. Заўтра самадзейныя артысты запрашаюць усіх жадаючых на свой канцэрт з красамоўнай назвай “Па дарогах юнацтва”, які пройдзе ў кінатэатры “Кастрычнік”.
Маларыта
Аддалі даніну павагі
У чацвер ля кургана Славы ў вёсцы Хаціслаў аднайменнага сельсавета сабраліся прадстаўнікі органаў улады, ветэраны, школьнікі, свяшчэннаслужыцелі, грамадскасць, каб аддаць даніну павагі тром невядомым воінам Чырвонай Арміі, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна. Іх астанкі былі знойдзены ў суседнім Олтушскім сельсавеце, а 4 лістапада перазахаваны ў курган Славы.
Пінск
Трапяткая палітра
У Музеі Беларускага Палесся разгорнута персанальная выстава жывапісу і графікі Мікалая Казлоўскага. Экспазіцыя прымеркавана да 75-годдзя Мікалая Рыгоравіча, выдатніка адукацыі Беларусі, ветэрана педагагічнай працы. Ён нарадзіўся ў Пінску і аддаў роднаму гораду лепшыя гады жыцця. Мастак перадае ў сваёй палітры бязмежную любоў да Бацькаўшчыны і землякоў. Вось чаму яго работы такія блізкія і зразумелыя пінчукам.
Пінскі раён
Парадак у лесе
Добраахвотную экалагічную акцыю “Наш чысты лес”, якую ініцыявала Міністэрства лясной гаспадаркі, падтрымалі вучні Малаплотніцкай базавай школы. Амаль два дзясяткі школьнікаў навялі парадак у месцах адпачынку і на прыдарожных палосах на тэрыторыі Малаплотніцкага лясніцтва. Ад смецця ачысцілі 2,2 гектара.
Пружаны
Нясумныя канікулы
Вучні школ райцэнтра, Параслянскай СШ, выхаванцы сацыяльнага прытулку разам з настаўнікамі, прадстаўнікамі аддзела па справах моладзі райвыканкама і РК “БРСМ”… Вось колькі гасцей пабывала 1 лістапада ў 181-й баявой верталётнай базе. Дзеці пазнаёміліся са службай і бытам ваенных, якія ахвотна адказалі на пытанні юных гасцей.
Столін
Аграрныя сустрэчы
Спецыялісты Цэнтра сельскага развіцця і прадпрымальніцтва разам са сталічнымі кансультантамі арганізавалі на гэтым тыдні інфармацыйныя выязныя семінары для вяскоўцаў, дзе можна было задаць любыя пытанні на аграрную тэму. Сустрэчы іх прайшлі ўчора ў вёсках Альманы і Струга. Сёння дарадчыкі наведаюць Вялікае Малешава і Альгомель, а заўтра плануюць сустрэцца з жыхарамі Белавушы і Веляміч.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.