Беларусь

Крочыць сваім шляхам


ПАДЧАС ДВУХДЗЁННАГА ВІЗІТУ НА БРЭСТЧЫНУ 29-30 КАСТРЫЧНІКА АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА ПРАІНСПЕКТАВАЎ ВЫКАНАННЕ ЯГО ДАРУЧЭННЯЎ У САЦЫЯЛЬНАЙ СФЕРЫ, ТУРЫЗМЕ І АДРАДЖЭННІ ВЁСКІ
Спачатку Кіраўнік дзяржавы наведаў цэнтральную паліклініку ў Брэсце. У новым лячэбна-дыягнастычным комплексе Прэзідэнт азнаёміўся з функцыянаваннем і магчымасцямі аб’екта, а таксама сустрэўся з персаналам і пацыентамі. Асаблівасцю медкорпуса з’яўляецца тое, што ён быў пабудаваны не з нуля – створаны на базе пустуючага памяшкання санаторыя-прафілакторыя электрамеханічнага завода. Яго рэканструкцыя была завершана ў кастрычніку. У будынку размясціліся структурныя падраздзяленні паліклінікі для дарослых і дзяцей. Адкрыты жаночая кансультацыя, аддзяленне рэабілітацыі з кабінетамі электралячэння, гідралячэння, комплексу цеплалячэння, масажныя кабінеты, кабінеты ЛФК, іголкарэфлексатэрапіі, а таксама дзённы стацыянар на 30 ложкаў з хірургічным кабінетам па тэхналогіі “хірургія аднаго дня”.
Аляксандр Лукашэнка даручыў адказным асобам у бліжэйшыя два гады завяршыць пачатае будаўніцтва і рэканструкцыю медыцынскіх аб’ектаў у краіне. Прэзідэнт у чарговы раз звярнуў увагу на дэмаграфічныя паказчыкі і падкрэсліў, што ў кожнай сям’і павінна быць хаця б па тры дзіцяці. Ён не выключае, што ў краіне будзе перагледжана пытанне забеспячэння жыллём шматдзетных сем’яў: “Па жыллі мы, магчыма, перагледзім пазіцыі: трое дзяцей – трохпакаёвая кватэра, і нават, магчыма, амаль бясплатна. Паглядзім і па аказанні дадатковай дапамогі на ўтрыманне дзяцей…”.
Аляксандр Лукашэнка пабываў на адной з цэнтральных вуліц абласнога цэнтра –
Савецкай. Тут ён шмат гутарыў з людзьмі, цікавіўся іх праблемамі і ахвотна адказваў на пытанні, сярод якіх былі і наконт маючых адбыцца выбараў. “Я ніколі не дазволю сабе фальсіфікаваць выбары”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Заўважыўшы, што “многага не зрабілі, але зрабілі больш, чым іншыя”, Прэзідэнт падкрэсліў: ён заўсёды стараецца выканаць усё, што абяцаў. Адносна ж пенсій і зарплат зазначыў: “Будзе эканоміка лепш працаваць – будзеце багацейшыя”. Што датычыцца непасрэдна выбараў, дык выбар, па словах Кіраўніка дзяржавы, як заўсёды, застаецца за народам. “Калі вы выбіраеце Прэзідэнта, вы не зыходзіце з пазіцый царствавання, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – У Беларусі не будзе прэзідэнта-цара. Ніколі…”. Ён адзначыў, што ў хуткім часе будзе апублікавана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступныя пяць год і грамадзяне змогуць уносіць свае прапановы па яе карэкціроўцы, калі што не так.
Старшыня гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў далажыў аб планах па будаўніцтве жылля ў горадзе над Бугам, стварэнні гісторыка-культурнага комплексу для турыстаў, рэканструкцыі чыгуначнага і аўтавакзала. Адным з цэнтральных пунктаў даклада стаў праект па будаўніцтве завода па ўтылізацыі бытавых адходаў, якім займаецца нямецкая фірма Strabag.  Сёння ўжо завершана першая чарга будаўніцтва, плануецца здаць аб’ект у эксплуатацыю ў першым паўгоддзі 2011 года. Праект з’яўляецца пілотным і не мае аналагаў  у нашай рэспубліцы і краінах СНД. Кіраўніцтва нямецкай кампаніі выказала жаданне рэалізаваць яшчэ шэраг праектаў у Беларусі. Прэзідэнт прапанаваў сустрэцца з прадстаўнікамі кампаніі і дэталёва абмеркаваць іх планы.
На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця Палаца водных відаў спорту Прэзідэнт заявіў, што будаўніцтва новых спартыўных аб’ектаў будзе працягнута. Ён падкрэсліў: яны неабходныя, перш за ўсё, для здароўя людзей.
– Мы будзем будаваць фабрыкі здароўя, – адзначыў у сваім выступленні Аляксандр Лукашэнка. – Гэтыя аб’екты створаны для нашых дзяцей, для нашай моладзі. У свеце Беларусь мае імідж спартыўнай дзяржавы. Здаровы лад жыцця сёння стаў неад’емнай часткай дабрабыту кожнай сям’і і нацыі ў цэлым…
Праект будаўніцтва Палаца водных відаў спорту быў прадэманстраваны Аляксандру Лукашэнку кіраўнікамі горада і вобласці яшчэ ў 2007 годзе. Прэзідэнт даў “дабро” толькі пры ўмове, што будаўніцтва будзе скончана не праз 6 гадоў, як планавалася, а праз 3 і будзе пабудаваны дыспансер спартыўнай медыцыны. З задачай будаўнікі справіліся “на выдатна”. Са згоды Кіраўніка дзяржавы сэканомленыя сродкі з рэспубліканскага бюджэту будуць накіраваны на патрэбы горада.
На другі дзень рабочай паездкі Прэзідэнт наведаў Пружанскі раён. Ён пабываў у фермерскай гаспадарцы “Белавежтур”, будаўніцтва якой ажыццяўляецца за кошт інвестыцый расійскага прадпрымальніка Мікалая Бурноса, ураджэнца вёскі Клетнае Пружанскага раёна. Тут, у Клетным, створаны вялікі турыстычны комплекс, пабудаваны гасцініца на 36 месцаў, 8 гасцявых домікаў, кафэ. У перспектыве з’явяцца лазня, саўна, басейн, а таксама спарткомплекс і яшчэ адна гасцініца на 100 месцаў. Прэзідэнт акрэсліў задачу для мясцовай улады – развіваць інфраструктуру рэгіёна. І першым крокам стане наладжванне рэгулярнай работы аэрапорта ў Брэсце па міжнародных лініях.
Мікалай Бурнос расказаў Кіраўніку дзяржавы аб тым, што ёсць праблемы ва ўзгадненні праектаў з мясцовай уладай. Аляксандр Лукашэнка, прыняўшы бок інвестара, указаў чыноўнікам на недапушчэнне падобнага ў далейшым: “Якіх вы сюды інвестараў прыцягнеце, калі будзеце ўсё валакіціць?” Прэзідэнт перакананы: турыстычны бізнес прыбытковы, што пацвярджае і прыклад Мікалая Бурноса. А міністр спорту і турызму Беларусі Алег Качан удакладніў, што за апошнія 5 гадоў экспарт турыстычных паслуг павялічыўся ў 10 разоў.
Аляксандр Лукашэнка праінспектаваў будаўніцтва дарогі вакол нацыянальнага парку “Белавежская пушча”. Міністр транспарту і камунікацый Іван Шчэрба далажыў Прэзідэнту, што асфальтавае пакрыццё пакладзена ўжо на 40 кіламетрах дарогі. Агульная яе працягласць 185 кіламетраў (146 – па Брэсцкай і 39 – па Гродзенскай вобласці). Праектам прадугледжана будаўніцтва 10 мастоў і абсталяванне спецыяльных пераходаў для капытных жывёл і земнаводных. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў забяспечыць высокую якасць будаўніцтва дарогі, каб пасля яшчэ 15 гадоў яна абышлася без рамонту.
У аграгарадку Жураўліны размова ішла як пра сацыяльнае развіццё гэтага і іншых гарадкоў Пружаншчыны, так і пра эканоміку ААТ “Жураўлінае”. Выслухаўшы дырэктара гаспадаркі Міхаіла Грышкевіча, які з веданнем справы расказаў пра сённяшні дзень “Жураўлінага” і акрэсліў яго будучыню, Прэзідэнт вымавіў: “Значыць, паплывеш далей, не перавернешся…”.
Перад дакладам  старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара аб рэалізацыі праграмы будаўніцтва аграгарадкоў на Брэстчыне Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на іх якасць: “Ёсць жа стандарт аграгарадка. І цяпер пачнём глядзець, што там зроблена, ці ўсё зроблена”. Кіраўнік дзяржавы з інтарэсам азнаёміўся з грамадска-культурным цэнтрам аграгарадка. Яго асаблівасць – у кампактнай шматфункцыянальнасці. Тут табе і рэстаран, і крама з кулінарыяй, і гасцініца з лазняй, і ўтульны ўнутраны дворык для масавых мерапрыемстваў. “Калі чалавек працуе на зямлі, жыве ў вёсцы, дык чаму ён павінен жыць горш, чым гараджанін?” – так патлумачыў Прэзідэнту Беларусі з’яўленне гэтага цэнтра ў аграгарадку Міхаіл Грышкевіч.
Аляксандр Лукашэнка ўсклаў кветкі да скульптурнай кампазіцыі “Мірным жыхарам спаленых вёсак Мокраўскага сельсавета”, што знаходзіцца на ўскраіне вёскі Казлы. Жанчына, сведка тых жудасных падзей ваеннага ліхалецця, расказала Прэзідэнту, як у ліпені 42-га на гэтым месцы фашысты расстралялі 180 мужчын і 2 жанчыны, колькі гора прыйшлося пазнаць, як выжывалі. “Не чакалі, што некалі будзе, нібы ў горадзе – жыві і радуйся!” – гаварылі вяскоўцы, дзякуючы Прэзідэнту за ўсё зробленае. “Нам не трэба дзякаваць, – адказаў на гэта Аляксандр Лукашэнка. – Неабходна, каб у кожнай вёсцы ствараліся такія ўмовы…”.
Напрыканцы рабочай паездкі Кіраўнік дзяржавы адказаў на пытанні журналістаў. А яны тычыліся праектаў у сферы турызму і прыцягнення ў краіну новых інвестыцый, перадвыбарнай кампаніі, адносін Беларусі з Еўрапейскім Саюзам і магчымасці рэфармавання АБСЕ.
У прыватнасці, Прэзідэнт зазначыў, што “інвестыцыі інвестыцыям не роўныя –
гледзячы чаго хочуць інвестары”. Ён патлумачыў: “Заўтра мы можам атрымаць мільярдаў 5 ці, можа, 7 на прыватызацыю калійнага камбіната, нафтаперапрацоўчай галіны – яшчэ мільярдаў 5-7. Але хіба яны нам патрэбны, такія інвестыцыі? Трэба прывыкнуць да таго: калі хтосьці нас крэдытуе, дык гэтыя грошы неабходна вяртаць. Таму патрэбны акупныя праекты. І прамыя інвестыцыі”, – Прэзідэнт зноў узгадаў Мікалая Бурноса, які, па яго словах, зрабіў у вёсцы райскі куток. Ён асобна акцэнтаваў увагу на прывабных заканадаўчых умовах, створаных у Беларусі для інвестараў: абсалютны спакой, стабільнасць, прадказальнасць. “Грошы любяць цішыню,  – дадаў Аляксандр Лукашэнка. – Усё трэба рабіць спакойна, але на вякі”.
Гаворачы аб прэзідэнцкіх выбарах, Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў яго не было часу сур’ёзна заняцца перадвыбарнай кампаніяй. Ды ён і не збіраецца весці ніякай агітацыі і прапаганды. “Як працую цяпер, так і буду працаваць, – сказаў. – Што я буду вам гаварыць пра сябе? Вы цудоўна ведаеце, як я працаваў. І нават, не чытаючы праграмы, ведаеце, што буду рабіць”. Аляксандр Лукашэнка зазначыў: ужо разгледжаны ўсе напрамкі і вызначана, як будзем працаваць у будучай пяцігодцы.
А наконт прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты Кіраўнік дзяржавы так зазначыў: “Мне ўсё роўна – будзе іх 17 ці ў альтэрнатыве будзе адзін або два. Калі яны сапраўдныя палітыкі, яны змагацца будуць, калі ніякія –
пабаяцца ўступаць у адкрытую палітычную бойку”.
Ну, а на тое, чаму Усебеларускі народны сход, які апазіцыйныя мас-медыя ахрысцілі “палітычнай дэкарацыяй”, успрымаецца апазіцыяй у штыкі, хоць некаторыя яе прадстаўнікі зусім не супраць паўдзельнічаць у форуме, Аляксандр Лукашэнка запытаў: “А што наша апазіцыя не прымае ў штыкі? Мне нават іх шкада. Усё, чым яны займаюцца – каменціруюць мае дзеянні. Дык у нас журналісты, каментатары ёсць…  Лепей скажыце, што самі зрабілі за гэты прамежак часу, што вы пражылі, і потым скажыце, што будзеце рабіць…”.
Усебеларускі народны сход пройдзе ў чацвёрты раз. “Што тут дрэннага? Мы зацвярджаем перспектыву. Гэта план дзеянняў цяперашняй улады, цяперашняга Прэзідэнта.  Мы крочым сваім шляхам, – сказаў Аляксандр Лукашэнка і дадаў: – Сабака брэша – караван ідзе”.
“Ніколькі не сумняваюся, што мы знойдзем з еўрапейцамі  патрэбны алгарытм дзеянняў і выстраім нашы адносіны”, – такое меркаванне ў Кіраўніка дзяржавы наконт адносін Беларусі і ЕС. А галоўнае ў гэтых адносінах –
эканоміка. “Наўрад ці ў Лукашэнку еўрапейцы бачаць ідэальнага партнёра, – сказаў Прэзідэнт. – Але калі народ выбера таго ж Лукашэнку, еўрапейцы – не дурні, выдатна разумеюць: ёсць такая краіна ў цэнтры Еўропы, з якой трэба мець справу”. На яго думку, дэмакратычным дзяржавам ёсць чаму павучыцца ў Беларусі. “Прабачце, –
заўважыў Кіраўнік дзяржавы, –
у нас паліцэйскія з аўчаркамі на народ не кідаюцца, слёзатачывы газ мы ніколі не прымянялі і нават вадамёты… Але недахопаў хапае і ў нас. Ды ў іх яшчэ больш”.
Аляксандр Лукашэнка выказаў сумненне наконт магчымага рэфармавання АБСЕ: “Вельмі розныя плыні ў гэтай арганізацыі, вельмі розныя мэты ставяць гэтыя 50 з лішнім дзяржаў”. Але, мяркуе ён, АБСЕ ўсё ж мае неабходнасць у рэфармаванні. І патлумачыў: арганізацыя павінна займацца праблемамі бяспекі і супрацоўніцтва, а пакуль што мы яе ведаем па выбарах – “і больш АБСЕ не бачым, не чуем”.
Галіна МАЗІНА, “НТ”,
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Брэст – Пружанскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля