Помнік польскім пілотам
У МІНУЛУЮ СУБОТУ НА ЎЧАСТКУ ПАГРАНЗАСТАВЫ “ТОКАРЫ” АДБЫЛОСЯ ЎРАЧЫСТАЕ
АДКРЫЦЦЁ МЕМАРЫЯЛЬНАГА ЗНАКА Ў ГОНАР ЭКІПАЖА ВЕРТАЛЁТА ПОЛЬСКАЙ
ПАГРАНІЧНАЙ ВАРТЫ, ЯКІ ТРАГІЧНА ЗАГІНУЎ У ГЭТЫХ МЯСЦІНАХ ГОД ТАМУ
30 кастрычніка 2009 года ў час выканання патрульнага палёту ўздоўж дзяржаўнай граніцы крылатая машына пацярпела тут катастрофу. Амаль суткі польскі бок нічога не ведаў пра лёс верталёта. Потым яго абломкі знайшлі беларускія пагранічнікі на сваёй тэрыторыі. Загінулі ўсе тры члены экіпажа: камандзір-пілот паручнік Анджэй Жукоўскі 1960 года нараджэння, штурман харунжы штабны Барталамей Бартніцкі 1974 года нараджэння і аператар харунжы Марцін Безубік 1975 года нараджэння.
Помнік быў пабудаваны на сродкі, сабраныя на добраахвотнай аснове беларускімі пагранічнікамі. Па задумцы аўтараў, ён уяўляе сабой сімвалічныя крылы, раза-рваныя каталіцкім крыжом. У адкрыцці помніка прынялі ўдзел прадстаўнікі пагранічных ведамстваў, органаў улады Беларусі і Польшчы, а таксама родныя і блізкія загінулых лётчыкаў.
У час урачыстай літургіі мемарыяльны знак быў асвячоны каталіцкім і праваслаўным духавенствам. Памяць загінулых пілотаў прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання, ваенна-служачыя – трыма залпамі са стралковай зброі, а спецыяльны верталёт МІ-8 тройчы выстраліў над месцам катастрофы асвятляльнымі ракетамі. Да мемарыяльнага знака былі ўскладзены жывыя кветкі і жалобныя вянкі.
Юрый МАКАРЧУК, “НТ”,
Камянецкі раён.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.