“Нашы дзеці, як з іншай планеты…”
Чаму не знікае з часам канфлікт пакаленняў?
Кожны раз, калі пачынаецца гаворка пра моладзь, чуюцца пераважна негатыўныя выказванні. Нібыта генетычна ў чалавеку закладзена праграма крытычнага стаўлення да спадкаемцаў-нашчадкаў.
Нашых бацькоў шакуе свабода нораваў сучаснай моладзі, зрухі ў разуменні жаночага і мужчынскага пачаткаў (далібог, часам не разумееш, каго бачыш: хлопчыка ці дзяўчынку перад сабой), а ўсе гэтыя эмо і готы… “Нашы дзеці, як з іншай планеты”, –
сказала адна мая знаёмая. Але, як ні дзіўна, такія ж словы чулі і нашы бацькі ў свой час: не прымалі іх джынсы-клёш, захапленне “Бітламі” і патлатыя прычоскі…
Рэтраспектыву можна доўжыць да бясконцасці – вывад адзін: пакаленне змяняла наступнае, а прэтэнзіі да іх былі аднолькавыя. Можа, не трэба вешаць ярлыкі ў сапсаванасці і бяздарнасці, у дэградацыі і бездухоўнасці моладзі?
Місія маладых, мабыць, і заключаецца ў тым, каб прыўносіць у жыццё хвалю змен, шукаць сябе і рухаць за сабой жыццё, таму што толькі імпэт і апантанасць моладзі дае імпульс усяму.
Вось такія яны, маладыя, – максімалісты, эксперыментатары і фантазёры. Проста памятайце: калісьці гэта адносілася і да вас, паважаныя дарослыя! Знайдзіце патрэбныя словы, каб доўжыўся дыялог і не стала зацятай сцяны маўчання, за якой спее непаразуменне і крыўда.
Ганна ЛІСОЎЧЫК, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.