Працоўныя пенсіі ў Беларусі павысяцца на 13, 7 працэнта
Павышаюцца пенсіі
Працоўныя пенсіі ў Беларусі з 1 чэрвеня павысяцца ў сярэднім на 13,7 працэнта. Адпаведны Указ №215 падпісаў 26 мая Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.
Візіт у Казахстан
Беларусь і Казахстан дамовіліся аб развіцці супрацоўніцтва ў сферы нафтаперапрацоўкі, прамысловай вытворчасці і інвестыцый. Гэтыя тэмы абмяркоўваліся ў ліку прыярытэтных у Астане на перагаворах Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым у рамках афіцыйнага візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў гэтую сярэднеазіяцкую краіну, які працягваўся з 23 па 25 мая.
Радуемся за землякоў!
Сярод узнагароджаных Прэзідэнтам Беларусі – берасцейцы. Генеральны дырэктар ААТ “Савушкін прадукт” Аляксандр Саўчыц уганараваны ордэна Айчыны II ступені. Ганаровае званне заслужанага работніка прамысловасці прысуджана генеральнаму дырэктару ААТ “Івацэвічдрэў” Барысу Міхнюку, а ганаровае званне заслужанага работніка сельскай гаспадаркі Беларусі – дырэктару ПУАП “Моладава-Агра” Сцяпану Халько.
Зніжэнне курса
Нацыянальны банк з 24 мая 2011 года ўстанавіў наступны афіцыйны курс беларускага рубля: за 1 долар ЗША – Br 4930, за 1 еўра – Br 6914,82, за 1 расійскі рубель – Br173,95. Вартасць кошыка замежных валют на 24 мая склала Br 1810,02. Такім чынам, зніжэнне курса нацыянальнай валюты ў адносінах да 31 снежня 2010 года склала 71,62 працэнта, да папярэдняга дня (23 мая) – 54,42 працэнта.
Праграма экспарту
Савет Міністраў 23 мая зацвердзіў Нацыянальную праграму развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Адной з важнейшых задач гэтай праграмы з’яўляецца рост экспарту тавараў і паслуг у 2,2 раза і дасягненне станоўчага сальда знешняга гандлю на аснове мадэрнізацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці беларускай эканомікі.
Бензін у цане
Канцэрн “Белнафтахім” з 24 мая павысіў рознічныя цэны на нафтапрадукты, якія рэалізуюцца праз АЗС, у сярэднім на 20 працэнтаў. Гэтыя меры прыняты з мэтай абароны ўнутранага рынку, паведаміла прэс-сакратар канцэрна Марына Касцючэнка. Рознічная цана за 1 літр складае: Нормаль-80 – Br 3850, АІ-92 – Br 3950, АІ-95 – Br 4350, АІ-95-Еўра – Br 4350, дызельнае паліва – Br 3900.
Рыбу палічаць
Беларускія вучоныя правядуць даследаванні іхціяфаўны Дняпроўска-Бугскага канала, асаблівая ўвага пры гэтым будзе ўдзелена вывучэнню колькасці чужародных відаў рыб. Аб гэтым паведамілі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Экспедыцыя стартуе ў пачатку лета.
У ЦМТ – адчыненыя дзверы
Заўтра, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці пройдзе дзень адчыненых дзвярэй. Да сябе ў госці запрашаюць актыўныя, творчыя і крэатыўныя юныя брастаўчане. У праграме – сустрэчы з кіраўнікамі гурткоў, секцый, аб’яднанняў ЦМТ, выставы работ гурткоўцаў, канцэрт. Усе жадаючыя змогуць запісацца ў гурткі яшчэ да пачатку новага навучальнага года.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.