Беларусь

У БарДУ студэнтаў вучаць шукаць другое “Я”


17 скарбонак
Інтарэсы і здольнасці баранавіцкіх студэнтаў не абмяжоўваюцца вучэбнай праграмай
Неверагодная настальгія адольвае амаль кожнага з нас, калі ўспамінаем студэнцкія гады. Бяссоныя ночы перад экзаменамі і залікамі, патрабавальныя выкладчыкі, пераздачы, семінары ды канферэнцыі і… бесклапотная, незабыўная весялосць, якая бывае толькі ў 17 год, – хіба такое забудзецца?
Студэнцтва – унікальны час, калі кожнаму з нас здаецца, што ўсе вяршыні можна адолець, а любую стыхію – утаймаваць. Для таго, каб насычаны паток маладой энергіі накіраваць у неабходным напрамку, у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце створаны студэнцкі клуб. На першы погляд, нічога асаблівага ў гэтай структуры няма і аналагі такой суполкі існуюць у кожнай навучальнай установе, аднак менавіта гэта аб’яднанне сапраўды заслугоўвае месца на газетнай старонцы. Спытаеце, чаму? Вось некалькі самых важкіх аргументаў: аж 17 творчых калектываў (сапраўдныя скарбонкі таленту!) ствараюць непаўторную атмасферу ў сценах БарДУ, тры з іх маюць званне “народны”; выпускнікі ўстановы, яны ж актыўныя ўдзельнікі студклуба, атрымалі папулярнасць на рэспубліканскім узроўні і пасля заканчэння вучобы не губляюць сувязей са сваёй альма-матар. Самае галоўнае, што кожны студэнт мае шанс праявіць свае здольнасці ў любым творчым імкненні.
Кіруе крэатыўным студэнцкім аб’яднаннем Ганна Грэзэ. Ідэйны натхняльнік, рэжысёр і творчы дырэктар удала спалучаюцца ў асобе Ганны Уладзіміраўны. Яе ў БарДУ ведаюць усе. Па дарозе ў студклуб неяк заблудзілася ў студэнцкім гарадку. Спытала ў дзвюх першакурсніц, дзе знаходзіцца трэці інтэрнат, у якім размешчаны кабінет аднаго з самых творчых работнікаў ўніверсітэта. Дзяўчаты паказалі на крайні будынак і дадалі, што Ганна Уладзіміраўна ўжо на рабоце.
Як толькі сустракаеш Ганну Уладзіміраўну, адразу жывішся ад яе запалам творчасці і стваральнай энергіі. Магчыма, таму і студэнты тут такія актыўныя.
– Памылкова лічыць, што культурна-забаўляльная частка навучання з’яўляецца толькі дадаткам да агульнага працэсу падрыхтоўкі будучых маладых спецыялістаў, – разважае Ганна Грэзэ. – Зараз па ініцыятыве Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у краіне вядзецца больш шырокая і рознабаковая падрыхтоўка выпускнікоў, творчасць адыгрывае ў ёй не апошнюю ролю. Дзякуючы сцэне юнакі і дзяўчаты становяцца больш упэўненымі, вучацца паводзіць сябе перад вялікай аўдыторыяй.
Знайсці сваё другое творчае “я” ў Баранавіцкім універсітэце можна ў розных сферах. Найбольш папулярнымі калектывамі, якія маюць прэстыжнае званне “народны”, з’яўляюцца ансамбль “Музычны гасцінец”, тэатр мініяцюр “Сафіт” і тэатр моды “Світа”. У чаканні прыстаўкі “народны” зараз знаходзіцца студыя эстраднай песні “Талент”. У цеснай сувязі з імі дзейнічае яшчэ шэраг аб’яднанняў
– З дзяцінства марыла пра сцэну, але чамусьці не атрымлівалася паспрабаваць свае сілы, – расказвае студэнтка 5-га курса і без пяці хвілін выпускніца Вольга Гулецкая. – На першым курсе, як і многія равеснікі, прыняла ўдзел у конкурсе “Алё, мы шукаем таленты”. Журы высока ацаніла спробу і падказала наконт артыстычнай студыі. Так і трапіла ў “Сафіт”. Тэатр падарыў не толькі магчымасць здзейсніць дзіцячую мару, але і надзейных сяброў, паездкі і выступленні, бясцэнны вопыт ва ўзаемаадносінах з людзьмі.
– А яшчэ “Сафіт” дапамог пера-адолець страх перад публікай, – дадае яе калега па цэху і таксама выпускнік Леанід Міхайлаў. – Думаю, не памылюся, калі скажу, што самыя яркія ўспаміны большасці студэнтаў нашага ўніверсітэта звязаны з работай студклуба.
І Вольга, і Леанід – выпускнікі факультэта эканомікі і права. Адмаўляцца ад будучай спецыяльнасці яны не збіраюцца, але і з творчасцю не развітваюцца. Вольга прызналася, што падчас выступленняў тэатра яна адказвала за грым артыстаў, і гэты занятак – ёй па душы. Калі б выпаў шанс, дык, можа, і занялася любімай справай. Леанід запэўніў, што ні з творчасцю, ні з універсітэтам не развітваецца і па магчымасці будзе ўдзельнічаць у студэнцкіх мерапрыемствах, можа, нават у якасці кансультанта.
З настальгіяй артысты ўспамінаюць байкі і кур’ёзы з “гастрольнага жыцця”. З цеплынёй яны расказвалі пра выступленне ў 30-градусную спёку і пра тое, як на Дзень моладзі ў парку выступленню перашкодзіў дождж. Пра тое, што ніколі ім не забудуцца любімыя ролі ў мініяцюры “Яшчэ раз пра каханне”…
Не менш уражанняў і ўспамінаў ва ўдзельнікаў другога творчага калектыву. Папулярным не толькі ў Баранавічах з’яўляецца тэатр моды “Світа”. Аналагаў такому аб’яднанню няма ва ўсёй Беларусі. Справа ў тым, што суполка аб’яднала мадэлей, дызайнераў, рэжысёраў, харэографаў і проста крэатыўных людзей, якія разам ствараюць непаўторнае шоу.
– Толькі на першы погляд праца мадэлей можа паказацца лёгкай, – расказала ўдзельніца калектыву Алена Астаповіч. –  Каб на сцэне стварыць свята грацыі і прыгажосці, даводзіцца працаваць не адзін месяц вялікаму калектыву. А калі ў выніку грымяць апладысменты, бачыш усмешкі гледачоў і чуеш станоўчыя водгукі прафесіяналаў, дык хочацца ствараць яшчэ і яшчэ…
Як і Алена, Віталь Сідаркевіч стаў удзельнікам тэатра моды амаль выпадкова. Знешнія даныя студэнта заўважылі стваральнікі калектыву і прапанавалі прыйсці на кастынг. Дагэтуль хлопец не думаў аб мадэльнай кар’еры. Гэтак жа выпадкова былі адкрыты і імёны вядомай мадэлі Вольгі Багатырэвіч, уладальніцы шматлікіх тытулаў на конкурсах прыгажосці Марыны Казекі, а таксама пераможцы фотаконкурсу “Каралева Вясна” ў “Народнай трыбуне” Святланы Столяр. Па-рознаму складваецца лёс выпускнікоў гэтай школы прыгажосці, аднак усе яны выносяць адсюль карысныя ўрокі, для кожнага – свае.
Работа па пошуку новых вобразаў не спыняецца тут ніколі. Над новымі строямі чаруюць удзельнікі аб’яднання “На крылах дызайну”, выкладчыкі кафедры тэхналогіі педагагічнага факультэта. Зараз, напрыклад, актыўна вядзецца падрыхтоўка новага спектакля “Залюстэр’е”.
Ёсць у БарДУ і музыкальныя выканаўцы, якія здольны канкурыраваць з многімі вядомымі зоркамі беларускай эстрады. У ансамблі “Музычны гасцінец” спявае  энергічная і завадная Ірына Скамарох. Цікава, што дзяўчына  выконвае пераважна беларускія народныя творы. Мясцовая публіка добра ведае яе па песні “Чаму ж мне не пець?”. Аднак маладая спявачка можа здзівіць і замежным рэпертуарам – напрыклад, зацягнуць песню па-ўкраінску. І настолькі хацелася Ірыне спяваць у “Музычным гасцінцы”, што дзеля гэтага яна і паступіла ў Баранавіцкі ўніверсітэт, а не ў сталічную ВНУ. Паралельна асвоіла юрыдычную спецыяльнасць і ўжо нават мае на сваім рахунку выйгрышную справу.
Адной з самых таленавітых і прафесіянальных спявачак   БарДУ з’яўляецца  Надзея Чэчат. Дзяўчына – удзельніца эстраднай студыі “Талент”. Як і аднадумцы па творчасці, яна ўдзельнічала і перамагла ў студэнцкім фестывалі “Алё, мы шукаем таленты”. Гледачы ведаюць  Надзею па выкананні песні з рэпертуару Ірыны Дарафеевай “Балада”, якая, дарэчы, з’яўляецца адной з самых любімых музыкальных кампазіцый дзяўчыны. Акрамя таго, Надзея спявае ў дуэтах і стварае на сцэне неверагодную, пранікнёную лірычнасцю і жаноцкасцю атмасферу.
Вось такімі яркімі, рознымі і па-свойму зорнымі з’яўляюцца цяперашнія выпускнікі Баранавіцкага ўніверсітэта. Думаецца, разам з добрымі прафесіяналамі грамадства атрымала і цікавых творчых асоб, якія здольны мысліць па-за рамкамі і бачыць прыгожае ў паўсядзённасці.
А сярод новага зорнага пакалення асабліва вылучаецца красуня Аляксандра Малаканава. Дзяўчына прыехала ў Баранавічы з Ліды. Ужо на першым курсе будучы юрыст стала адной з самых папулярных дзяўчат універсітэта. На першавераснёўскай лінейцы рэктар Васіль Качурка ўручыў ёй сімвалічны ключ ад універсітэта. Здаецца, гэта невыпадкова, бо сваім талентам Саша пакарыла ўжо не толькі ўніверсітэт. Яна спявае і танцуе. Асабліва ўдаюцца дзяўчыне папулярныя эстрадныя песні, а натхняюць на творчасць кампазіцыі пра Беларусь. Адначасова яна з’яўляецца ўдзельніцай “Музычнага гасцінца”, танцуе ў ансамблі “Імпрэза”. Такая ж няўрымслівая, мэтанакіраваная і ў меру амбіцыёзная Саша, як і яе старэйшыя сябры, гатова ісці да сваёй мэты, знаходзіць час паміж лекцыямі для любімай справы.
Ну, а я пасля сустрэчы ва ўніверсітэце ніколькі не сумняваюся: кругазварот студэнцкай энергіі і ініцыятывы не спыніцца тут ніколі і запаліць яшчэ не адну яркую зорачку.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Баранавічы.
Фота аўтара
і з архіва ўніверсітэта.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля