Беларусь

Праезд у аўтобусе – 1000 долараў


БРЭСТ
Ахвярам гета
Заўтра, 19 чэрвеня, пройдзе цырымонія адкрыцця помніка ахвярам яўрэйскага гета, якое ў гады Вялікай Айчыннай вайны было ў Брэсце. Ён устаноўлены на брацкай магіле на Паўночных могілках. Пачатак жалобнага мерапрыемства, у якім прымуць удзел прадстаўнікі каардынацыйнага савета Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў,  у 10 гадзін.
БРЭСЦКІ РАЁН
Да надзвычайнага гатовы
У аўторак  і сераду ў Прыбужжы прайшлі вучэнні аддзела па надзвычайных сітуацыях, медыцынскай і ветэрынарнай службаў раёна. У вёсцы Амяліна спецыялісты ліквідавалі “ачаг сібірскай язвы”, у Вістычах –  “пажар” у дзіцячым садку. У Чэрнях выратавальнікі праводзілі аварыйна-аднаўленчыя работы па ўзнаўленні падачы энергазабес-пячэння, а ў ААТ “Брэсцкі райаграсэрвіс” арганізавалі  выкананне мерапрыемстваў грамадзянскай абароны.
БАРАНАВІЧЫ
Праезд у аўтобусе – 1000 долараў
Няўдала завяршылася паездка на маршрутным аўтобусе №15 для 40-гадовага жыхара райцэнтра. Злодзей выуцягнуў з кішэні шортаў кашалёк, у якім знаходзілася 1000 долараў, 350 тысяч рублёў, а таксама дзве банкаўскія карткі. Па дадзеным факце ўзбуджана крымінальная справа.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Мікрахвалёўкі для герояў
У аўторак старшыня абласной арганізацыйнай структуры рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства” Ігар Аўсянік уручыў мікрахвалевыя печы Аляксею Дуброўскаму і Аляксею Сівоху. Нагадаем, што ў красавіку яны выратавалі з пажару пенсіянераў у вёсцы Узногі.
БЯРОЗА
Сезонная дапамога
Раённы камітэт ГА “БРСМ” правёў дабрачынную акцыю “Міласэрнасць”. Актывісты аб’яднання дапамаглі пажылым людзям прывезці, разгрузіць і складзіраваць торф. Плануецца, што акцыя стане пастаяннай і будзе праходзіць па меры неабходнасці.
ГАНЦАВІЧЫ
Лепшыя яслі-сад – у Раздзялавічах
Пасля падвядзення вынікаў абласнога этапа рэспубліканскага конкурсу “Лепшая дашкольная ўстанова года” стала вядома, што яслі-сад №11 вёскі Раздзялавічы ўдастоены дыплома III ступені. Творчы падыход калектыву на чале з вопытнай Жаннай Рабцэвіч высока ацэнены журы конкурсу, якое вызначыла лепшых з лепшых сярод яго ўдзельнікаў – 39 дашкольных устаноў Брэстчыны.
ДРАГІЧЫН
Асартымент пашырыцца
Мінеральная і пітная вада “Фрост”   СП “Фрост і К” мае свайго спажыўца не толькі на Берасцейшчыне, але і ў іншых абласцях рэспублікі, таксама за яе межамі. А ў хуткім часе на прадпрыемстве плануюць пашырыць асартымент прадукцыі. Для гэтых мэт   зманціравана  новая шматфункцыянальная  лінія “МФ-3” па выпуску газіраванай і  пітной мінеральнай вады, набыты сучасны сепаратар-дазатар, які выкарыстоўваецца на вырабе салодкіх безалкагольных напіткаў.
ЖАБІНКА
Адказ дасць следчы аддзел
На сядзібе дома, які будуецца ў райцэнтры па вуліцы Камарова, у час земляных работ гаспадар выкапаў чалавечыя астанкі. Старажылы сцвярджаюць, што ў гэтым месцы пасля вайны жылі палонныя нямецкія салдаты, якія будавалі аўтадарогу Брэст – Кобрын. Больш дакладныя звесткі будуць вядомыя пасля праверкі, якую пачаў следчы аддзел абласной пракуратуры.
ІВАНАВА
Турнір велагоншчыкаў
Сёння ў рамках рэспубліканскай праграмы Алімпійскіх дзён моладзі ў райцэнтры адкрываюцца спаборніцтвы на першынство Рэспублікі Беларусь па велакросе. Удзел у турніры прымаюць зборныя каманды ўсіх абласцей і горада Мінска. У Іванава прыехалі праверыць свае магчымасці больш за 150 юных велагоншчыкаў. Пераможцы вызначацца ў фінальных заездах 19 чэрвеня.
ІВАЦЭВІЧЫ
На турыстычнай сцежцы
Шмат уражанняў, эмоцый, хваляванняў прынеслі 16 і 17 чэрвеня цяжкім падлеткам. У большасці сваёй – пазітыўных. Два дні дзеці правялі каля возера Вулькаўскае. Тут прайшоў абласны турыстычны злёт для падлеткаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх. Паласа перашкод, спаборніцтвы па валейболе, асновах турысцкай падрыхтоўкі, розныя творчыя конкурсы і цікавая тэматычная культурная праграма – сумаваць часу не было!
КАМЯНЕЦ
“Белавежскі” – першы
Падведзены вынікі рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы, транспартнай і пажарнай бяспецы сярод сельгасарганізацый за 2010 год. Лепшым прызнана адкрытае акцыянернае таварыства “Белавежскі”. Пераможца адзначаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, грашовай прэміяй і аргтэхнікай для кабінета па ахове працы.
КОБРЫН
Цяжка ў вучэнні…
Вучэнні-спаборніцтвы санітарных дружын паказалі, што Сняжана Кузьменя з ААТ “Кобрынскі МСЗ” з’яўляецца лепшым камандзірам санітарнай дружыны раёна, а тытул “Лепшая сандружынніца” належыць Юліі Казлені з ААТ “Кобрынскі мясакамбінат”. Не толькі тэарэтычныя веды, але і практычныя навыкі ў аказанні першай медыцынскай дапамогі паказалі ўдзельнікі фарміраванняў грамадзянскай абароны. Першае месца заваявала сандружына ААТ “Швейная фірма “Лона”.
ЛУНІНЕЦ
Хвалюючыя пытанні
Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Анатоль Калінін сустрэўся з калектывам ААТ “Палессеэлектрамаш”. Разам з намеснікам міністра сувязі і інфарматызацыі Сяргеем Несцяровічам і старшынёй райвыканкама Васілём Агіевічам ён адказаў на самыя хвалюючыя пытанні працаўнікоў прадпрыемства. Цікавіліся, у асноўным, эканамічнай сітуацыяй у краіне, перспектывамі спажывецкага рынку, а таксама цэнамі на клубніцы.
ЛЯХАВІЧЫ
Слухалі і малявалі вайну
На гэтым тыдні ў прышкольным аздараўленчым лагеры “Вясёлка”, што ў гарадской СШ №2, прайшло мерапрыемства пад дэвізам “Нам у спадчыну – памяць і слава”. Размова ішла пра подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці і іх лёсы. Перад дзецьмі выступіў ураджэнец Ляхавіччыны, цяпер выкладчык ваеннай гісторыі Ваеннай касмічнай акадэміі імя Мажайскага г. Санкт-Пецярбурга Алег Беляновіч. А затым хлопчыкі і дзяўчынкі малявалі вайну па пачутым і ўбачаным з дакументальнай кінахронікі.
МАЛАРЫТА
Праца пад аховай
У аўторак на Маларытчыне з удзелам старшыні абласнога Савета дэпутатаў Сяргея Ашмянцава прайшоў дзень аховы працы. Падчас яго  кіраўнікі гарадскіх і сельгаспрадпрыемстваў з інжынерамі па ахове працы абмяняліся вопытам работы ў гэтым кірунку. У ПМК-20 яны пазнаёміліся з умовамі бяспечнай працы і быту будаўнікоў, у лясгасе – з сістэмай кіравання аховы працы, а ў СВК “Рыта” – з бяспечнымі ўмовамі працы пры выкананні сельгасработ.
ПІНСК
Апладысменты Каліноўскаму і Цару
На фестывалі музычнага мастацтва Беларусі “Спадчына” поспеху дабіліся юныя музыканты горада над Пінай. У межах фестывалю прайшоў III рэспубліканскі конкурс выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Дыплом I ступені атрымаў саксафаніст дзіцячай музычнай школы №1 Уладзіслаў Каліноўскі. Трубач ДМШ №2 Іван Цар заваяваў дыплом II ступені.
ПІНСКІ РАЁН
Падтрымаюць і дапамогуць
У Лагішыне пачаў работу Дом міласэрнасці. Яго будаўніцтва цягнулася 10 год. Праект рэалізаваў каталіцкі касцёл, але аказваць тут сацыяльныя паслугі будуць людзям любой канфесіі. Дапамагчы гатовыя тым, хто часткова страціў здольнасць да самаабслугоўвання, цяжарным, пацярпелым ад насілля ў сям’і… Адначасова Дом міласэрнасці можа прыняць 40 чалавек.
ПРУЖАНЫ
У чэрвені – Польшча, у верасні – Італія
Мастацкі кіраўнік народнага ансамбля танца “Спадчына” гарадскога Палаца культуры Валянціна Шапавал радуецца чарговаму поспеху калектыву. Пружанскія танцоры ў польскім горадзе Сувалкі бліскуча выступілі на Міжнародным фестывалі песні і танца “Muszelki Wigier-2011”. Іх танцавальны нумар “Пружанскія гульні” перамог у намінацыі “Народны танец”. Калектыў атрымаў ганаровы прыз “Залатая ракавінка”. А яшчэ танцораў запрасілі на міжнародны фестываль мастацтваў, які ў верасні пройдзе ў Італіі.
СТОЛІН
Лірыкі з эканамічным ухілам
Днямі свет пабачыла творчая праца з рамантычнай назвай “Абуджэнне вясны. І боль, і радасць, і каханне…”, выдадзеная ў Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы. Гэта другі па ліку паэтычны зборнік падобнага плана. У ім прадстаўлены спробы пяра пачынаючых лірыкаў – навучэнцаў каледжа.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля