Самыя цікавыя падзеі вобласці
Брэст
Адраджэнне старога Бярэсця
Да 1000-гадовага юбілею Брэста плануецца пабудаваць міні-копію старажытнага Бярэсця. Аб гэтым у сераду на сустрэчы з членамі Беларускай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры заявіў старшыня Брэсцкага гарвыканкама Аляксандр Палышанкоў. На месцы старога Бярэсця была пабудавана ў свой час Брэсцкая крэпасць. На яе тэрыторыі і плануецца размясціць міні-копію (у маштабе 1:10) старажытнага горада з яго важнейшымі аб’ектамі.
Брэсцкі раён
Расціце, ліпы ды бярозы!
Маладзёжны суботнік прайшоў у Чэрнях. Вучні мясцовай школы разам з актывам райкама БРСМ, супрацоўнікамі аддзела па справах моладзі райвыканкама, работнікамі Брэсцкага лясгаса і ваеннаслужачымі часці 92504 добраўпарадкавалі тэрыторыю каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам. А яшчэ пасадзілі ліпава-бярозавую алею з 80 дрэўцаў.
Баранавічы
Берагі без смецця
Экалагічную акцыю “Чысты бераг – здаровая нацыя” правялі студэнты і выкладчыкі БарДУ разам з сябрамі – грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш”. У панядзелак каля сотні валанцёраў прыбіралі тэрыторыю каля Жлобінскага возера. Пасля навядзення парадку адсюль быў вывезены грузавік смецця.
Баранавіцкі раён
“Абчысцілі” дачы
Адразу пяць чалавек звярнуліся 18-19 красавіка ў міліцыю з заявамі аб крадзяжы маёмасці з дачных участкаў. Злачынствы адбыліся ў дачных пасёлках каля вёсак Хаткі, Палонка, Альбінкі і Дзекалы. Зланчынцы пажывіліся бульбай, грашамі, насеннем, газонакасілкай, надзіманым басейнам, прадуктамі харчавання і будаўнічымі матэрыяламі. Крымінальны вышук разбіраецца ў справе, адзін падазроны ўжо ёсць.
Бяроза
Вяселле ў музеі
У філіяле музея “Галерэя мастацтваў” стартаваў незвычайны праект для маладых: “Добрае фота – на добрую памяць”. Цяпер пасля рэгістрацыі ў ЗАГСе маладыя бярозаўчане наведваюць музей, дзе для іх праводзяць экскурсію і арганізоўваюць фотасесію. Усе жадаючыя могуць стаць удзельнікамі старажытных вясельных абрадаў, атрымаць запал шанцавання ад птушкі шчасця і адчуць сябе падарожнікамі ў часе.
Камянец
Салдатам Вялікай Айчыннай
У сераду ў гарадскім Доме культуры ўручылі юбілейныя медалі “65 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” ветэранам, якія жывуць у райцэнтры. А перад гэтым яны разам з моладдзю ў гонар юбілею Перамогі высадзілі алею клёнаў каля новага спартыўнага комплексу. Завяршальным акордам святочнага мерапрыемства стаў канцэрт узорна-паказальнага аркестра пагранічных войскаў Рэспублікі Беларусь.
Кобрын
Дрэвы Перамогі ў парку імя Суворава
“Пасадзі дрэва Перамогі” – так называлася акцыя, якая прайшла 20 красавіка ў раённым цэнтры. Яна была арганізавана аддзеламі ідэалагічнай работы, культуры і ўпраўленнем адукацыі райвыканкама, прысвячалася 65-годдзю Вялікай Перамогі. Удзельнікі акцыі – ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і старшакласнікі гарадскіх школ пасадзілі 26 чырвоных дубоў каля новага амфітэатра ў парку імя А.В.Суворава.
Лунінец
Сталі піянерамі
У чацвер у Цэнтры дзіцячай творчасці ўрачыста прынялі школьнікаў у піянеры і члены грамадскага аб’яднання “БРСМ”. Мерапрыемства пачалося канцэртнай праграмай, затым школьнікі паўдзельнічалі ў мітынгу.
Ляхавічы
З робатам на “ты”
Сярод пяці лепшых каманд гімназістаў Беларусі, якіх у інстытуце цепламасаабмену Нацыянальнай Акадэміі Навук сабраў рэспубліканскі асабіста-камандны турнір “Планета Крэатыў”, ляхавіцкія “Энтузіясты” аказаліся самымі крэатыўнымі. Яны распрацавалі праект па тэме “Робат для ачысткі, прафілактыкі і абслугоўвання трубаправодаў”. У асабістых заліках вызначыліся вынаходнік Антон Краўцоў, дызайнер Дзмітрый Джэжора, наватар Максім Сіцько, патэнтазнаўца Аляксей Коршун і спецыяліст па рэкламе Аляксей Смаршчок.
Маларыта
Гараж-“мільянер”
Супрацоўнікі райаддзела міліцыі ў аўторак пабывалі ў вёсцы Арэхава. У гаражы нідзе не працуючага жыхара вёскі, 1976 года нараджэння, былі знойдзены баулы, каробкі з абуткам, адзеннем, прадметамі царкоўнага назначэння, на якія не мелася дакументаў, пацвярджаючых легальнасць набыцця і ўвозу тавару на тэрыторыю Беларусі. Там жа знаходзіліся і 228 бутэлек гарэлкі ўкраінскай вытворчасці без беларускіх акцызных марак. Таварны запас ацэнены ў 210 мільёнаў рублёў. Складзены адміністрацыйны пратакол.
Пінск
Пінчан папрасілі выказацца
З 26 красавіка грамадзяне і юрыдычныя асобы могуць пазнаёміцца з шэрагам горадабудаўнічых праектаў. У прыватнасці, выказаць свае меркаванні можна па забудове паўночна-ўсходняга, паўночна-заходняга і паўднёва-заходняга раёнаў Пінска, а таксама аб плане цэнтральнай часткі горада са схемай рэгенерацыі гістарычнай забудовы. З такой ініцыятывай выступіў гарадскі выканаўчы камітэт. Атрымаць кансультацыі і тлумачэнні па праектах можна будзе ў рабочыя дні ў гарвыканкаме ў 34 і 48 кабінетах. Адкрытае абмеркаванне прадоўжыцца да 20 мая.
Пінскі раён
Сямейны дом
У вёсцы Малоткавічы ўрачыста адкрылі дзіцячы дом сямейнага тыпу. Пабудаваны ён па праграме “Дзеці Беларусі”. Гаспадарамі ў ім сталі Ларыса і Павел Літвінчукі, якія разам з сынам Дзянісам выхоўваюць яшчэ 5 дзяцей. На наваселлі шматдзетнай сям’і ад імя дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Канстанціна Шэўчыка ўручылі тэлевізар і халадзільнік.
Пружаны
Надзейны падрадчык
Прыемнай атрымалася апошняя камандзіроўка ў Мінск для кіраўніка Пружанскай ПМК-21. У сталіцу Васіль Лук’янчук з’ездзіў за Ганаровай граматай і кубкам – імі калектыў адзначаны па выніках штогадовага галіновага конкурсу Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Лепшая генпадрадная арганізацыя”.
Столін
Тэлевізар для дзіцячага сада
Працаўнікі дзіцячага сада №1 райцэнтра ў выхадныя адзначылі 20-гадовы юбілей дашкольнай установы. На свята запрасілі ветэранаў і ўсіх работнікаў садка, прадстаўнікоў раённага аддзела адукацыі, кіраўніцтва мясцовага ПМК-24. Канцэрт, падрыхтаваны вучнямі Столінскай СШ № 2, завяршыўся ўручэннем святочных падарункаў і грамат за добрасумленную працу. Атрымалі юбіляры яшчэ адзін прэзент – тэлевізар і DVD-прайгравальнік ад шэфаў.
Ганцавічы
З музыкай па жыцці
Конкурс “Промні надзеі”, які праводзіўся ў Ганцавіцкай дзіцячай школе мастацтваў на мінулым тыдні, стаў традыцыйным. А вось справаздачны канцэрт харавога і народнага аддзяленняў тут упершыню адбыўся 22 красавіка. Ён сабраў педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Па словах начальніка аддзела культуры райвыканкама Ірыны Марцінкевіч, мерапрыемства паказала творчы рост харавых калектываў – малодшага і старэйшага. Радуе і тое, што многія выпускнікі школы мяркуюць звязаць сваё далейшае жыццё з музыкай.
Драгічын
Стрэлка компаса падкажа
Сёння ў ваколіцах вёскі Падлессе можна назіраць актыўны рух школьнікаў з компасамі ў руках. Справа ў тым, што тут праходзіць першынство раёна па спартыўным арыентаванні. Амаль 30 каманд прымаюць удзел у спаборніцтвах. Пераможцы і прызёры будуць вызначаны ў чатырох узроставых групах у камандным і асабістым заліках.
Жабінка
“Цукарынку” зноў запрасілі ў Бельгію
З танцавальным калектывам “Цукарынка”, які працуе пры ААТ “Жабінкаўскі цукровы завод”, сустрэўся кіраўнік бельгійскай асацыяцыі “Салідарнасць і надзея Чарнобыля” Жан-П’ер Апельдорм. Ён падзякаваў за выдатныя выступленні ў час адпачынку юных танцораў у гарадах яго краіны і зноў запрасіў у госці. Трэцюю за апошнія гады паездку ў Бельгію сваіх самадзейных артыстаў будзе фінансаваць прадпрыемства.
Іванава
Залаты інтэлектуальны запас
Святам розуму, творчасці і таленту маладых стала IX раённая вучнёўская навукова-практычная канферэнцыя “З навукай у будучыню”. Ушанаваўшы лепшых равеснікаў-алімпіяднікаў, юныя навукоўцы папрацавалі па секцыях. Сярод адзначаных дыпломамі першай ступені – работы дзесяцікласніцы Іванаўскай гімназіі Анастасіі Дарагакупец, вучняў Крытышынскай СШ Віталя Чыжыка і Максіма Гецькі, Аляксандра Паўлюкаўца з Махроўскай СШ, вучня СШ №2 г.Іванава Дзяніса Гарбацэвіча і іншых дзяцей.
Івацэвічы
“Лякарня” для трактара
На базе ААТ “Івацэвічыагратэхсэрвіс” Мінскі трактарны завод адкрыў свой дылерскі цэнтр, які стаў трэцім па ліку ў нашай вобласці. Тут абсталяваны месцы для тэхнічнага абслугоўвання трактараў МТЗ і абкатачныя стэнды. Магчыма будзе правесці дыягностыку і выканаць рамонт рухавікоў аграрыям Івацэвіцкага і суседніх раёнаў.
Камянец
65-годдзю Перамогі прысвячаецца
Надзвычай насычаная праграма ў гэтыя дні ў вучняў гарадской СШ №2. Акрамя заняткаў тут штодзённа праводзяцца мерапрыемствы, прысвечаныя 65-годдзю Вялікай Перамогі: конкурсы, урокі мужнасці. Вучні 6-11 класаў паглядзелі відэафільмы “Вайна ў лёсе маёй сям’і” і “Самы доўгі дзень” пра Брэсцкую крэпасць. У 7-8 класах прайшоў урок-прысвячэнне “У вайны не жаночы твар”.
Кобрын
Лясная культура
Засімоўскі базавы гадавальнік Кобрынскага доследнага лясгаса ў сёмы раз запар пацвердзіў званне «Гадавальнік высокай культуры». Працоўны калектыў на чале з Алесяй Качан узнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі і грашовай прэміяй. За мінулы год у гадавальніку, які займае плошчу ўсяго 20,6 гектара, вырашчана 4,9 мільёна саджанцаў для пасадкі і аднаўлення лесу.
Лунінец
І супраць пераломаў ёсць прыёмы
Раённая бальніца атрымала новае медыцынскае абсталяванне, дзякуючы якому можна праводзіць аператыўнае лячэнне пераломаў без накіравання пацыентаў у суседні Пінск. Наступным крокам для бальніцы стане пратэзаванне суставаў – яго пачнуць практыкаваць ужо сёлета.
Ляхавічы
На вуліцы Пташука…
У мінулую нядзелю ў гонар вядомага кінарэжысёра Міхаіла Пташука ляхавіччане ўстанавілі дзве мемарыяльныя дошкі. Першую – у райцэнтры, на аднайменнай вуліцы, другую – у вёсцы Федзюкі, на доме 48, што на Садовай, дзе нарадзіўся і вырас слынны зямляк. У хвалюючым мерапрыемстве бралі ўдзел удава рэжысёра Лілія Міхайлаўна, яго дачка Анжэліка, унук Міхаіл, а таксама старшыня Саюза кінематаграфістаў Беларусі Віктар Васільеў і прадстаўнікі мясцовай улады. У гэты ж дзень яны наведалі вясковыя могілкі, на якіх пахаваны бацькі Міхаіла Пташука.
Маларыта
Рухам кіруюць юныя
У пятніцу на базе Збуражскай сярэдняй школы-сада прайшоў традыцыйны раённы злёт атрадаў юных інспектараў дарожнага руху. 14 каманд школ раёна і горада прадэманстравалі не толькі тэарэтычныя веды паводзін на дарозе, але паказалі сябе паслухмянымі пешаходамі і веласіпедыстамі.
Пінск
Вас слухае “Пінскдрэў”
Вядомае мэблевае прадпрыемства “Пінскдрэў” адкрыла Call-цэнтр. Тэлефонная “гарачая лінія” дапаможа арганізаваць маркетынгавыя і сацыялагічныя даследаванні. Патэлефанаваўшы на нумар 8(044) 450-57-57, можна таксама атрымаць інфармацыю аб распрадажах і рэкламных акцыях кампаніі.
Пінскі раён
Суботнік ля помніка
Сёння работнікі раённага камітэта БРСМ і аддзела па справах моладзі райвыканкама, актывісты пярвічных арганізацый БРСМ санаторыя “Ясельда” і раённага спажывецкага таварыства сустрэліся ў вёсцы Плошчава. Тут моладзь праводзіць суботнік па навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторыі каля помніка падпольнаму райкаму камсамола. Да Дня Перамогі члены маладзёжнай суполкі прывядуць у належны выгляд усе воінскія пахаванні, помнікі партызанам і салдатам, памятныя знакі, прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны.
Пружаны
Не адпусціла неба
Каля вёскі Вялікія Якавічы 15 красавіка разбіўся дэльтаплан ТАА “Пружаны Авіяхімсэрвіс”. Як паведамілі ў Брэсцкай транспартнай пракуратуры, аварыя адбылася ў час вучэбна-трэніровачнага палёту, дэльтаплан 2008 года выпуску ўпаў з вышыні каля 100 метраў. Адзін пілот загінуў на месцы падзення, другі ад атрыманых траўм памёр у бальніцы. Спецыяльная камісія праводзіць праверку трагічнага здарэння.
Столін
Сезон надзей для вясёлых і знаходлівых
Сёння ў гарадскім Доме культуры адбудзецца раённы конкурс каманд Клуба Вясёлых і Знаходлівых (КВЗ) па тэме “Сезон надзей”. 11 школ Століншчыны паспрачаюцца за прызавыя месцы. Члены журы выбяруць пераможцаў у намінацыях “прыз сімпатый журы”, “лепшы капітан”, “міс КВЗ”, “містэр КВЗ”, “лепшы жарт”, “адкрыццё сезона”, “надзея сезона”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.