Якім было 26 красавіка 1986? Успаміны
У першы восеньскі месяц 1986 года ў Брагінскім раёне,дзе выконваў урадавае заданне зводны атрад упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага Аблвыканкама,не выпала ніводнай кроплі дажджу…
– Навокал усё перасохла настолькі, што дастаткова было маленькай іскры, каб запалала полымя, – успамінаючы той час, гаворыць адзін з ліквідатараў наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Міхаіл Крэгель. – Страшнейшай бяды на тую пару і не прыдумаць: населеныя пункты, дрэвы, трава “насычаны” радыяцыяй. А з дымам пажараў радыенукліды разносіліся б яшчэ больш…
Зводныя атрады міліцыі і падраздзяленні Унутраных войскаў СССР павінны былі забяспечыць парадак на тэрыторыях, з якіх пасля Чарнобыльскай катастрофы насельніцтва было эвакуіравана. Што гаварыць, знаходзілася нямала жадаючых нажыцца на чужой бядзе. Марадзёры не грэбавалі нічым: з пустуючых дамоў выносілі посуд, дываны, веласіпеды… Спыніць гэта і належала міліцыі.
34-гадовы старшы лейтэнант міліцыі Міхаіл Крэгель у той час працаваў інспектарам аддзела аховы грамадскага правапарадку ўпраўлення ўнутраных спраў. Яго прызначылі начальнікам штаба, калі фарміраваўся зводны атрад.
– Каб прыняць замацаваную за атрадам тэрыторыю, да месца дыслакацыі я выехаў крыху раней за сваіх падначаленых, – узгадвае Міхаіл Аляксандравіч. – Уразіў малюнак, які і зараз стаіць перад вачамі: людзі, пакінуўшы ўвесь скарб, уцякалі ад радыяцыі, нібы бежанцы ў гады вайны ад немцаў.
Месцам службы зводнага атрада і яго начальніка штаба стаў пасёлак Савічы. Размясціліся ў памяшканні сярэдняй школы. Міхаіл Крэгель асабіста аб’ехаў усе кропкі, дзе належала ўстанавіць пасты, наладзіў сувязь з суседзямі, высветліў, што ў населеным пункце, акрамя атрада, пражывае яшчэ некалькі мясцовых жыхароў, якія не захацелі пакідаць сваё жыллё.
Нягледзячы на спякоту, вокны ў школе, дзе жылі міліцыянеры, былі заклеены і шчыльна зачынены. Ніхто ў той гарачы верасень не хаваўся ад сонечных прамянёў у цяні дрэў. Даспелыя ў зоне яблыкі і грушы, як і гародніну, катэгарычна забаранялася ўжываць у ежу. Незапатрабаваныя, налітыя радыенуклідамі плады гучна падалі па начах у густую траву. А засеяныя ранняй вясной працаўнікамі мясцовага саўгаса землі без догляду зараслі пустазеллем і восенню сталі раздоллем-“запаведнікам” для розных звяроў.
Цэлы месяц зводны атрад – каля сотні супрацоўнікаў міліцыі з Брэстчыны – нёс службу на Брагіншчыне: байцы ахоўвалі пакінутую маёмасць, сачылі, каб ніхто не трапіў у радыяцыйную зону, каб адтуль нічога не выносілі і не вывозілі. Прычым рабілі гэта без зброі – у наяўнасці ў міліцыянераў была толькі радыёстанцыя.
– Няўжо знаходзіліся аматары трапіць у забруджаную зону? – цікаўлюся ў Міхаіла Аляксандравіча.
– Знаходзіліся, – кажа ён – То мёд спрабавалі вывезці, каб прадаць на рынку, то па грыбы прыходзілі. Аднаго грамадзяніна затрымалі з цэлым возам белых грыбоў – іх той восенню ў мясцовых лясах было столькі, што хоць касой касі. Праўда, даставіць грыбы да месца прызначэння небараку не ўдалося – прыйшлося высыпаць і закапаць.
Назаўжды ў памяці Міхаіла Крэгеля і яго калег застануцца пакінутыя вёскі. Па словах ліквідатара, да гэтага нельга прывыкнуць. Узяць тыя ж Савічы. Да катастрофы ў Чарнобылі тут пражывала каля паўтары тысячы чалавек. Гэта быў цэнтр саўгаса з усёй вытворчай і сацыяльнай інфраструктурай. І раптам у адначассе пасёлак апусцеў. На яго вуліцах можна было сустрэць хіба што галодных адзічэлых катоў ды сабак. А такіх населеных пунктаў на Брагіншчыне многа. Спіс іх доўгі і сумны.
Успамінаючы той час, былы падпалкоўнік міліцыі, які зараз працуе галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы Брэсцкага райвыканкама, Міхаіл Крэгель гаворыць, што цяжкасці, з якімі сустракаліся міліцыянеры, толькі згуртоўвалі іх. Ніхто з ліквідатараў не хаваўся за спіны іншых. Ведаючы пра тое, што знаходжанне ў радыяцыйнай зоне можа прывесці да праблем са здароўем, начальнік штаба ўсяляк стараўся абараніць ад гэтай напасці маладых супрацоўнікаў, якім яшчэ належала ствараць сем’і. Каб яны менш знаходзіліся на вуліцы, часцей за іншых адпраўляў іх на кухню, хоць яны рваліся, як кажуць, у бой…
Нават праз чатыры месяцы пасля аварыі на ЧАЭС інфармацыя аб стане спраў на станцыі паступала няпоўная і недакладная. Тыя, хто ў той час працаваў на забруджанай тэрыторыі, самі бачылі і здагадваліся, што сітуацыя была няпростая. Але, нягледзячы на гэта, усе сумленна выконвалі свой абавязак. Тым больш, што многія з іх былі камуністамі і, гаворыць Міхаіл Аляксандравіч, паступіць інакш проста не маглі.
…Толькі праз пяць гадоў байцы зводнага атрада з Брэстчыны атрымалі дакументы і статус удзельнікаў ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі. У пасведчанні ўказана: “Бестэрміновыя і сапраўдныя на ўсёй тэрыторыі Саюза ССР”. Праўда, Саюза ўжо няма, а памяць пра той час у сэрцах ліквідатараў, сярод якіх быў і Міхаіл Крэгель, жыве.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.