Беларусь

Шалеюць лісіцы і сабакі


БРЭСТ
Школьны век
Учора сярэдняя школа №5 адзначала свой стагадовы юбілей. Спачатку гэта была звычайная сельская школка ў вёсцы Рэчыца, у якой вучыліся ў асноўным дзеці мясцовых беднякоў. Толькі пасля Другой сусветнай вайны яна стала сярэдняй, а з 1968 года, калі Рэчыца ўвайшла ў склад Брэста, – гарадской СШ №5. Сёння ў школе 838 вучняў і 80 педагогаў, якія ўчора разам з ветэранамі-настаўнікамі і выпускнікамі розных гадоў святкавалі круглую дату.
БРЭСЦКІ РАЁН
На Дошку пашаны
Днямі сталі вядомы вынікі раённага конкурсу сярод пасялковага і сельскіх Саветаў дэпутатаў па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва за 2010 год. Пераможцам з занясеннем на раённую Дошку пашаны прызнаны Знаменскі сельскі Савет дэпутатаў (старшыня Сяргей Галавенка). Яму ўручаны  таксама дыплом і грашовая прэмія.
БАРАНАВІЧЫ
Запрашае ўніверсітэт
31 сакавіка ў БарДУ пройдзе дзень адчыненых дзвярэй. Перад абітурыентамі і іх бацькамі з інфармацыяй аб установе выступяць рэктар Васіль Качурка, а таксама адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэканы факультэтаў дзённай і завочнай форм навучання. Пачнецца мерапрыемства ў 11 гадзін.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Аперацыя “Арсенал”
Супрацоўнікі раённага аддзела міліцыі канфіскавалі ў жыхароў раёна тры адзінкі гладкаствольнай зброі, якая захоўвалася з парушэннем заканадаўства. Два чалавекі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Яшчэ двум пашчасціла пазбегнуць пакарання. Яны добраахвотна здалі вінтоўку часоў Вялікай Айчыннай вайны і паляўнічае ружжо. Усяго ў міліцыю было здадзена 169 боепрыпасаў рознага калібру.
БЯРОЗА
Эфектыўная энергія
У чацвер на базе Белаазёрскага  экалагічнага цэнтра навучэнцаў адбыўся семінар на тэму “Энергаэфектыўнае будаўніцтва, альтэрнатыўная энергетыка і пытанні энергазберажэння на мясцовым узроўні”. Мерапрыемства прайшло па ініцыятыве Белаазёрскага сельвыканкама сумесна з мінскім аб’яднаннем “Экапраект Партнёрства” і Інфармацыйным цэнтрам па ўстойлівым развіцці і экатурызме.
ГАНЦАВІЧЫ
Горад у рыштаваннях
Пазаўчора прайшоў чарговы штаб па правядзенні Дня беларускага пісьменства з удзелам намесніка старшыні абл-выканкама Віктара Сакоўскага. Прааналізаваны ход работ, вызначаны бліжэйшыя задачы – у прыватнасці, будаўніцтва алеі Пісьменства. Зараз мяняюцца цеплавыя сеткі, вядзецца рэканструкцыя гасцініцы, жылых дамоў, раённай бібліятэкі, аптэкі, кінатэатра, размешчаных па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра. А на наступным тыдні добраўпарадкаванне сталіцы беларускага пісьменства пачнецца з парку.
ДРАГІЧЫН
Вынікі падводзяць ветэраны
Учора адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі ветэранаў вайны і працы. Са справаздачай выступіў старшыня арганізацыі ветэран Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Лапа. Ён, дарэчы, абраны кіраўніком суполкі на наступны тэрмін. У рабоце канферэнцыі прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Нерад, старшыні пассельвыканкамаў, начальнікі аддзелаў райвыканкама.
ЖАБІНКА
Шалеюць лісіцы і сабакі
На тэрыторыі раёна рэзка пагоршылася сітуацыя з захворваннем звяроў на шаленства: зарэгістраваны ўжо восьмы выпадак. Найчасцей хварэюць лісіцы, а таксама янотападобныя і свойскія сабакі. У кантакце з хворымі жывёламі было сем чалавек, якім аказваецца медыцынская дапамога.
ІВАНАВА
“Млын моды” мясцовай бытоўкі
Сёння, напярэдадні прафесійнага свята, работнікі мясцовага камбіната бытавога абслугоўвання па-асабліваму вітаюць сваіх кліентаў. Для іх  на асобныя віды паслуг 26 сакавіка зроблена зніжэнне кошту на 10 – 20 працэнтаў. У фае гарадскога Дома быта пройдзе дэманстрацыя новай калекцыі льнянога адзення і трыкатажных вырабаў. Усе мадэлі распрацавалі мясцовыя мадэльеры, а вырабілі майстры-бытавікі.
ІВАЦЭВІЧЫ
Знатакі пажарнай справы
З вялікім энтузіязмам  вучні пачатковых класаў устаноў адукацыі раёна ўдзельнічаюць у конкурсе знатакоў пажарнай справы. У пяці турах ужо вызначаны пераможцы: каманды “Выратавальнікі” з САШ №1 г. Івацэвічы, “Іскра” Квасевіцкай, “ЮВП” Велікагацкай, “Цілі-Бом” Быценскай і “101” Гортальскай сярэдніх школ. За апошнюю пуцёўку ў фінал будуць змагацца  пачаткоўцы шасці школ Івацэвіцкай прыгараднай зоны.
КАМЯНЕЦ
Наркотыкам – “не”!
На працягу гэтага тыдня па ініцыятыве райкама БРСМ у школах горада прайшлі трэнінгі па прафілактыцы наркалагічнай залежнасці сярод вучняў 6-11 класаў. Галоўная мэта мерапрыемства – выявіць узровень ведаў  навучэнцаў па гэтай праблеме і  фарміраваць у іх непрыняцце шкоднай звычкі. Усім удзельнікам  трэнінгаў  (а гэта каля 180 вучняў) пасля іх завяршэння будуць выдадзены сертыфікаты аб праходжанні вучобы па гэтай методыцы.
КОБРЫН
Дзявочы трыумф
Першынство Брэсцкай вобласці па шахматах сярод дзяцей ва ўзросце да 8 гадоў прайшло ў Кобрыне. У ім прынялі ўдзел 37 маленькіх спартсменаў з Брэста, Баранавіч, Пінска і Кобрына. Асаблівага поспеху дабіліся кобрынскія дзяўчынкі, якія занялі ўвесь п’едэстал гонару: першае месца заваявала Арына Кузіч з САШ №2, на другім – Лізавета Шчарбацэвіч з 8-й школы, на трэцім – Вольга Бялова з САШ №7. У хлопчыкаў вызначыўся толькі Арцём Дзямбоўскі з сярэдняй школы №7, які стаў другім.
ЛУНІНЕЦ
Паляўнічы крымінал
Да 3 гадоў пазбаўлення волі пагражае беспрацоўнаму маладому чалавеку за нелегальнае паляванне на лася каля вёскі Люшча. Агульная шкода ад недазволенага законам учынку складае звыш 3 мільёнаў рублёў. Акрамя таго, стрэльба, з дапамогай якой браканьер паляваў, не была зарэгістравана. Па факце ўзбуджана крымінальная справа.
ЛЯХАВІЧЫ
Міністэрская адзнака
Напярэдадні прафесійнага свята прыемная навіна прыйшла ў калектыў КУШВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”. Міністэрства камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь ацаніла працу галоўнага бухгалтара прадпрыемства Таццяны Шчука сваім нагрудным знакам, а старанні начальніка ўчастка аварыйна-тэхнічнай службы Юрыя Дубіны, у якога не толькі лідарскія якасці, але і залатыя рукі, – Падзячным пісьмом.
МАЛАРЫТА
Змены ў бальніцы
Пасля капітальнага рамонту адкрыты тэрапеўтычны корпус цэнтральнай раённай бальніцы. Да паслуг пацыентаў тэрапеўтычнага аддзялення камфортныя палаты і асобная – для інвалідаў. Зараз тут налічваецца 53 ложкі. У дзіцячым аддзяленні, якое знаходзіцца ў гэтым жа будынку, могуць размясціцца 25 хворых. Тут жа працуе фізіятэрапеўтычны кабінет. Галоўны  ўрач райбальніцы Віктар Дараневіч падзякаваў будаўнікам Маларыцкай ПМК-20 за работу і ўручыў начальніку калоны Валерыю Масюку Па-дзячнае пісьмо.
ПІНСК
Абыграў старэйшых
Чэмпіёнам Беларусі па шахматах сярод моладзі да 18 год стаў 14-гадовы пінчанін Раман Грыб. Вучань сярэдняй школы №14, якога трэніруе Леанід Лідарэнка, паспрабуе ў хуткім часе свае сілы на шахматным першынстве краіны сярод моладзі да 20 год.
ПІНСКІ РАЁН
Страйкбол у крыўчыцкім лесе
Сёння захапляльная баталія разгортваецца ў лясным масіве каля вёскі Крыўчыцы. Раённы камітэт БРСМ і аддзел па справах моладзі райвыканкама праводзяць тут сумесна з брэсцкім ваенна-гістарычным клубам “Гарнізон” ваенна-патрыятычную гульню па страйкболе “За Перамогу!”. Удзельнічаюць каманды працуючай моладзі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.
ПРУЖАНЫ
Горача на… лёдзе
Учора ў Лядовым палацы адбылося ўрачыстае адкрыццё Міжнароднага хакейнага турніру “Белавежская пушча”. У чацвёрты раз ён праходзіць у Пружанах. Гарачыя хакейныя баталіі паміж беларускімі і расійскімі камандамі (гуляюць хлопцы 1999 года нараджэння) закончацца ў нядзелю ўручэннем галоўнага кубка турніру.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля