“Бізон” і яго партнёры
Сумеснае прадпрыемства па вытворчасці хмелю можа поўнасцю задаволіць гэтай сыравінай ААТ “Брэсцкае піва” і напалову ад патрэбнасці – ААТ “Крыніца”
Як атрымалася, што на Маларытчыне заняліся вытворчасцю хмелю? Усё проста: ён неабходны быў для вырабу піва на міні-заводзе, які ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя даволі паспяхова працаваў у калгасе “Маларыцкі”. Купляць сыравіну для гаспадаркі было дорага, таму яе кіраўнік Валерый Антановіч вырашыў вырошчваць хмель сам. А чаму не? У суседніх Украіне і Польшчы ён расце!
У хуткім часе ўздоўж аўтастрады Брэст – Маларыта на васьмі гектарах з’явіўся хмель. Першы ўраджай шышак быў не такі, вядома, як атрымлівалі немцы, дзе куплялі чаранкі для пасадкі, але ён абнадзеіў…
Праўда, піва вырабляць у калгасе хутка перасталі: міні-завод не вытрымаў канкурэнцыі магнатаў-вытворцаў гэтага пеністага напітку. А вось хмель прыжыўся на Маларытчыне. Больш таго, ідэяй Валерыя Антановіча зацікавіліся немцы, а ў 1991 годзе гаспадарку, якой ён кіраваў, наведалі супрацоўнікі навукова-даследчага інстытута IFZ і соладавага завода ў Ландсбергу з доктарам Клаусам Вільдынгам. Ім неабходны былі партнёры для сумеснай работы ў галіне піваварэння. Летам наступнага года беларусы пабывалі ў Германіі. Падчас гэтага візіту было прынята рашэнне аб наладжванні супрацоўніцтва паміж калгасам “Маларыцкі” і соладавым заводам “Мальцфабрык” з Ландсберга. Тады ж у рамках сумеснай работы ў гаспадарку была завезена з Германіі першая партыя чаранкоў хмелю для пасадкі. А ў сакавіку 1993 года пры садзейнічанні аддзела знешнеэканамічных сувязей Брэсцкага аблвыканкама, Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь было створана і афіцыйна зарэгістравана сумеснае беларуска-нямецкае прадпрыемства “Бізон”. Асноўнымі відамі яго дзейнасці сталі вырошчванне і перапрацоўка хмелю для айчыннага піваварэння.
Узначаліў сумеснае прадпрыемства Валерый Антановіч. Разам з ім у створаную вытворчую адзінку перайшлі каля 30 работнікаў калгаса. Вырошчваць хмель ездзілі вучыцца ў Германію. Аднак гэта зусім не значыць, што кожны тут заняты толькі сваёй работай. Механізатары могуць выконваць таксама слясарныя і такарныя работы. Жанчыны зімой нарыхтоўваюць дрот для хмелешпалер. Не цураецца сесці на трактар і сам дырэктар.
За 17 гадоў дзейнасці прадпрыемства адведзеныя пад хмель плошчы павялічыліся з 8 да 22 гектараў. Вырошчваюць на іх гатункі нямецкай селекцыі: горкія “Магнум” і “Нордэн-брэвер”, араматычныя “Перле” і “Шпальтэр-селект”. Ураджай сухіх шышак летась, напрыклад, склаў каля 1000 кілаграмаў з аднаго гектара насаджэнняў. Гэта практычна такі ж вынік, як у Германіі, Польшчы і Украіне. Праўда, як гаворыць дырэктар, год на год не прыходзіцца.
Як і пад пасадку іншых культур, пад хмель механізатары рыхтуюць глебу, уносяць угнаенні, праводзяць ахоўныя мерапрыемствы ад рознага роду шкоднікаў і хвароб. Арганічныя ўгнаенні, як і мінеральныя, прадпрыемству даводзіцца купляць, бо жывёлагадоўляй яно не займаецца. Набываюць арганіку па бартары ў суседніх гаспадарках.
Для паспяховага развіцця хмеляводства ў СП “Бізон” маецца ўся неабходная глебаапрацоўчая, пасадачная і ўборачная тэхніка, абрэзчык і апырсквальнік хмелю. І калі першыя тры гады шышкі даводзілася ўбіраць уручную, дык цяпер гэта робіць хмелеўборачны камбайн. Коштам больш чым за 100 тысяч долараў яго набыў нямецкі бок у першыя гады дзейнасці СП. Пазалетась у “Бізоне” з’явіўся новы, больш сучасны камбайн чэшскай вытворчасці, які можа за сезон убраць 80 гектараў хмелю. Набыты ён ААТ “Белхмельагра”, створанае на Маларытчыне два гады таму. Заснавальнікамі гэтага прадпрыемства па вытворчасці хмелю сталі ААТ “Крыніца” і фермерская гаспадарка “Магнум-хмель” з Пружанскага раёна. Стары камбайн прададзены фермерскай гаспадарцы.
Для перапрацоўкі шышак у “Бізоне” ёсць хмелесушылка і гранулятар. На першай сабраны ўраджай дасушваюць да 10-працэнтнай вільготнасці, затым перапрацоўваюць у гранулы і фасуюць у пакеты з фольгі па 5, 10 кілаграмаў. Для фасоўкі выкарыстоўваецца спецыяльная машына.
– У хуткім часе будзе ўстаноўлена яшчэ адна сушылка, – гаворыць дырэктар прадпрыемства. – Яе плануем прывезці са Светлагорска.
Па якасных паказчыках вырашчаны на маларыцкіх землях хмель не ўступае імпартнаму і цалкам можа канкурыраваць з ім. Асноўным спажыўцом з’яўляюцца два дзяржаўныя заводы па вытворчасці піва – ААТ “Брэсцкае піва” і ”Крыніца”. На працягу 15 гадоў “Бізон” пастаўляў хмель таксама “Лідскаму піву”.
– Летась гэты завод выкупіла фінская кампанія, – з горыччу ў голасе гаворыць Валерый Антановіч, – і хмель, які мы вырошчвалі для лідскіх півавараў, застаўся незапатрабаваным. Няхай і не ў вялікай колькасці, набывалі яго ў нас Рэчыцкі і Бабруйскі піўзаводы, але іх таксама выкупілі замежныя кампаніі, у якіх свае пастаўшчыкі хмелю. Продаж беларускіх прадпрыемстваў замежным кампаніям вельмі моцна б’е па айчынных вытворцах сыравіны. Мы адчулі гэта на сабе. Цяпер даводзіцца пераразмяркоўваць хмель, выраблены для гэтых заводаў, паміж іншымі спажыўцамі ды думаць, чым заняць плошчы, на якіх яго вырошчвалі.
Але Валерый Антановіч не падае духам. Наадварот, ён поўны новых задум і ідэй. Марыць, напрыклад, пра той дзень, калі “Бізон” стане чыста беларускім прадпрыемствам па вытворчасці хмелю. І плошчы пад гэтую культуру ў перспектыве давесці да 100 гектараў. Тэхніка для вырошчвання такой колькасці хмелю і вытворчыя магутнасці для перапрацоўкі ў іх ёсць. Працуюць у “Бізоне” і над стварэннем маларыцкага араматычнага гатунку хмелю. А на няўдобіцах пасадзілі два гектары буякоў.
– Вырошчваць хмель – справа выгадная, хоць і клапотная, – гаворыць дырэктар. – І тым не менш, выручаных ад яго рэалізацыі сродкаў хапае нам не толькі выплачваць людзям своечасова і нядрэнную па цяперашніх мерках зарплату, але і ўкладваць іх у развіццё вытворчасці. У апошнія гады мы значна абнавілі машынна-трактарны парк, пабудавалі адміністрацыйны будынак, склад.
…Што тычыцца створанага два гады таму новага прадпрыемства па вытворчасці хмелю, дык гэтай вытворчай адзінцы непадалёк ад плантацый СП “Бізон” Маларыцкі райвыканкам выдзеліў 30 гектараў зямлі. На 17 гектарах пабудаваны ўжо хмеле-шпалеры, на 10 з іх летась быў атрыманы другі ўраджай шышак. Для змяншэння затрат на вырошчванне хмелю “Белхмель-агра” заключыў дагавор з Інстытутам пладаводства на вытворчасць пасадачнага матэрыялу ў мерыстэмнай лабараторыі. Гэта, на думку Валерыя Антановіча, будзе яшчэ адным важкім крокам у развіцці беларускага хмеляводства.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Маларыцкі раён.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.