Што новага ў рэгіёнах?

Што новага ў рэгіёнах?

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

БРЭСТ
Са старонак сямейных альбомаў
У аўторак у музеі “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці” адкрылася новая выстава брастаўчанкі Таццяны Мухароўскай. У экспазіцыі – 70 фотаздымкаў з яе аўтарскага праекта “Брэст на старонках сямейных альбомаў”. Яны расказваюць аб тым, як выглядалі ў пачатку мінулага стагоддзя вуліцы, алеі, скверы і паркі Брэста, дзе і сёння любяць гуляць гараджане і госці горада над Бугам. Выстава будзе працаваць да 8 верасня.
БРЭСЦКІ РАЁН
Супраць п’янства – грамадой
У аўторак на базе Матыкальскага сельсавета  адбылося выязное пасяджэнне раённага савета прафілактыкі, у якім прынялі ўдзел старшыня райвыканкама Уладзімір Мацука і пракурор вобласці Сяргей Хмарук. Яго ўдзельнікі азнаёміліся  з работай  мясцовага грамадскага пункта аховы правапарадку і грамадскіх фарміраванняў па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, папрысутнічалі на пасяджэнні камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам у РУСП “СГЦ “Заходні”. На пленарным пасяджэнні падведзены вынікі работы па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам у раёне.
БАРАНАВІЧЫ
Аўтобусы вярнуліся
Пасля заканчэння рамонту ўчастка вуліцы 50 год БССР адноўлены рух грамадскага транспарту ў мікрараёне Бараўкі. З 20 ліпеня на свае маршруты выйшлі аўтобусы №№2,4,15,18,28. Усе рэйсы, акрамя 28-га маршруту, ажыццяўляюцца па старым раскладзе.
БАРАНАВІЦКІ РАЁН
Часночная серыя
Незвычайныя крымінальныя справы ўзбуджаны 19 ліпеня раённым аддзелам унутраных спраў. Міліцыя шукае злачынцаў, што ўкралі амаль 45 кілаграмаў часнаку з градак ў дачным таварыстве каля вёскі Альсевічы. Зафіксавана чатыры эпізоды часночнай серыі крадзяжоў. Аматараў карыснай культуры шукаюць.
БЯРОЗА
Веласіпед, байдарка, творчасць
10 каманд прынялі ўдзел у 8-м турыстычным злёце працоўнай моладзі раёна на Белым возеры. Удзельнікі спаборнічалі ў спартыўным арыентаванні, тэхніцы пешаходнага турызму, фігурным ваджэнні веласіпеда, водным турызме на байдарках, а таксама ў творчых конкурсах. У агульнакамандным заліку пермагла каманда райвыканкама.
ГАНЦАВІЧЫ
Вышэйшы ўзровень
Аддзел адукацыі райвыканкама падвёў вынікі цэнтралізаванага тэсціравання выпускнікоў. Аказалася, што па 12 прадметах сярэдні бал ганцаўчан вышэй абласнога і рэспубліканскага паказчыкаў. Атэстат аб заканчэнні сярэдняй школы сёлета тут атрымалі 337 юнакоў і дзяўчат. Самыя высокія балы – у былых гімназістаў.
ДРАГІЧЫН
Удачныя раскопкі
Раскопкі, якія спецыялісты СП “Крэда-Дыялог” і РУП “Белаэракосмагеадэзія” Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь вялі на тэрыторыі раёна, завяршыліся на гэтым тыдні знаходкай яшчэ аднаго геадэзічнага пункта Дугі Струвэ. Ён выяўлены ў вёсцы Белін Асавецкага сельсавета. Дуга Струвэ працягласцю 2820 кіламетраў уяўляе сабой сетку з 265 геадэзічных пунктаў – мураваных кубоў памерам 2х2 метры, закладзеных у зямлю. Рашэннем Камітэта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА  геадэзічная Дуга Струвэ ў 2005 годзе занесена ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
ЖАБІНКА
Прафілактыка для бацькоў
У чацвер прадстаўнікі аддзелаў унутраных спраў, адукацыі і аховы здароўя райвыканкама ў рамках акцыі “Сям’я без насілля” наведалі праблемныя сем’і ў вёсках Хмелева, Сакалова, Сакі і Падлессе. З бацькамі праведзены прафілактычныя гутаркі.
ІВАНАВА
Турысты-актывісты
Удзельнікамі міжраённага турыстычнага злёту былі старшыні саветаў моладзі і сакратары пярвічных арганізацый ГА “БРСМ” Драгічыншчыны і Іванаўшчыны. За два дні маладзёжныя актывісты двух раёнаў змаглі не толькі пазнаёміцца і добра адпачыць, але і абмяняцца вопытам работы ў сваіх калектывах, прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах.
ІВАЦЭВІЧЫ
35-е лета завода
35 гадоў з дня заснавання споўнілася мясцоваму заводу жалезабетонных вырабаў. Зараз канкурэнтаздольнае прадпрыемства ўзначальвае Валянцін Канашук, а працоўны штат завода налічвае звыш 300 чалавек. Па выніках раённага спаборніцтва сярод прамысловых прадпрыемстваў за мінулы год калектыў завода-юбіляра атрымаў Ганаровы пераходны сцяг, грамату райвыканкама і грашовую прэмію.
КАМЯНЕЦ
Памянялі Машу
У Нацыянальным парку  “Белавежская пушча” па рэалізацыі плана аднаўлення экскурсійных вальераў праведзена замена самкі мядзведзя.  Старая па мянушцы Маша перададзена ў Мінскі заапарк, а на яе месца з сялянскай фермерскай гаспадаркі з-пад Бабруйска завезена аднагадовая мядзведзіца. Набылі яе па бартары: узамен мядзведзіцы і ваўка фермер атрымаў пару высакародных аленяў.
КОБРЫН
Парадак – узорны
Падведзены вынікі конкурсу на ўзорны санітарны стан і добраўпарадкаванне горада. У намінацыі “Пад’езд узорнага парадку” лепшым прызнаны пад’езд №1 жылога дома №105 па вуліцы Дзяржынскага (старшая Таццяна Канавалава), у намінацыі “Двор узорнага парадку” адзначаны двор дома №104 па вуліцы Настасіча (старшыня дамавога камітэта Дар’я Любіч), а ў намінацыі “Лепшае добраўпарадкаванне прыватнага падвор’я” пераможцай названы дом №19 па вуліцы Паляўнічай (гаспадар Сяргей Назарук). Усім пераможцам на Дні горада ўручаны граматы райвыканкама.
ЛУНІНЕЦ
Самыя творчыя бібліяманы
Раённы агляд-конкурс “Бібліятэка – тэрыторыя творчасці” назваў імёны пераможцаў. Лепшымі прызнаны работы чытачоў Віталя Цішанінава, Алены Наварыч і Марты Цішко. Сярод прафесіяналаў бібліятэчнай справы за добрую арганізацыю творчай дзейнасці адзначаны Ала Радзюк, Лідзія Цімашэй, Галіна Канановіч, Таццяна Трэсцін і калектыў Мікашэвіцкай гарадской бібліятэкі.
ЛЯХАВІЧЫ
Лугавая – “люкс”
Завяршыліся рамонтныя работы на вуліцы Лугавой у райцэнтры. Доўгачаканым падарункам для гараджан сталі новыя тратуары, бардзюры, асфальтавае пакрыццё з дарожнай разметкай. На вуліцы ўладкавана сістэма водаадвядзення. Усяго на добраўпарадкаванне Лугавой затрачана больш за 570 мільёнаў рублёў.
МАЛАРЫТА
“Жамчужына” райцэнтра
Спартыўны ўніверсальны цэнтр, у якім працуюць трэнажорная зала, тэнісныя корты са штучным пакрыццём, зала для гульнявых відаў спорту і цудоўны басейн, нарэшце атрымаў афіцыйную назву. Па шматлікіх прапановах грамадзян, якія актыўна адгукнуліся на просьбу кіраўніцтва спартыўнага аб’екта прыдумаць яму імя, цэнтр назвалі “Жамчужынай”.
ПІНСК
Залілі полымя
З дапамогай палівачнай машыны КУВП “Пінская ЖКГ” быў патушаны аўтамабіль ВАЗ, які загарэўся акурат сярод дарогі. Верагодна, прычынай інцыдэнту стала кароткае замыканне.  Вадзіцель Алег Федарук і слесар Віктар Майшук, якія ў гэты час працавалі на суседняй вуліцы, не разгубіліся і ліквідавалі агонь да прыезду выратавальнікаў.
ПІНСКІ РАЁН
А лепшым чытачам – сувеніры
Бенефіс пад назвай “Бібліятэка – храм, дзе розум і душа чэрпаюць сілы”, прысвечаны 65-годдзю з дня стварэння Сошненскай сельскай бібліятэкі, прайшоў у мясцовым СДК. З віншаваннямі і падарункамі на ўрачыстасць прыехалі шматлікія госці. Завіталі на дзень нараджэння і чытачы: найбольш актыўным з іх бібліятэкар Марыя Боханка ўручыла граматы і памятныя сувеніры. Святочны настрой удзельнікам бенефісу падарыў фальклорны калектыў “Крыніцы” Пінкавіцкага СДК.
ПРУЖАНЫ
У любую кропку – з “Яндэксам”
На картах пошукавай сістэмы “Яндэкс” з’явіліся спадарожнікавыя здымкі яшчэ 16 гарадоў Беларусі, сярод якіх і Пружаны. Цяпер гараджане і сельскія жыхары з дапамогай інтэрнэту змогуць віртуальна пабываць у любым населеным пункце раёна, а замежныя госці – паглядзець, напрыклад, на вядомы палац Сапегаў у Ружанах.
СТОЛІН
Падпісаўся на газету, а атрымаў… DVD
Галоўны прыз падпісной кампаніі раённай газеты “Навіны Палесся” атрымаў пенсіянер з вёскі Рухча-2. Шчасліўчыка завуць Міхаіл Мацвяйчук. Ужо даволі працяглы час ён з’яўляецца пастаянным чытачом і падпісчыкам “раёнкі”. Свой трафей – новенькі сучасны DVD – пераможца атрымаў з рук галоўнага рэдактара “Навін Палесся” Алены Клімушкі, якая асабіста наведалася ў госці, каб павіншаваць мужчыну.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

На палях Брэстчыны распачалася масавая ўборка збожжавых

Следующая запись

Аб’яўлены чарговы шосты конкурс “Лепшы менеджар па якасці”