У Мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці адкрылася выстава сучаснай дзіцячай кніжнай ілюстрацыі
Брэст
Малюнкі з кніжак
У Мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці адкрылася выстава сучаснай дзіцячай кніжнай ілюстрацыі з Беларусі, Германіі і Польшчы. Звыш 100 самых разнастайных малюнкаў паглядзелі ўжо аматары мастацтва ў Мінску, Магілёве, Гомелі і Баранавічах. Выстава ў горадзе над Бугам працягнецца да канца ліпеня. Потым яна пераедзе ў Гродна, Віцебск і Бабруйск.
Брэсцкі раён
“Скураны мяч” вызначыў мацнейшых
У чацвер у раёне прайшлі спаборніцтвы па футболе сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”. На стадыёне вёскі Чэрні званне мацнейшай аспрэчвалі 6 каманд малодшай узроставай групы, а ў Чарнаўчыцах – столькі ж каманд старэйшай узроставай групы. У малодшай групе перамагла каманда Астрамечаўскай СШ, у старэйшай – Знаменскай СШ. Яны і будуць абараняць гонар Прыбужжа на абласных спаборніцтвах, якія адбудуцца ў жніўні.
Баранавічы
Чалавек справы
Дырэктар ААТ “Бархім” Яўген Руды стаў лаўрэатам штогадовага конкурсу “Чалавек справы”, які арганізуе бізнэс-часопіс “Справа”. Кіраўнік прызнаны лепшым у намінацыі “За значнае павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці і экспартных паставак айчыннай прадукцыі ва ўмовах крызісу”. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання прайшла ў сталічным Палацы Рэспублікі.
Баранавіцкі раён
А як у Міры?
Работнікі культуры Магілёўскай вобласці прыехалі абмяняцца вопытам з баранавіцкімі калегамі. На базе сельскага Дома культуры пасёлка Мір прайшоў семінар “Традыцыі і сучаснасць”, на якім госці пазнаёміліся з дзейнасцю творчых калектываў і работай СДК, а пасля наведалі раённы цэнтр рамёстваў у вёсцы Русіно.
Бяроза
Квартал для аграрыяў
Тэрыторыя пад будаўніцтва жылля для работнікаў філіяла “Луч” ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” выдзелена на пустэчы паміж базай ПМК-3 і вёскай Навасёлкі. У перспектыве на гэтым месцы з’явяцца дзве новыя вуліцы і будуць пабудаваны 40 дамоў. Плануецца, што тут будуць жыць спецыялісты сельскай гаспадаркі.
Ганцавічы
“Зарнічнікі” ўзялі бронзу
На рэспубліканскім фінале ваенізаванай гульні “Зарніца” нашу вобласць прадстаўляла каманда сярэдняй школы №3 райцэнтра. Праграма спаборніцтваў была насычанай і разнастайнай. У выніку – трэцяе месца. Сярод асабістых дасягненняў варта адзначыць лепшыя ў рэспубліцы вынікі ў Андрэя Якубоўскага, Рамана Файлера і Настассі Джафаравай.
Драгічын
На парадку дня – прафілактыка правапарушэнняў
У аўторак старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Верамейчык правяла пасяджэнне савета па прафілактыцы правапарушэнняў, на якім былі разгледжаны два пытанні. Аб рабоце раённых сродкаў масавай інфармацыі па прававой адукацыі грамадзян расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы Таццяна Масюк, аб стане работы ўстаноў Антопальскага пассавета па прафілактыцы правапарушэнняў, арганізацыі вольнага часу насельніцтва – сакратар Антопальскага пасялковага Савета Антаніна Ясько.
Жабінка
Вяртанне шлюбных традыцый
Такую мэту ажыццяўляюць работнікі ЗАГСа і гарадскога Дома культуры, якія разам рэгіструюць шлюбы ў часова адведзенай і прыемна ўпрыгожанай зале ГДК з пакуль што спробнымі, але на будучыню больш пашыранымі традыцыямі нашых бабуль і дзядоў. Паслуга крыху даражэйшая за звычайную, але жадаючыя заключыць сямейны саюз больш запамінальна ўжо ёсць.
Іванава
Ячмень – толькі якасны
На рэспубліканскім семінары, які праводзіўся на базе ААТ “Белсолад”, ішла гаворка аб мерах па забеспячэнні нарыхтоўкі ў рэспубліцы якаснага ячменю. У ім прымалі ўдзел намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Васіль Паўлоўскі, начальнікі аддзелаў нарыхтовак і загадчыкі лабараторый піваварных прадпрыемстваў і іншыя зацікаўленыя спецыялісты. Удзельнікі пазнаёміліся з тэхналогіяй вытворчасці соладу пасля рэканструкцыі і пераабсталявання ААТ “Белсолад”, наведалі доследнае поле ДСУП “Ляхавіцкае- Агра”.
Івацэвічы
Другая чарга
Атрымана новае абсталяванне, якое будзе зманціравана на кукурузакалібровачным заводзе. Работнікі УП “Івацэвіцкая ПМК-11” цяпер актыўна вядуць работы на другой чарзе прадпрыемства. Хоць нарматыўны тэрмін будаўніцтва – кастрычнік, будаўнікі пастараюцца скараціць яго да сярэдзіны жніўня. Увядзенне ў строй другой чаргі завода павялічыць магутнасць прадпрыемства пры апрацоўцы насення кукурузы да 5000 тон за год.
Камянец
Памаладзее “Любава”
У Камянцы распачата рэканструкцыя ўніверсама “Любава”. Вядзе яе мінская будаўнічая фірма “Крас і С”. На рамонтныя работы будзе выдаткавана больш за 2,5 мільярда рублёў. Здача адрэканструяванага магазіна запланавана на пачатак наступнага года. Пасля выкананых будаўнікамі работ універсам не толькі зменіць знешні і ўнутраны выгляд, але і стане больш прасторным: яго плошча павялічыцца ў два разы, а гандлёвы працэс будзе поўнасцю камп’ютарызаваны.
Кобрын
Сто гадоў
100-гадовы юбілей адзначыў старэйшы жыхар вёскі Гарадзец Пётр Дубіна. Пётр Сямёнавіч – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, вызваляў Жабінку, Брэст, пад Варшавай быў цяжка паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалём маршала Жукава. Павіншавалі ветэрана з юбілеем начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Якаўчук, старшыня раённага таварыства ветэранаў Мікалай Грыневіч, старшыня Гарадзецкага сельвыканкама Марыя Здановіч.
Лунінец
Губіць людзей вада
У панядзелак вада забрала жыццё 26-гадовага масквіча, які разам з маці прыехаў наведаць родзічаў у вёску Лахва. Увечары малады чалавек пайшоў купацца на рэчку Смердзь. Мясцовыя жыхары, якія заўважылі цела, спрабавалі аказаць першую медыцынскую дапамогу, але беспаспяхова. Вядома, што патануўшы спіртнога не ўжываў, але пакутаваў ад гіпертаніі.
Ляхавічы
Турыстычныя выхадныя
Лясны масіў каля вёскі Мінічы ў мінулыя выхадныя стаў месцам сустрэчы аматараў турызму. Тут прайшоў традыцыйны раённы злёт працуючай моладзі, у якім прынялі ўдзел каля 60 чалавек. Добра настрой і спартыўны запал стварылі выдатную атмасферу, якую не змагла сапсаваць нават 30-градусная спёка. Яна ж не перашкодзіла камандзе турыстаў “Вышыня” раённага спажывецкага таварыства заняць першае месца і атрымаць прызы ад арганізатараў мерапрыемства.
Маларыта
Як спрацавалі?
Учора пад старшынствам кіраўніка раённай вертыкалі Казіміра Лапіча адбылося чарговае пасяджэнне райвыканкама, на якім былі абмеркаваны вынікі выканання прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за першае паўгоддзе. Са справаздачамі па гэтым пытанні выступілі намеснікі старшыні райвыканкама Вячаслаў Федзюковіч, Эдуард Кандзярэшка, Віктар Сарока, Вадзім Шпетны. На пасяджэнні былі таксама разгледжаны пытанні аб выкананні бюджэту, аб выніках работы са зваротамі грамадзян і іншыя.
Пінск
Чэмпіёнамі не сталі
Завяршыўся ХХV чэмпіянат Еўропы па мотаболе, гульні якога праходзілі ў Пінску і Лунінцы. На жаль, беларуская каманда, якая лічыцца адным з лідараў у гэтым відзе спорту, у фінальнай сустрэчы саступіла зборнай Расіі, а таму атрымала толькі сярэбраныя медалі. Расіянам і беларусам кампанію на п’едэстале гонару склала каманда Францыі, якая заняла трэцяе месца.
Пінскі раён
Зарабіць на буяках
Да збірання буякоў прыступіла РСГУП “Беларускія журавіны”. На плантацыі ў вёсцы Селішча нарыхтоўваюць смачную ягаду і старшакласнікі з Пачапава, Гарадзішча, Парахонска, Пінкавіч і іншых вёсак. Індывідуальным працаўладкаваннем школьнікаў актыўна займаецца райкам БРСМ. На 8-гектарнай плантацыі работы хопіць, а таму жадаючыя могуць у любы дзень скарыстаць прапанову раённага камітэта.
Пружаны
Лёд – наш, хакеісты – расійскія
На вучэбна-трэніровачныя зборы ў райцэнтр прыехалі школьнікі з Санкт-Пецярбурга. Ужо другі год запар юныя расійскія хакеісты адпрацоўваюць дакладныя пасы і трапныя ўдары па варотах на лёдзе ў Пружанах. Выдатная лядовая арэна, гасціннасць беларусаў, магчымасць спалучыць трэніроўкі і адпачынак з цікавай культурнай праграмай – усё гэта падабаецца юным спартсменам з горада на Няве.
Столін
Тарфяная дамоўленасць
Днямі Століншчыну наведала дэлегацыя з Украіны. Супрацоўнікі Інстытута воднай гаспадаркі і прыродакарыстання, кіраўнікі торфаперапрацоўчых прадпрыемстваў, куратары праекта Праграмы развіцця ААН і Глабальнага экалагічнага фонду прыехалі з мэтай ацаніць тарфяна-балотныя рэсурсы рэгіёна. Госці падпісалі дамоўленасць з торфапрадпрыемствам “Глінка” аб экспарце гэтай сыравіны ва Украіну. Першую порцыю суседзі-ўкраінцы атрымаюць у канцы 2011 года.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.