ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат” выпускае прадукцыю для ўсіх, хто любіць натуральнае

ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат” выпускае прадукцыю для ўсіх, хто любіць натуральнае

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Дзе знаходзіцца вытворчасць любімых гараджанамі малака, масла, марожанага і іншых малочных прадуктаў, у Баранавічах ведаюць добра. Падлеткі, умінаючы за абедзве шчакі сыркі глазураваныя і марожанае, ахвотна паказалі дарогу. На вуліцы 50 год БССР знаходзіцца адно з найбольш мадэрнізаваных і сучасных прадпрыемстваў не толькі райцэнтра, але і краіны. Завод з’яўляецца адным з буйнейшых у малочнай прамысловасці Брэстчыны. На ім выпускаюць больш за 90 відаў прадукцыі разнастайнага асартыменту: натуральнамалочную прадукцыю, у тым ліку стэрылізаванае малако; плаўленыя, каўбасныя, паўцвёрдыя сыры; масла жывёльнае; марожанае; маянэзы; соусы; сухія, малочныя і згушчаныя прадукты; заменнікі малака і казеін кіслотны.
– Малочная вытворчасць – справа цяжкая і вельмі адказная, – разважае дырэктар ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат” Віктар Ракуць. – Кароткія тэрміны рэалізацыі прадукцыі, вялікая канкурэнцыя, жорсткія патрабаванні пакупнікоў вымушаюць заўсёды клапаціцца пра тое, каб абсталяванне было самае новае, тэхналогіі – самыя сучасныя, а людзі імкнуліся да дасканаласці. Менавіта для таго, каб заставацца на піку поспеху, варта сказаць “так” усяму новаму і зрабіць стаўку на апярэджанне. Вучоба ў мараходным вучылішчы ў маладосці вельмі дапамагае цяпер у пакарэнні новых гарызонтаў. Вытрымка, цярплівасць і энергічнасць падштурхоўваюць не стаяць на месцы, а заўсёды плыць, нават супраць цячэння. Раней мяне неаднойчы адгаворвалі не рызыкаваць з вытворчасцю паўцвёрдых сыроў, маўляў, гэта вельмі спецыфічны і капрызны прадукт. Але жаданне прасунуцца далей на малочным рынку прымусіла не адмовіцца ад пастаўленай мэты. За свой завод хварэю душою, заўсёды імкнуся адсочваць новыя тэндэнцыі і своечасова прымяняць іх на вытворчасці.
Яшчэ ў 1992 годзе здадзены ў эксплуатацыю цэх сухіх малочных прадуктаў. Цяпер ён асна-шчаны новым прагрэсіўным тэхналагічным абсталяваннем, на якім выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі вытворчасці. Камбінат цалкам выкарыс-тоўвае адгон і сыроватку для перапрацоўкі. У 2008 годзе ўстанавілі сучасную лінію Tetrа Pak па вытворчасці стэрылізаванага малака ва ўпакоўцы Тэтра Фіна Асэптык.
– На камбінаце ўвесь час вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці, разам з тым не застаецца без увагі камфорт работнікаў, – расказала галоўны тэхнолаг Ларыса Амбражэйчык. – Для персаналу створаны ўтульныя бытавыя пакоі і памяшканні для адпачынку. Атмасфера, якая пануе на прадпрыемстве, стымулюе да добрай працы. Пастаянны лабараторны тэхналагічны кантроль на ўсіх стадыях вытворчасці забяспечвае высокую якасць прадукцыі. На прадпрыемстве актыўна вя-дзецца работа па павелічэнні тэрмінаў рэалізацыі за кошт узмацнення жорсткасці патрабаванняў да вытворчага працэсу і ўпаковачных матэрыялаў. Калектыў працуе над удасканаленнем тэхналогій і распрацоўкай новых відаў прадукцыі. Шмат увагі ўдзяляецца выпуску дыетычных, лячэбна-прафілактычных прадуктаў з разнастайнымі карыснымі дабаўкамі, якія аказваюць аздараўленчы эфект на арганізм чалавека.
Магчыма, таму так падабаюцца дзецям і дарослым смятана, тваражок, кефір, напіткі, зробленыя добрымі людзьмі і кваліфікаванымі спецыялістамі. І, што немалаважна, з натуральных прадуктаў. Гандлёвая марка “Раніца” – брэнд, які гарантуе цудоўны смак і высокую якасць. На ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат” клапоцяцца пра тое, каб задаволіць густ пакупнікоў добра вядомым асартыментам і парадаваць навінкамі. Для гэтага тут штодзённа працуюць паўтысячы чалавек.
Бяспеку і якасць прадукцыі гарантуе сістэма бяспекі харчовых прадуктаў. Пяць гадоў таму прадпрыемству быў уручаны сертыфікат сістэмы СТБ ІСО 9001-2001. Крыху пазней камбінат атрымаў экспартны ветэрынарны нумар. На прадпрыемстве дзейнічаюць сістэма менеджменту навакольнага асяроддзя ў адпаведнасці з патрабаваннямі ISO 14001:2004, а таксама сістэма кіравання аховай працы ў адпаведнасці з міжнародным стандартам OHSAS 18001. Вядзецца распрацоўка сістэмы менеджменту бяспекі харчовых прадуктаў СТБ ІСО 22000-2006. Два гады таму ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат” атрымаў права маркіраваць сухое малако і масла сметанковае знакам “Натуральны прадукт”.
Вялікія надзеі ўскладаюць работнікі на новы сыраробны цэх. Ён пачаў працаваць у студзені гэтага года. Уражвае сучаснае аўстрыйскае абсталяванне. У працэсе вытворчасці амаль не задзейнічаны людзі. Аўтаматызацыя дазваляе не толькі эканоміць рэсурсы, але і павысіць узровень якасці сыроў. На кожным аддзяленні задзейнічана па адным чалавеку, найбольш запатрабавана ручная праца на ўпакаванні. І тут баранавіцкі камбінат стаў наватарам. На прадпрыемстве адмовіліся ад такой працэдуры, як абсушка сыроў, гэта дазваляе скараціць затраты, аблегчыць працу людзей і не згубіць смакавыя якасці сыру. Пакуль тут наладжана вытворчасць вядомых усім “Расійскага”, “Расійскага маладога”, “Галандскага” сыроў. У бліжэйшай будучыні плануецца пачаць вырабляць яшчэ і “Пашахонскі”. На заводзе прадумана кожная аперацыя вытворчасці, нават ёсць машына для мойкі кантэйнераў.
Сярод прадпрыемстваў па вырабе сыроў баранавіцкае адрозніваецца навізной абсталявання – такая палітыка кіраўніцтва. Сярод найноўшых тэхналогій можна назваць устаноўку мікрафільтрацыі расолу ў цэху па вытворчасці сыру, якая дазваляе максімальна ачысціць расол. Сучасныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца не толькі ў вытворчасці, але і ў захоўванні гатовай прадукцыі. Нядаўна пачало функцыянаваць новае сховішча для сыру з некалькімі камерамі захоўвання. Вядома ж, добры сыр павінен выспець, а для гэтага на камбінаце створаны выдатныя ўмовы.
– Новы цэх адкрывае шырокія магчымасці для камбіната, – пераканана начальнік цэха Святлана Дзявяткіна. – Сыры становяцца ўсё больш запатрабаванымі сярод насельніцтва. У спажыўцоў ёсць вялікі выбар гэтай прадукцыі, таму мы імкнёмся заняць сваю нішу на гэтым рынку пры дапамозе натуральнай сыравіны, асаблівай рэцэптуры і ўкладзенай у працу душы.
Пра тое, што прадукцыя вельмі запатрабавана, сведчыць той факт, што завод адгружае гатовыя тавары на чыгунку і на аўтапаязды, для гэтага абсталяваны спецыяльныя пад’езды. Еўрапейскі рамонт і беларуская працавітасць рухаюць прадпрыемства далёка наперад. Малочны камбінат, быццам флагман у малочным моры, апярэджвае час і ведае, як захаваць лідарскія пазіцыі ў няпростай для вытворцаў малочнай сферы.
Прадукцыя завода доб-ра вядомая ў розных рэгіёнах Беларусі. Сухія малочныя прадукты, казеін тэхнічны, масла жывёльнае шырока рэалізуюцца ў Расійскай Федэрацыі, Польшчы, Германіі, Азербайджане, Казахстане. Пастаўкі таксама ажыццяўляюцца ў Егіпет і Сірыю.
За шматгадовы вопыт работы прадпрыемству ўдалося ў некалькі разоў павялічыць вытворчую магутнасць. Акрамя папулярнасці і даверу сярод пакупнікоў, прадукцыя малочнага камбіната атрымала прызнанне і прэстыжныя ўзнагароды на шматлікіх конкурсах. Па выніках спаборніцтва “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” кефір фруктовы стаў лаўрэатам, такую ж высокую адзнаку атрымала масла “Крестьянское”. Яно ж атрымала званне лаўрэата ў конкурсе “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь на рынку Расійскай Федэрацыі”. Пераможцамі прызнаны таксама такія прадукты, як абястлушчанае малако, ёгурт малочны “Неженка”. Дыплом пераможцы конкурсу “Густ-2007” у намінацыі “Марожанае” мае “Пламбір класічны” ў вафельным стаканчыку. Сярод усіх узнагарод завода асаблівае месца займае “Прэмія аблвыканкама ў галіне якасці”.
Купляючы прадукцыю ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат”, пакупнікі аддаюць перавагу карысным, смачным і бяспечным таварам. Калектыў завода працуе пад дэвізам: “Якасць – ключ да канкурэнтаздольнасці і росквіту прадпрыемства”. Гучны слоган апраўданы на сто працэнтаў, а таму прадукцыя на магазінных прылаўках не затрымліваецца, яе раскупляюць.
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

У Мастацкім музеі Брэсцкай крэпасці адкрылася выстава сучаснай дзіцячай кніжнай ілюстрацыі

Следующая запись

Прагнозныя паказчыкі будуць выкананы