Беларусь

Завяршаецца ўборка траў першага ўкосу


Брэст
Заслона наркотыкам
24 чэрвеня ў абласным цэнтры працавала “гарачая лінія”, па якой можна было ананімна паведаміць аб гандлі наркотыкамі, месцах іх захоўвання і распаўсюджвання. На пытанні адказвалі ўрачы-нарколагі. Мерапрыемства было арганізавана ў межах акцыі “Скажы, дзе гандлююць смерцю!”, якая праводзілася па ўсёй краіне па ініцыятыве Міністэрства ўнутраных спраў пры падтрымцы Міністэрства аховы здароўя і ЦК ГА “БРСМ”.
Брэсцкі раён
Эх, трава-мурава…
Сельгаспрадпрыемствы раёна завяршаюць уборку траў першага ўкосу. Планавыя паказчыкі забяспечылі ўжо адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Агра-сад “Рассвет”, “Птушкафабрыка Мяднянская”, не адстаюць ДУСП “Племзавод Мухавец”, СВК “За мір”, УП “Маладая гвардыя”, ААТ “Камароўка”. Гаспадаркі паспяхова прымянілі метад кансервацыі сенажу ў рулонах.
Баранавічы
Доктар, Вы – лепшая!
Загадчык гінекалагічнага аддзялення гарадской бальніцы №2 Ларыса Малікава стала адным з пяці пераможцаў Рэспубліканскага конкурсу “Урач года-2009”. Жанчына 27 гадоў працуе ўрачом і пакуль з’яўляецца адзіным спецыялістам у райцэнтры, які выконвае складаныя высокатэхналагічныя аперацыі.
Баранавіцкі раён
Гаспадары лесу
Каля 30 лесарубаў прынялі ўдзел у спаборніцтвах вальшчыкаў лесу Баранавіцкага лясгаса. У асабістым заліку перамаглі Аляксандр Якаўчук і Сяргей Паутаў з Дабромысленскага лясніцтва, а таксама Уладзімір Ізотаў з Палонкаўскага. Сярод каманд лепшымі прызнаны лесарубы Дабромысленскага, Мілавідскага і Бярозаўскага лясніцтваў. Пераможцы атрымалі грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.
Бяроза
Піянеры малога бізнэсу
У райвыканкаме адбылася сустрэча кіраўніцтва раёна з прадстаўнікамі малога бізнэсу. Старшыня райвыканкама Юрый Наркевіч уручыў дыпломы пераможцам раённага конкурсу сярод прадпрымальнікаў. Лепшымі ў сферы малога бізнэсу прызнаны ТДА “Франдэса”, ПВУП “САС-ГАЗ”, ТДА “Пласток”, прыватнае медыцынскае прадпрыемства “Біядэнт”, гандлёвае прадпрыемства “Караван” і ТДА “Богатырь”.
Ганцавічы
Не толькі смачна – карысна!
РУВП “Брэстхлебпрам “Ганцавіцкі хлебазавод” у каторы раз пацвердзіў высокую якасць сваёй прадукцыі. Хлеб “Багрянец” і хлябец “Зерневы ганцавіцкі” на прэстыжным рэспубліканскім конкурсе вытворцаў прадуктаў харчавання “Густ” у намінацыі “Хлеб, абагачаны для здаровага харчавання” не засталіся незаўважанымі. Іх карысны смак заваяваў яшчэ адну перамогу для творчага калектыву хлебазавода.
Драгічын
На экскурсію да артылерыстаў
Раённы ваенны камісарыят і раённы савет Беларускага саюза афіцэраў арганізаваў для настаўнікаў дапрызыўнай падрыхтоўкі школ раёна экскурсію ў 3-ю Кёнігзбергскую Чырванасцяжную гвардзейскую ордэна Кутузава II ступені артылерыйскую брыгаду. Удзельнікі паездкі пабывалі не толькі ў размяшчэнні брыгады, але і пазнаёміліся з бытам артылерыстаў на палігоне пад Брэстам.
Жабінка
Рэха вайны
22 чэрвеня машыніст помпавых установак жылкамунгаса Леанід Зікраты каля ачышчальных збудаванняў за вёскай Азяты знайшоў прадмет, падобны на снарад. Аб знаходцы была праінфармавана міліцыя, якая і выклікала сапёраў. Акрамя артылерыйскага снараду, ваенныя адкапалі 43 мінамётныя міны. Арсенал часоў Вялікай Айчыннай вайны быў знішчаны на спецыяльным палігоне.
Іванава
З банкіраў – у турысты
Чарговы 8-ы абласны турыстычны злёт ААТ ААБ “Беларусбанк” адбыўся на Завышанскім возеры ў мінулыя выхадныя. На спаборніцтвы з’ехаліся каманды з усіх філіялаў “Беларусбанка” – больш за 400 аматараў здаровага ладу жыцця. У напружанай барацьбе перамога літаральна “пераходзіла” з рук у рукі ў розных відах праграмы. У выніку першае месца заваявалі работнікі філіяла №126 “Беларусбанка” з абласнога цэнтра.
Івацэвічы
І валанцёры, і даследчыкі
На тэрыторыі Быценскага сельскага Савета на гэтым тыдні завяршыў сваю работу валанцёрска-даследчы лагер “Пошук”. У ім свае канікулы праводзілі члены атрада валанцёраў Чырвонага Крыжа “Наследнікі Анры Дзюнана”, якія другі год працавалі па тэме “Халакост”. Валанцёры наводзілі парадак на старых яўрэйскіх могілках, пісалі даследчую работу “Помніць, каб жыць”, ездзілі на тэматычныя экскурсіі. Атрымаўся карысны адпачынак.
Камянец
Шэсць дзясяткаў “Агра-нівы”
Працаўнікі СВК “Агра-ніва” ўрачыста адзначылі 60-годдзе з дня ўтварэння сваёй гаспадаркі. Святкаванне праходзіла ў аграгарадку Доўбізна. Гасцям з раёна і вобласці прапанавалі відэафільм, фотавыставу пра асноўныя вехі станаўлення і развіцця сельгаспрадпрыемства. Завяршальным акордам урачыстасці стаў феерверк, якому папярэднічалі ўшанаванне працаўнікоў і вялікі канцэрт.
Кобрын
На пляж, на футбол!
Першы тур чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па пляжным футболе прыняла Кобрыншчына. На возеры Каташы спартыўную барацьбу вялі 8 каманд. Гонар гаспадароў абараняла каманда “Палессе” футбольнага клуба “Кобрын”. На жаль, у фінальным паядынку яна ўступіла мінскім футбалістам з “Пасат-пласта” і заняла на Гран-пры Кобрына другое месца.
Лунінец
Дзе “Вікторыя”, там перамога
22 чэрвеня сталі вядомыя імёны пераможцаў і лаўрэатаў Рэспубліканскага конкурсу “Лепшы прадпрымальнік 2009 года”. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Сярод адзначаных ёсць і прадпрымальнікі Брэстчыны. Так, ВПУП “Вікторыя” з райцэнтра стала пераможцам у намінацыі “Лепшы прадпрымальнік у галіне вытворчасці спажывецкіх тавараў”.
Ляхавічы
Дома Лешыку і лес дапамог…
На базе Крывошынскага і Востраўскага лясніцтваў прайшоў традыцыйны конкурс прафмайстэрства сярод вальшчыкаў лесу, якія працуюць у шасці лясніцтвах і на майстарскім участку мясцовага лясгаса. Сярод 12 удзельнікаў роўных не было Аляксандру Лешыку з Востраўскага лясніцтва, які неўзабаве і будзе абараняць гонар раёна на занальным і абласным турах конкурсу. Мікалай Зубік з гэтага ж лясніцтва і Валерый Корзун з Ляхавіцкага падзялілі другое і трэцяе месцы.
Маларыта
Шчодрасць у асартыменце
Раённае спажывецкае таварыства адкрыла новы магазін па вуліцы Чкалава. Універсам “Шчодры” з прыгожымі вітрынамі, прасторнай гандлёвай залай, шырокім асартыментам радуе пакупнікоў. З часам тут усе тавары будуць рэалізоўвацца праз штрых-кадзіраванне, што паскорыць работу прадаўцоў.
Пінск
Японскі грант-кантракт
Горад над Пінай наведаў Часовы Павераны ў справах Японіі ў Беларусі спадар Кіёсі Мацудзакі. На сустрэчы ў гарвыканкаме абмеркаваны грант-кантракт на 100 тысяч долараў па праекце “Удасканаленне медыцынскага абсталявання ва ўстанове аховы здароўя “Пінская цэнтральная бальніца”. Гэта 20-ы праект медыцынскага профілю, які японцы рэалізуюць у Беларусі, але для Брэстчыны – першы.
Пінскі раён
Пра песняра… па-нямецку
У музеі Якуба Коласа ў Пінкавічах прайшоў Дзень замежнай мовы. На гэты раз з палескім перыядам беларускага песняра пазнаёміліся настаўнікі нямецкай мовы і дзеці, якія яе вывучаюць у школах Мінска, Брэста і Пінска. Пра слыннага беларуса на экскурсіі расказвалі, вядома ж, па-нямецку.
Пружаны
Валейбол у фармаце “Каласка”
З 23 па 25 чэрвеня ўпершыню пружанцы прымалі фінал Рэспубліканскай спартакіяды “Каласок” для дзяцей і юнацтва аграгарадкоў, сельскіх населеных пунктаў па валейболе. Спаборніцтвы з удзелам прадстаўнікоў усіх абласцей прайшлі на базе спартыўнай школы №1 і аграрна-тэхнічнага каледжа. За ўзнагароды змагаліся 10 каманд.
Столін
Компас – на “Гарынь”
Учора на базе піянерскага лагера “Гарынь”, што ў вёсцы Беражное, распачаўся турыстычны злёт. Працоўная і сельская моладзь раёна спаборнічае ў спартыўным арыентаванні, тэхніцы пешаходнага турызму, міні-футболе, валейболе, эстафеце. У праграме таксама заданні і конкурсы, якія дапамогуць турыстам паказаць свае творчыя здольнасці.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля