Беларусь

Прайшла тэатралізаваная прэзентацыя электроннай версіі фотамузея вёскі Новая Мыш


Брэст
З “зуброў” у “піраты”
Упершыню ў сваёй гісторыі адзін з клубаў мацнейшай бейсбольнай Лігі свету “Пітсбургскія піраты” (ЗША) падпісаў кантракт з выхаванцам каманды “Брэсцкія зубры” Аляксеем Лукашэвічам. 16-гадовы спартсмен зараз вучыцца ў 11-м класе ліцэя №1 імя А.С. Пушкіна, потым плануе працягваць вучобу ва ўніверсітэце горада Саракоста ў ЗША. На першым этапе кантракт, які заключаны на 7 гадоў, прадугледжвае выступленне брастаўчаніна ў адной з каманд Мінор-лігі з горада Брадэнтон штата Фларыда. Ці здолее Аляксей прабіцца ў Вышэйшую лігу і выступаць за галоўную пітсбургскую каманду, залежыць ад яго самога.
Брэсцкі раён
Сход у Тэльмах
У мінулую нядзелю ў актавай зале Тэльмаўскага сельвыканкама адбыўся сход грамадзян вёскі Тэльмы-1. На сустрэчу з прадстаўнікамі камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама, адпаведных раённых службаў прыйшло 46 вяскоўцаў. На сходзе разглядалася пытанне аб выдзяленні зямельнага ўчастка мясцовай рэлігійнай суполцы пад будаўніцтва храма. Просьба вернікаў задаволена.
Баранавічы
Бывай, “пятачок”!
Рынак на вуліцы Савецкай, які называлі “пятачком”, у мінулыя выхадныя закрылі на рэканструкцыю. Тут плануецца пабудаваць шматфункцыянальны гандлёва-офісны цэнтр. У канцы ліпеня пачнуцца падрыхтоўчыя работы, а будаўніцтва шасціпавярховага будынка запланавана на 2012 год. Гандлёвыя пункты з “пятачка” пераехалі на іншыя рынкі горада.
Баранавіцкі раён
Электронны музей
На базе цэнтральнай раённай бібліятэкі прайшла тэатралізаваная прэзентацыя электроннай версіі фотамузея вёскі Новая Мыш. Прысутныя паглядзелі фотаздымкі і паслухалі каментарыі мясцовых жыхароў, якія расказалі цікавыя факты з жыцця вяскоўцаў. У хуткім часе з’явіцца сайт фотамузея.
Бяроза
Веласіпед, байдарка, валейбол…
На беразе Белага возера прайшоў VІІ раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі. 15 каманд памераліся сіламі ў тэхніцы воднага турызму, фігурным ваджэнні веласіпеда, спартыўным арыентаванні, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, спаборніцтве па вязанні вузлоў і валейболе. Перамагла каманда аддзела адукацыі райвыканкама, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна прадстаўнікі райвыканкама і ААТ “Белаазёрскі энергамеханічны завод”.
Ганцавічы
Будматэрыялы зробім самі!
Студэнцкі будаўнічы атрад з Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта прыступіў да работы на КУВП “Ганцавіцкі камбінат панэльнага домабудавання”. Будатрадаўцы заняты на работах у фармовачным цэху. Будучыя інжынеры-будаўнікі да канца лета не толькі заробяць грошай, але і пазнаёмяцца з працэсам вытворчасці будаўнічых матэрыялаў. Вось такая магчымасць у студэнтаў – да тэорыі далучыць практычныя навыкі.
Драгічын
За першыя 100 тон – ручныя гадзіннікі
У панядзелак у ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод” наведалася старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Святлана Барташ, каб павіншаваць з працоўнай перамогай на жніве камбайнераў, якія першымі ў раёне намалацілі 100 тон зерня. Гэта бацька і сын Міхаіл і Аляксандр Страпко. Абодвум за першае працоўнае дасягненне ўручаны маляўнічыя кнігі “Драгічынскі раён: мінуўшчына і сучаснасць” і ручныя гадзіннікі.
Жабінка
Баксёрскі турнір
Традыцыйна ім закончыўся навучальны год у дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. У спаборніцтвах удзельнічалі не толькі мясцовыя юныя баксёры, майстры і кандыдаты ў майстры спорту, але і каманды з Брэста, Пінска, Кобрына, Баранавіч, Салігорска і Роўна (Украіна). Перамогу святкавалі многія жабінкаўцы, дзякуючы трэнерам Юрыю Аўчыннікаву, Васілю Варболіну, Яўгену Градаўляку і Мікалаю Грыгаруку.
Іванава
Мядовы банкет плюс білет
На гэтым тыдні ў гарадскім Доме культуры праходзіць фестываль мёду. Іванаўцам і гасцям горада прапанаваны разнастайныя прадукты пчалярства. На фестывалі можна паспрабаваць і набыць мёд, пяргу, кветкавы пылок, пропаліс і нават медавуху. Можна атрымаць таксама карысныя парады і кансультацыі ад вопытных пчаляроў. Пры пакупцы ж аднаго літра мёду – у падарунак білет “Ваша лато”.
Івацэвічы
Востраў архідэй
Вялікую плантацыю архідэй знайшлі спецыялісты заказніка “Выганашчанскі” на адным з астравоў балотных угоддзяў. Венерын чаравічак – расліна сямейства архідных, якая рэдка сустракаецца ў Еўропе, а таму занесена ў Чырвоную кнігу не толькі ў Беларусі, але і ў шэрагу іншых краін. На плантацыі налічылі 60 раслін, якія ўжо зацвілі, а іх тут значна больш. Магчыма, з часам да архідэйнага вострава наладзяць турыстычны маршрут. Самастойна ж адпраўляцца ў вандроўку не варта, бо ў балоцістай мясцовасці вельмі лёгка заблудзіць.
Камянец
“Капрыз” на канікулах
Лаўрэатамі першай і другой ступені вярнуліся днямі з Феадосіі сярэдняя і малодшая групы ўзорнага калектыву эстраднага танца “Капрыз” гарадскога Дома культуры. Так высока ацаніла журы майстэрства юных танцораў з Камянца, якія ўдзельнічалі ў Міжнародным конкурсе-фестывалі “Крымскія канікулы”.
Кобрын
Феерверк у гонар 723-годдзя
Сёння і заўтра кабрынчане святкуюць Дзень горада. Сёлета ён прысвечаны 66-й гадавіне вызвалення Кобрына ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў (20 ліпеня 1944 года) і 723-годдзю з часу першага пісьмовага ўспаміну пра горад у Іпацьеўскім летапісе. Праграма ўрачыстасцей насычана разнастайнымі культурнымі і спартыўнымі мерапрыемствамі, сярод якіх гала-канцэрт з удзелам артыстаў з Эстоніі і Украіны, а таксама лёгкаатлетычны паўмарафон “Вызваленне”. Фіналам свята стане феерверк.
Лунінец
Абрабавала і падпаліла
На днях уступіў у сілу прыгавор, які вынес суд Лунінецкага раёна мясцовай 45-гадовай жанчыне за абрабаванне і падпал двух дамоў. Беспрацоўная жыхарка вёскі Сітніца атрымала 8 гадоў пазбаўлення волі. За прычыненую матэрыяльную і маральную шкоду з асуджанай спагнана больш за 38 мільёнаў рублёў.
Ляхавічы
Дапамаглі слабым
Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа атрымала гуманітарны груз са Швейцарыі. Ён прыйшоў па праграме “Гуманітарная дапамога – слабым”, якая распрацавана пры ўдзеле Міжнароднай федэрацыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Прадуктовыя наборы былі размеркаваны па 45 адрасах паміж шматдзетнымі і няпоўнымі сем’ямі, адзінокімі пенсіянерамі і маладымі інвалідамі.
Маларыта
Жыві, вёска!
Дзень вёскі ў Арэхаве традыцыйна адзначылі на Пятра і Паўла. Зранку вернікі прыйшлі ў мясцовую царкву, дзе яе настаяцель айцец Анатоль правёў святочную службу. Бліжэй да абеду вяскоўцы сабраліся на плошчы ля адміністрацыйнага будынка СВК “Арэхава”. Сумаваць не прыйшлося нікому: самадзейныя артысты Арэхаўскага СДК і ўкраінскай вёскі Мельнікі прапанавалі прысутным цікавую канцэртную праграму. Дарослыя і дзеці маглі паўдзельнічаць у спартыўных мерапрыемствах, бяспройгрышнай латарэі. Святкаванне ў гонар вёскі, якой з першага ўпамінання споўнілася 464 гады, завяршылася позна вечарам маладзёжнай дыскатэкай.
Пінск
Зачараванне акварэллю
У музеі Беларускага Палесся адкрылася выстава “Майстар і вучань. Школа акварэлі Сяргея Андрыякі”. У Пінск выстава прыехала з Масквы. У экспазіцыі – каля 50 твораў народнага мастака Расіі, мастацкага кіраўніка школы акварэлі Сяргея Андрыякі і каля 60 работ выхаванцаў гэтай навучальнай установы. Атрымаць асалоду ад акварэльнага свету можна аж да 22 жніўня.
Пінскі раён
Дружыны выступілі дружна
На базе аздараўленчага летніка “Парэчча” прайшлі абласныя спаборніцтвы санітарных фарміраванняў грамадзянскай абароны. Сваю тэарэтычную падрыхтоўку і практычныя навыкі на пяці этапах паказалі 19 каманд. Першыя дзве ўзнагароды засталіся на Піншчыне – іх выйгралі дружыны ААТ “ПВГА “Палессе” і ААТ “Аснежыцкае”. Бронза дасталася камандзе ААТ “Модуль” з Ганцавіч.
Пружаны
Зручна і выгадна
Аддзяленне ААТ “Белаграпрамбанк” пашырыла ў райцэнтры сваю сэрвісную сетку. Новы банкамат кругласутачнага карыстання адкрыты ў магазіне “Палявы”. Тут можна не толькі зняць наяўныя грошы, але і выканаць шэраг аперацый, напрыклад, па аплаце камунальных паслуг, папаўненні рахунку мабільнага тэлефона і іншыя. Да канца года банк плануе ўстанавіць яшчэ адзін свой тэрмінал на малочным заводзе.
Столін
“Кладзезь” – на Палессі
Упершыню райцэнтр прымае фестываль праваслаўнай культуры “Кладзезь”. На тыдзень, з 12 па 18 ліпеня, жыхары Століншчыны сталі ўдзельнікамі шматлікіх кніжных выстаў, сустрэч з ветэранамі-вязнямі канцлагераў, гледачамі кіно на праваслаўную тэматыку. У межах форуму адбыўся і тэатральны фестываль “Палеская сцяжынка”, на які завіталі мясцовыя калектывы, а таксама артысты-аматары з Мінска, Пінска і Баранавіч. Фестываль наведаў палескі куточак з мэтай прапаганды маральнасці і здаровага ладу жыцця.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля