Пушчанскае масла

Пушчанскае масла

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Дзень Канстытуцыі – нагода яшчэ раз успомніць пра свае правы і абавязкі, зафіксаваныя ў важным дзяржаўным дакуменце. Напрыклад, аб праве на працу, якое ў сучасных умовах набыло шэраг дадатковых адценняў. Галоўны дакумент беларускай дзяржавы інтэрпрэтуе працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека. Мы можам самастойна выбіраць род заняткаў і месца, дзе нашы прафесійныя таленты будуць развівацца і стымулявацца матэрыяльна.
Кіраўніцтва Пружанскага малочнага камбіната паклапацілася, каб людзі адчувалі сябе камфортна і бяспечна на сваіх працоўных месцах. Станоўчы прыклад гэтага прадпрыемства цудоўна ілюструе: сацыяльна-эканамічны прагрэс цалкам залежыць ад правільнага выканання канстытуцыйнага права на працу.
Яшчэ задоўга да таго, як прадукцыі ААТ “Пружанскі малочны камбінат” была прысвоена гандлёвая марка “Шчодрая масленіца”, у Пружаны за “маслам з пушчы”, як празвалі яго ў народзе, спяшаліся гандляры і з блізкага, і з дальняга замежжа. Тутэйшыя пастаўшчыкі не браніравалі сабе месцаў у гатэлях, калі везлі прадукцыю на продаж, бо раскуплялі яе ўсюды надзвычай хутка.
Бясспрэчна, сваю ролю адыгрывае тая акалічнасць, што прадпрыемства размешчана ў экалагічна чыстай зоне заходняй часткі Беларусі (45 кіламетраў ад Белавежскай пушчы), а кароўкі скубуць сакавітую свежую траву-разнаквет ля самага запаведніка, у які ўпіраюцца сенажаці ды лугі некалькіх гаспадарак, што адпраўляюць духмянае малако ў Пружаны на перапрацоўку ажно з 1939 года. Гэта надае вагі і людзям, што шчыруюць на прадпрыемстве, і прадукцыі, якой яны праславіліся ў тым ліку і за кошт геаграфічнага размяшчэння.
Але ці толькі справа ў гэтым? Прадпрыемства за 70 год існавання прайшло і мадэрнізацыю, і рэканструкцыю па некалькі разоў, падрыхтавала добрыя кадры – сапраўдных майстроў сваёй справы. Вось што забяспечвае зараз надзейны поспех.
Той факт, што на камбінаце маюцца ўсе неабходныя сертыфікаты, у тым ліку мене-джменту якасці ІСО 9001 і сістэмы НАССР, інтэгрыраваная сістэма кіравання навакольным асяроддзем на адпаведнасць СТБ ІСО 14001 і сістэма кіравання аховы працы СТБ 18001, гаворыць сам за сябе. Адсюль паступае прадукцыя самай высокай якасці. З 2006 года “Шчодрая масленіца” з’яўляецца “Лепшым экспарцёрам Рэспублікі Беларусь”, “Лідарам нацыянальнай эканомікі” ў намінацыі “Харчовая прамысловасць”. А колькі атрымана ганаровых грамат, дыпломаў, медалёў! За кошт чаго тут штогод множацца колькасныя і якасныя паказчыкі?
Адказ на гэтае пытанне мы шукалі падчас нядаўняй камандзіроўкі ў Пружаны. Першае, што кінулася ў вочы, – людзі на прадпрыемстве добрыя, ветлівыя, дбайныя, шчырыя. А калі ў душы парадак, гавораць у народзе, дык і работа спорыцца, любая справа па плячы.
Энергіяй дабрыні, веры і ўдзячнасці штодзённа падсілкоўвае іх дырэктар Уладзімір Мікіціч, якога людзі разумеюць з паўслова і ніколі не падводзяць. Бярэ кіраўнік падыходам да чалавека, уважлівасцю да падначаленых, імкненнем дапамагчы кожнаму. Многія, у тым ліку і самі завадчане, часам дзівуюцца: адкуль сілы чэрпае чалавек, каб знайсці кожнаму патрэбнае слова, падказку?
Адказ тут просты: жыццё навучыла. Таму і цягнуцца людзі да тактоўнага, стрыманага, добрасумленнага, няўрымслівага кіраўніка. Многія імкнуцца быць падобнымі на яго, яшчэ больш людзей стараецца павучыцца ва Уладзіміра Мікалаевіча. А пераняць вопыт, узброіцца ведамі гэтага здольнага чалавека ёсць падстава. З якой асалодай расказвае ён сваім падначаленым пра малако, пра карысць, што прыносяць іх малочныя вырабы. Прыклады бярэ з уласнага жыцця, з практыкі. Што ні кажы, але амаль 20 год узначальваў цяперашні дырэктар адну з лепшых, высокарэнтабельных гаспадарак у Пружанскім раёне. Тут трэба дабавіць: перадавымі пружанскія “свердлаўчане” сталі пры Мікіцічу, разам з ім.
Таму і быў рэкамендаваны Уладзімір Мікалаевіч на пасаду кіраўніка Пружанскага малочнага камбіната, у вытворчым працэсе якога ўсё больш адчуваліся збоі. Узнікалі праблемы. Зараз іх бы карова языком злізала. Мы адчулі і ўбачылі гэта.
Такая праблема, як цякучка кадраў, перастала існаваць з укараненнем новых тэхналогій і набыццём сучаснага абсталявання. Галоўны эканаміст Жанна Каўганка прызнаецца: апошнія гады былі шчодра насычаны станоўчымі пераменамі – спачатку з’явілася новая сушылка, потым парадаваў адноўлены сыраробны цэх. Ланцужок не перарываецца і да гэтай пары: поўным ходам ідзе рэканструкцыя ўчастка сухіх малочных прадуктаў. Тут таксама будзе магутная тэхніка, якая паўплывае і на якасць прадукцыі, і на яе колькасць. Замест 3 – 4 тон сухога малака і сыроваткі ў суткі на ўдасканаленым участку плануюць атрымаць да 10-12 тон.
Годныя ўмовы працы і ўмелае кіраўніцтва сталі для людзей своеасаблівым стымулам. Яны выконваюць свае абавязкі з неверагоднай самаадданасцю і хвалююцца за прадпрыемства. Нават у складаныя перыяды не кідаюць завадчане адзін аднаго ў бядзе: калі трэба, падтрымаюць не толькі словам, але і рублём.
У калектыве на роўных, плячо ў плячо, завіхаюцца і зусім маладыя работнікі, і вопытныя прадстаўнікі старэйшага пакалення. Кожны спецыяліст для завода – на вагу золата: маладыя “фантануюць” свежымі ідэямі, а старажылы акуратненька накіроўваюць гэтыя ідэі ў правільнае рэчышча. Галоўнае, каб знешнія фактары не псавалі той цудоўны мікраклімат, які складаўся на працягу гадоў. Тады і настрой, і вытворчыя паказчыкі будуць на вышыні. Што да апошняга – дык аб’ём і асартымент малочных тавараў растуць нібы на дражджах, а сума чыстых прыбыткаў за мінулы год дасягнула 20 мільярдаў рублёў.
Зараз на прадпрыемстве задзейнічана каля 350 чалавек. Больш за 80 працэнтаў у структуры малочнага завода займае вытворчасць сыроў. Гэты айчынны далікатэс у асноўным экспартуецца ў Расію, але багаццем тавараў радуюць і два фірмавыя магазіны ў Пружанах. Тут сапраўды ёсць чым паласавацца: апетытныя сыры “Расійскі малады”, “Цільзіцкі”, “Пружанскі”, “Палескі”, “Расійскі асобы” аднолькава смачныя і сакавітыя. Лепшыя традыцыі ўвабралі ў сябе нядаўна асвоеныя віды цвёрдых сыроў “Мармуровы” і “Сметанковы”. У гэтым годзе пружанскія сыраробы паспрабуюць новую рэцэптуру і тым самым павялічаць колькасць найменняў прадукцыі.
Натуральны смак сметанковага масла, якое не ўтрымлівае ніякіх штучных дабавак і фарбавальнікаў, таксама падабаецца мясцовым гурманам. А калі разабрацца ў дэталях яго вытворчасці, становіцца цалкам зразумела, чым абумоўлены попыт. Тое, што захоўвае цудадзейную энергію рук, не можа не вабіць, а справа жыцця, якая аб’яднала ў адно цэлае сотні аднадумцаў, абавязкова “абрасце” залатымі пладамі. Сучаснасць не ўнесла істотных карэктыў у гіпотэзу: таленавітыя пружанскія майстры па-ранейшаму з’яўляюцца ядром неверагоднага поспеху сваёй сырнай смакаты.
У гаспадароў па прафесіі і прызванні на вытворчасці ўладарыць беласнежная чысціня. Сыраробны цэх завода ўражвае стэрыльнай дасканаласцю, ра-зам з тым ён вельмі падобны на музей, а 4 навюсенькія бліскучыя машыны-сыравытворцы нагадваюць ультрасучасныя экспанаты. Нават цяжка паверыць, што гэтая пышнасць стваралася фактычна з нуля. Аўтаматызацыя працэсаў вытворчасці на кожным узроўні па прыкладзе вядомых замежных кампаній значна спрасціла працаёмкі працэс. Вопыт пераймалі ў аўстрыйскіх калег, там жа набывалі і абсталяванне, якое лічыцца адным з лепшых у Еўропе. Пасля яго ўстаноўкі доля ручной працы мінімізавалася, “балем” пачалі кіраваць машыны і камп’ютарныя сістэмы, а звычайны працаўнік ператварыўся ва ўважлівага назіральніка, кантралёра, асноўная задача якога – пільна сачыць за вытворчасцю і своечасова націскаць на кнопкі.
– Устаноўка дарагога абсталявання – крок даволі рызыкоўны, – дзеліцца меркаваннямі Алена Карсюк, начальнік сыраробнага цэха. – З аднаго боку – баяліся, што не атрымаецца “пасябраваць” з новымі замежнымі машынамі, а на старых паказвалі высокія вынікі. З іншага – хацелася захаваць і не страціць важныя для нас тэхналагічныя напрацоўкі. Час усё расставіў па сваіх месцах: аказалася, сродкі, укладзеныя ў сучасную тэхніку, апраўдалі сябе, а людзі знайшлі падыходы да замежнага абсталявання.
Алена Мікалаеўна разам з галоўным інжынерам завода Аляксандрам Лосем, які не апошнюю ролю сыграў у працэсе мадэрнізацыі цэха, расстаўляюць акцэнты на тым, што выдатна зарэкамендавала сябе на практыцы.
Наступным пунктам экскурсіі сталі камеры выспявання сыру. Прадукт праводзіць у гэтых памяшканнях 40 дзён, пасля чаго ён цалкам гатовы да рэалізацыі.
Што і казаць, поспех у любой справе залежыць ад людзей, яны ж плацяць і за правал. Галоўнае: ні на хвіліну не забывацца пра тых, хто не ўяўляе жыцця без любімай справы, хто сапраўды лічыць завод другім домам, а калектыў – сям’ёй. І ўлюбёныя ў сваю прафесію людзі па-ранейшаму застаюцца галоўнай рухаючай сілай, галоўнай каштоўнасцю Пружанскага малочнага камбіната.
Уладзімір СІТУХА, “НТ”,
Ніна ЛЕАНАВЕЦ, “НТ”,
г. Пружаны.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Да сяброў у “Альтанку”

Следующая запись

…А праблемы тыя ж