…А праблемы тыя ж
У чацвер на прыкладзе Бярозаўскага, Драгічынскага, Іванаўскага і Івацэвіцкага раёнаў разгледжаны ход вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ў бягучым зімова-стойлавым перыядзе
Як і абяцаў на выязным пасяджэнні аблвыканкама ў Жабінцы губернатар вобласці Канстанцін Сумар, старшыні райвыканкамаў, начальнікі райсельгасхарчаў, кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны і галоўныя спецыялісты жывёлагадоўчай галіны сабраліся праз месяц. Падчас практычнай часткі семінара яны наведалі СВК “Міжлессе” і КУВП “Пескаўскае” Бярозаўскага, СВК “Імянінскі” і “Радавецкі” Драгічынскага, “Снітава-Агра” і “Бакунова” Іванаўскага, “Целяханы-Агра”, “Святая Воля” і “Мілейкі” Івацэвіцкага раёнаў. На прыкладзе некаторых ферм гэтых гаспадарак удзельнікі семінара пазнаёміліся з ходам зімоўкі грамадскага статка і вытворчасці прадукцыі ў гэты перыяд.
Пытанні, якія былі абмеркаваны падчас наведвання ферм, неаднойчы ўжо разглядаліся на падобных мерапрыемствах. І ўсё ж яны застаюцца актуальнымі.
На малочнатаварнай ферме №2 “Судзілавічы” СВК “Міжлессе”, напрыклад, мясцовыя спецыялісты расказалі пра сучасныя падыходы да ўтрымання дойнага статка на круглагадовым стойлавым утрыманні з даеннем у сучаснай даільнай зале і памяшканнях з металаканструкцый, а таксама пра тое, як вя-дзецца ветэрынарны кантроль за атрыманнем прадукцыі жывёлагадоўлі. На малочнатаварным комплексе “Вайцяшын” КУВП “Пескаўскае” гаворка ішла пра вытворчасць малака, арганізацыю ўзнаўлення статка пры беспрывязным утрыманні кароў і пра атрыманне малака гатунку “экстра”. Найбольшую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара на гэтым аб’екце выклікалі выкарыстанне лазера для лячэння жывёлы і аплата працы. Так, за выяўленне каровы, якая прыйшла ў ахвоту, жывёлаводам даплачваюць да зарплаты дзве тысячы рублёў. Яшчэ шэсць тысяч – за прыём нованароджанага цяляці. Гэта не толькі стымулюе даярак, начных вартаўнікоў і спецыялістаў, якія дзяжураць на ферме ў адсутнасць даярак, але і садзейнічае захаванню маладняку.
Працяг размовы, пачатай падчас наведвання ферм, адбыўся на пленарным пасяджэнні ў Івацэвічах, якое правёў старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар.
– Калі гаварыць аб дзейснасці такіх мерапрыемстваў у цэлым, дык яны даюць свае вынікі, – зазначыў кіраўнік вобласці. – Асабліва ў вызначэнні канкрэтных праблем, найбольш актуальных у цяперашніх умовах.
Якія гэта праблемы? Усё тая ж адсутнасць паточна-цэхавай сістэмы вытворчасці малака, нізкія яго якасць і таварнасць, неналежныя ўмовы ўтрымання жывёлы, недастатковая работа па ўзнаўленні дойнага статка, няякасныя кармы і незбалансаванае кармленне.
Са справаздачамі пра іх вырашэнне ў Бярозаўскім, Іванаўскім, Івацэвіцкім раёнах, а таксама пра рэзервы, за кошт якіх тут плануюць павысіць вытворчасць малака, выступілі старшыні райвыканкамаў Юрый Наркевіч, Юрый Бісун, Анатоль Ткачук і начальнік райсельгасхарчу Драгічынскага райвыканкама Васіль Дзядзюк.
Рэзервы росту вытворчасці малака, як і меры, якія прымаюцца для вырашэння праблем, паўсюдна практычна аднолькавыя. Гэта будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых ферм. Яны дазволяць не толькі арганізаваць паточна-цэхавую сістэму вытворчасці малака, але і павялічыць пагалоўе. А за кошт устаноўкі новага абсталявання – палепшыць якасць малака. Вялікія надзеі ўскладаюцца на групы па ўзнаўленні дойнага статка, укараненне новых тэхналогій, паляпшэнне ўмоў утрымання жывёлы. А хіба гэтага нельга было зрабіць дагэтуль?
Усе выступоўцы пагадзіліся і з тым, што якасць кармоў вымушае жадаць лепшага. Як вырашыць праблему? Нехта плануе – за кошт набыцця новай тэхнікі, якая дазволіць своечасова ўбіраць травы і нарыхтоўваць з іх якасны сянаж. З пераспелых траў і сянаж такі атрымаецца. Але ж важна яшчэ захоўваць тэрміны закладкі траншэй. І калі вялікую траншэю не атрымліваецца закласці поўнасцю ў вызначаны час, дык, на думку губернатара, яе можна запаўняць часткамі. Варта толькі захацець.
Што тычыцца якасці малака і, у прыватнасці, атрымання гатунку “экстра”, тут чамусьці ўсе спадзяюцца на даільныя залы. А што перашкаджае атрымаць яго ў малакаправодзе?
– Здаровая карова ў натуры дае тое самае малако “экстра”, – выказаў па гэтым пытанні сваё меркаванне намеснік старшыні аблвыканкама Якаў Бухавецкі. – А здароўе жывёлы залежыць ад умоў яе ўтрымання і кармлення. І ад чысціні малочнага абсталявання. Калі гэтыя патрабаванні будуць выкананы – праблема вырашыцца.
Акрамя разгляду асноўнага пытання парадку дня семінара, на пленарным пасяджэнні старшыня аблвыканкама закрануў тэму аплаты працы кіраўнікоў. Калі чалавек сапраўды працуе, то ён павінен атрымліваць дастойную зарплату. Тады можна будзе спадзявацца і на большую аддачу ад работы. І больш увагі трэба ўдзяляць маладым кіраўнікам, якія нядаўна ўзначалілі гаспадаркі, арганізаваць іх вучобу.
Задачы на веснавую пасяўную кампанію, якая сёлета пачнецца пазней звычайнага, агучыў намеснік старшыні аблсельгасхарчу Аляксей Трацюк. У правядзенні палявых работ, як і ў вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі, галоўную ўвагу неабходна ўдзяляць якасці выканання ўсіх агратэхнічных аперацый. Тады ўсё атрымаецца: і кармы будуць, і збожжафураж, і малако.
Надзея ЯЦУРА, “НТ”,
Бярозаўскі раён – г. Івацэвічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.