Шукайце зубра не толькі ў Белавежскай пушчы…
Не ўсё золата…
Ювелірны рынак Беларусі сёння завалены турэцкімі, польскімі, мексіканскімі, румынскімі, італьянскімі і ўкраінскімі залатымі і сярэбранымі вырабамі. Шмат іх і на традыцыйных мінералагічных выставах-кірмашах, якія рэгулярна праводзяцца ў розных гарадах краіны. Ці ёсць гарантыя, што вы купляеце якасны тавар, а не фальшыўку?
На жаль, далёка не ўсе спажыўцы ведаюць, што ўсе вырабы з высакародных металаў, якія прадаюцца на тэрыторыі Беларусі, абавязкова павінны мець знак Дзяржаўнай інспекцыі прабірнага нагляду з выявай зубра. Дарэчы, у розных краінах – сваё кляймо разнастайных форм і малюнкаў. У Расіі, напрыклад, гэта жаночая галава ў какошніку, ва Украіне – трохзубец. У ЗША, Румыніі, Турцыі і Італіі дзяржава адказнасці не нясе за якасць золата, серабра, плаціны, таму адзінага ўзору кляйма там не існуе, кожная фірма і фабрыка мае свой знак.
У свеце прымяняюцца тры сістэмы проб высакародных металаў: залатніковая, метрычная і каратная. У Беларусі выкарыстоўваецца метрычная, дзе першыя дзве лічбы сведчаць аб працэнтным утрыманні высакароднага металу ў 1000 частках сплаву (у чыстым выглядзе, напрыклад, золата ў ювелірнай прамысловасці не прымяняецца, бо яно вельмі мяккае і лёгка ламаецца). Адпаведна, у метрычнай сістэме існуюць наступныя пробы: 1000, 958, 900, 750, 585, 500, 375 і 333.
Ювелірныя ўпрыгажэнні традыцыйна вырабляюць са сплаваў 750-й і 585-й пробы, радзей – з 500-й і 375-й. Залаты сплаў самай высокай 958-й пробы (95,8 працэнта чыстага золата) выкарыстоўваецца ў мастацкіх промыслах, з яго ствараюць творы мастацтва. 900-я проба ідзе ў асноўным на выраб зубных пратэзаў. Вырабы, якія зроблены са сплаваў ніжэй за 375-ю пробу, ювелірнымі ўжо не лічацца – гэта біжутэрыя.
Кляймо з зубрам – гарантыя ўтрымання высакародных металаў у ювелірных вырабах. Таму, набываючы на выставах ці ў камерцыйных крамах залатыя завушніцы, пярсцёнак, іншыя дарагія рэчы, абавязкова праверце наяўнасць дзяржаўнага прабірнага знака. Калі зубра на ўпрыгажэнні няма – не рызыкуйце, бо па цане высакароднага металу можна купіць звычайную фальшыўку, хоць і прыгожа выкананую. Мяркуйце самі. За апошнія 15 гадоў афіцыйная вытворчасць ювелірных вырабаў у краінах СНД скарацілася амаль у тры разы, затое “ювелірных” гандлёвых кропак стала ў 10-12 разоў больш. Такія прапорцыі назіраюцца і ў Беларусі.
Альберт БАГДАСАРАЎ,
прафесар геалогіі,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.