Люсінцы вельмі ганарацца тым, што ў іх вёсцы настаўнічаў сам Якуб Колас

Люсінцы вельмі ганарацца тым, што ў іх вёсцы настаўнічаў сам Якуб Колас

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Люсінцы вельмі ганарацца тым, што ў іх вёсцы настаўнічаў сам Якуб Колас
У глыб Палесся, на Ганцаўшчыну ў вёску Люсіна, больш за стагоддзе таму прыехаў малады настаўнік, выпускнік Несвіжскай настаўніцкай семінарыі Канстанцін Міцкевіч. Тутэйшыя краявіды праз пэўны час увойдуць у знакамітую трылогію “На ростанях”, а людзі стануць прататыпамі літаратурных герояў. Твор напіша Якуб Колас – той самы настаўнік з Люсіна. Сёння на Ганцаўшчыне ўсім жадаючым ахвотна раскажуць аб жыцці класіка беларускай літаратуры і яго настаўніцкай дзейнасці ў гэтым краі, але самыя падрабязныя аповяды можна пачуць у літаратурна-этнаграфічным музеі Люсінскай школы.
Між іншым, сучасная вёска Люсіна ўжо і не вёска, а аграгарадок. Яго інфраструктуры і гараджане могуць пазайздросціць: амбулаторыя і аддзяленні паштовай сувязі ды банка, комплексна-прыёмны пункт і лазня, клуб і бібліятэка. Каля паўтары тысячы жыхароў. Дыхтоўныя дамы, дагледжаныя агароды. Па ўсім відаць – вёска не старэе, калі ў школе зараз да двух з паловай соцень вучняў. Вось бы здзівіўся Канстанцін Міцкевіч, завітай ён сёння ў Люсіна!
А вёска памятае і не забывае дзядзьку Якуба, як завуць Коласа паміж сабой люсінцы. Самае галоўнае, што памяць гэтую вяскоўцы перадаюць маладым пакаленням. Дзеля гэтага і музей у школе стварылі, які сёння носіць імя Якуба Коласа. Ініцыятыва сыходзіла ад настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Ганны Мурсалім і тагачаснага дырэктара ўстановы адукацыі Станіслава Жаркова. “На прапанову Ганны Фёдараўны адгукнулася ўся вёска, – расказвае Наталля Антыкала, якая зараз выкладае ў школе беларускую мову і літаратуру. – Дзеці і дарослыя неслі ў школу гаршкі для захоўвання ежы, лыжкі, прылады працы, лапці, кашулі, вышыванкі мясцовых майстрых… Гадоў 30 – 40 таму знайсці рэчы, якімі карысталіся палешукі ў часы настаўніцтва Якуба Коласа, можна было ледзь не ў кожнай хаце”.

Да размовы далучаецца былы вучань школы, а цяпер настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Аляксандр Занька, які ў дзень адкрыцця школьнага музея быў вядучым той урачыстай імпрэзы. “Музей стварылі недзе за год, – узгадвае Аляксандр Іванавіч. – Урачыстасці праходзілі 20 красавіка 1982 года. Ну і хваляваліся мы! Асабліва дзяўчаты-экскурсаводы. Як не хвалявацца, калі на адкрыццё музея літаральна ўся вёска сабралася, прыехалі знакамітыя пісьменнікі, паэты, кніжкі якіх мы ў бібліятэцы чыталі, а тут на свае вочы пабачылі. Ды госці з Расіі, Украіны. Ведаеце, і сёння ганаруся тым, што меў дачыненне да той гістарычнай для школы падзеі”.
Школкі, дзе настаўнічаў Якуб Колас, ужо няма. На тым месцы – памятны комплекс. Драўляны зруб нагадвае аб школе, а ў цэнтры – валун з надпісам, які паведамляе, што ў Люсіне з 1902 па 1904 год настаўнічаў народны паэт Беларусі Якуб Колас. Побач – драўляныя скульптуры палешукоў, герояў яго твораў.
Люсінская школа цяпер у іншым месцы, але і ў ёй пануе коласаўскі дух. Можа, таму, што з першага класа дзяцей вучаць з асаблівай увагай адносіцца да Якуба Коласа і яго літаратурнай спадчыны. Дапамагае ў гэтым літаратурна-этнаграфічны музей, якім цяпер загадвае настаўніца беларускай мовы і літаратуры  Валянціна Занька. У ім больш за 300 экспанатаў: дакументы розных часоў, архіўныя матэрыялы, успаміны старажылаў вёскі, якія асабіста сустракаліся з Якубам Коласам, фотаздымкі сям’і пісьменніка, яго пасталелых вучняў: Міхаіла Занькі, Сямёна Сенюковіча, Фёдара Рылка, Івана Занькі, Сямёна Цялушкі. Захоўваецца копія ліста Якуба Коласа да люсінцаў, арыгінал якога знаходзіцца ў Мінску.
Музей жыве і развіваецца, папаўняецца новымі дакументамі, фотаздымкамі, прадметамі. А да Дня беларускага пісьменства тут зрабілі рамонт, каб годна сустрэць шматлікіх гасцей, якія абавязкова зазірнуць у Люсіна. Ім раскажуць і пра тое, як працуе савет музея, і пра гурток “Спадчына”, які дапамагае вучням 5 – 11-х класаў паглыблена вывучаць біяграфію і творчасць Якуба Коласа.
На базе музея праходзяць урокі-экскурсіі, заняткі школьных факультатываў, прадметныя тыдні, літаратурныя вечарыны. Традыцыйнымі ў школе сталі конкурсы на лепшага чытальніка “Коласаўскія чытанні”, сачыненняў – “Мой родны кут, як ты мне мілы…”, віктарыны “Пазнай героя з твора”, выставы малюнкаў і іншыя цікавыя імпрэзы. Надзвычай любяць дзеці сустрэчы з сучаснымі паэтамі і празаікамі. Пасля кожнай экскурсіі гасцям прапануюць пакінуць водгукі ў спецыяльнай кнізе. Колькі слоў цёплых і падзячных на яе старонках! Перачытваючы іх, і настаўнікі, і вучні ўмацоўваюцца ў сваёй упэўненасці – музей стварылі недарэмна.
“Самае галоўнае, – на думку Наталлі Антыкала, – гэта тое, што пасля адкрыцця музея змянілася стаўленне да Коласа саміх вучняў. Яны ўспрымаюць беларускага песняра не толькі як чалавека, які калісьці выкладаў у іх вёсцы, а як неад’емную частку беларускай культуры. Яны сталі больш патрыятычнымі, пранікліся душой у творчасць пісьменніка, палюбілі яго герояў. Нам, настаўнікам, лягчэй праводзіць урокі літаратуры, бо дапамагаюць не толькі кнігі, але і частка эпохі, адлюстраваная ў музейнай экспазіцыі”.
Школьны музей у Люсіна незвычайны. Ён і пра мінулае, і пра сучаснае адначасова. Таму што захоўвае непарыўнасць часоў. Таму што зберагае памяць пра вялікага песняра беларускага народа Якуба Коласа. Таму што выхоўвае годнае стаўленне да гістарычнай мінуўшчыны і выдатных дзеячаў беларускага пісьменства, якое з’яўляецца асновай нашай культуры. “Гэта наша духоўная спадчына, – пераканана Наталля Антыкала. – Дакранешся да яе – станеш сапраўдным чалавекам”.
Ганна ІВАШЧАНКА, студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна,
Ганцавіцкі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Пабачыла свет кніга “Птушкі” Алеся Бадака

Следующая запись

“Белаграпрамбанк” правёў розыгрыш прызоў гульні “Падары мару!”