Беларусь

Маладзёжны мерыдыян


ДЭБЮТ КАДЭТАЎ
Пачалася вучоба для хлопцаў і дзяўчат першага набору абласнога кадэцкага вучылішча.
Яно адкрылася на базе школы-інтэрната для дзяцей сірот у вёсцы Ястрамбель Баранавіцкага раёна. Па выніках уступных экзаменаў 204 чалавекі, з іх 51 дзяўчынка, сталі яго выхаванцамі. Перавагу пры паступленні мелі вучні школы-інтэрната.
ПІНСКАЯ ДРУЖБА
Сёння  ў вёсцы Дубое Пінскага раёна завяршаецца  II Міжнародны фестываль “Піншчына за сяброўства без межаў”.
Арганізатары мерапрыемства –   аддзелы па справах моладзі  аблвыканкама і Пінскага райвыканкама, раённы камітэт ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, фізкультурна-спартыўная ўстанова “Элада-спорт”,  Дубойскі сельвыканкам. Маладзёжныя каманды з Пінскага, Столінскага, Лунінецкага,  Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Драгічынскага, Іванаўскага раёнаў і горада Пінска, а таксама Ровенскай абласной маладзёжнай грамадскай арганізацыі “Саюз моладзі рэгіёнаў  Украіны” спаборнічалі ў спартыўнай велаэстафеце, перацягванні каната, конкурсе “Музычны рынг” і іншых. Лепшай камандзе сёння будзе перада-дзены  спецыяльны прыз, які сімвалізуе сяброўства. Ён год захоўваўся ў Іванаве ў пераможцаў мінулагодняга фэсту.
БУДУЦЬ ЧЭМПІЁНАМІ!
Учора ў Пружанах завяршыліся фінальныя гульні рэспубліканскага футбольнага турніру  “Скураны мяч”.
Сіламі памераліся каманды малодшай  групы. За Брэсцкую вобласць гулялі юныя футбалісты з Драгічына, якiх цiкавiць футбол Беларуси. А ўжо 13 верасня спаборніцтвы пройдуць у старэйшай групе. За Берасцейшчыну выступіць каманда Пружанскага раёна.
УСПОМНІЦЬ БАГДАНОВІЧА
Арганізаваныя бібліятэкамі Драгічынскага раёна акцыі  “Нязгаснаю зоркай ты ў небе Радзімы навекі” (для вучняў 7-9 класаў) і “І зорка не гасне, і не вяне вянок” (для 11 класаў) прайшлі пад знакам 120-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча.
Школьнікаў запрасілі на тэматычныя выставы-прагляды, пазнаёмілі з кніжнымі экспазіцыямі вядомых пісьменнікаў. Старшакласнікі сталі ўдзельнікамі літаратурна-музычных кампазіцый, прысвечаных слыннаму паэту. Усяго ў мерапрыемствах прынялі ўдзел каля 200 школьнікаў.
ЭКСТРЫМ І ГОНКІ НА… ВАДЗЕ
У парку культуры і адпачынку Брэста ў мінулыя выхадныя ў сёмы раз прайшоў ваенна-спартыўны конкурс “Алімпія-2011”, арганізатарамі якога выступілі  гарадскі камітэт БРСМ, аддзелы па справах моладзі і фізічнай культуры, спорту і турызму гарвыканкама.
У конкурсе ўдзельнічалі 10 каманд розных сілавых структур абласнога цэнтра. Яны спаборнічалі ў экстрэмальнай эстафеце, гонках на вадзе, пераадолелі паласу перашкод… Пераможцам стала каманда гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Сабіна ГАРАЕВА,
студэнтка БрДУ імя А.С. Пушкіна.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля