Беларусь

Пабачыла свет кніга “Птушкі” Алеся Бадака


Пабачыла свет новая кніга вядомага беларускага пісьменніка, нашага земляка Алеся Бадака
Алесь Бадак нарадзіўся ў Ляхавіцкім раёне ў 1966 годзе. Першыя публікацыі ў друку былі ў рэспубліканскіх дзіцячых выданнях і ляхавіцкай “раёнцы”. Часта выступае перад чытачамі ў школах і бібліятэках Брэста, Брэсцкай вобласці. Аўтар кніг прозы, паэзіі. Шмат піша для юнага чытача. Вядомы як літаратурны крытык і перакладчык. На многія яго вершы напісаны песні. Працуе Алесь Бадак першым намеснікам дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і Мастацтва” і адначасова галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага часопіса “Нёман”.
Нядаўна пабачыла свет новая кніга пісьменніка – “Птушкі”. Зборнік невялікіх эцюдаў, замалёвак, нарысаў, апавяданняў і казак выдадзены як працяг выдавецкай серыі “Усім пра ўсё”. Новай кнізе Алеся Бадака папярэднічалі “Расліны” і “Жывёлы”. Назвы гавораць самі за сябе.
Пісьменнік, які і раней часта звяртаўся да работы над дзіцячай кнігай, расказвае юнаму чытачу шмат цікавых гісторый. Якімі былі старажытныя птушкі? І ўвогуле ці заўсёды птушкі былі… птушкамі? А хто такая птушка Дадо, пра якую, магчыма, вы чулі з кнігі Луіса Кэрала “Аліса ў Краіне цудаў”? І ці можна паверыць, што была некалі такая паветраная істота, якая смела нападала на вялікія караблі? Ці праўда, што ёсць у свеце птушкі, якія крадуць свіней? Пра чыіх птушанят Арыстоцель гаварыў, што іх кармільцы ненавідзяць уласных дзяцей? Дзе сустракаюцца куры, якія жывуць на дрэвах? Ці праўда, што галубы разбіраюцца ў… мастацтве? Ці можна зразумець птушыную мову? Адказы на гэтыя і шмат якія яшчэ пытанні дапытлівы чытач якраз і знойдзе ў кнізе “Птушкі”. Лаканічныя, але разам з тым інфармацыйна насычаныя аповяды багата ілюстраваны фотаздымкамі. У тым ліку – і самога Алеся Мікалаевіча. А яшчэ –
іншых выдатных майстроў фотасправы: І. Бышнёва, Г. Гулеўскага,
М. Гулінскага, В. Дубіловіча, С. Зуёнка, С. Чарапіцы. Усе яны маюць вядомасць уважлівых да беларускай прыроды фотамастакоў ці, можа, нават – фатаграфічных арнітолагаў. Здымкі падаюцца надзвычай шматслоўнымі ілюстрацыямі, без якіх кнігу цяжка ўявіць.
Кніга “Птушкі” складаецца з наступных раздзелаў: “Падарожжа ў глыбіню стагоддзяў”, “Як? Чаму? Навошта?”, “Птушыная планета”, “Крылатыя суседзі”, “Свае сярод нас”. Назвы, як мне падаецца, дастаткова шматзначныя, гаваркія. Выданне можна было б ахарактарызаваць і як своеасаблівую мастацкую энцыклапедыю. Па-першае, пад адной вокладкай сабрана многа інфармацыі. Па-другое, самыя шырокія звесткі выкладзены добрай мовай, у форме займальных сюжэтаў.
Са старонак зборніка заалагічных эцюдаў Алесь Бадак заяўляе аб сабе як цікавы апавядальнік і казачнік. Асабліва гэта датычыць раздзела “Крылатыя суседзі”, у якім пісьменнік распавядае пра птушак Беларусі. А што да такіх твораў, як “Шпак і чароўная дудачка”, “Варона-гультайка”, то яны і ўвогуле могуць упрыгожыць любыя хрэстаматыі для чытання ў малодшых класах. А калі так, то чаму б на кнігу “Птушкі” не звярнуць увагу школьным настаўнікам, бібліятэкарам?..
З цікавасцю чытаюцца і разглядаюцца старонкі раздзела “Свае сярод нас”, дзе пісьменнік расказвае пра тых птушак, якіх здолеў прыручыць чалавек. Алесь Бадак зазірае ў далёкую гісторыю, паказвае эпізоды эвалюцыйнага характару, акцэнтуе ўвагу на дэталях, адметнасцях, што дапамагалі пасябраваць чалавеку і птушкам.
Аўтарская серыя эцюдаў пра прыроду і яе насельнікаў пад назвай “Усім пра ўсё”, над якой не першы год працуюць у рэдакцыйна-выдавецкай установе “Літаратура і Мастацтва”, з’яўляецца несумненнай удачай і пісьменніка, і выдаўцоў. А наперадзе нас чакаюць новыя сустрэчы – з кнігамі прыродазнаўчых эцюдаў “Насякомыя” і “Рыбы”.
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ,
г. Мінск.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля