Беларусь

Зона ЗАДАВАЛЬНЕННЯ. Драгічын.


Адпачываць на Драгічынскім вадасховішчы і прыемна, і бяспечна
Калісьці, яшчэ за “савецкім часам”, у Драгічыне меркавалася пабудаваць буйны біяхімічны завод саюзнага значэння. Першапачаткова на ўскрайку райцэнтра для патрэб новабудоўлі  быў  выкапаны велізарны, плошчай больш за 60 гектараў, рэзервуар для вады, і ў гэтую справу тады былі ўкладзены  немалыя сродкі. Аднак пасля развалу СССР узвядзенне “прамысловага гіганта” ў райцэнтры спынілася, а вось вадаём застаўся. Доўгі час ён знаходзіўся ў безгаспадарчым запусценні, зарастаў чаротам, пакрываўся водараслямі. Жыхары размешчаных паблізу сядзіб скарыстоўвалі яго для выгулу і вадапою качак, гусей  і іншай хатняй жыўнасці, у той час як для мясцовай дзетвары падчас летняй гарачыні  штучнае азярцо заставалася адзіным месцам, дзе можна было ўдосталь пакупацца, паплёскацца ў вадзе. Зразумела, што ў такой сітуацыі дарослыя неаднаразова звярталіся ў розныя інстанцыі з просьбай добраўпарадкаваць водную зону адпачынку ў Драгічыне.
Справа скранулася з месца, калі тутэйшы райвыканкам узначаліў Васіль Хвацік. У 2004-м годзе абнавіліся, расквітнелі галоўныя вуліцы райцэнтра,  які сустракаў абласны фестываль-кірмаш “Дажынкі”. А неўзабаве дайшла чарга і да навядзення парадку на гарадскім вадаёме. Спачатку прыехалі вадалазы, якія дасканала праверылі і ачысцілі яго дно ад шкла і іншага бруду (цяпер гэта працэдура праводзіцца рэгулярна). Добра папрацавалі і камунальныя службы, якія ў адпаведнасці з санітарнымі нормамі ўладкавалі  пляж, устанавілі кабінкі для пера-апранання, абазначылі  бяспечныя месцы для купання дзяцей. Ужо ў 2005-м годзе ў зоне адпачынку на Драгічынскім вадасховішчы пачаў дзейнічаць выратавальны пост на чале  з нязменным старшынёй Паўлам Масальцавым (дарэчы, некалькі апошніх сезонаў ён трымае першае месца сярод аналагічных структур вобласці і неаднойчы папярэджваў гібель людзей на вадзе).
З часам аб’ект быў перада-дзены на баланс райкамунгаса, і гэта паспрыяла таму, што з кожным годам ён набывае ўсё больш прывабнае і дасканалае аблічча. Цяпер тут абсталяваны ценявыя навесы, валейбольная пляцоўка, іншыя зручнасці. Як зазначыў намеснік дырэктара Драгічынскай ЖКГ Уладзімір Клімовіч, у свой час за кошт бюджэтных сродкаў для воднай зоны адпачынку набыты некалькі катамаранаў і лодак, што дазволіла на месцы адкрыць пункт пракату пляжнага і спартыўнага інвентару. Пабудаваны стацыянарны гандлёвы кіёск, дзе ў купальны сезон можна купіць марожанае і безалкагольныя напоі. Усяго на ўладкаванне воднай зоны ў межах Драгічына і на яе штогадовае абслугоўванне, як паказваюць падлікі, было зрасходавана крыху больш за 80 мільёнаў рублёў. Але ж сродкі, укладзеныя ў добрую справу, заўжды акупаюцца.
Падчас канікул на мясцовым пляжы  можна сустрэць  арганізаваныя групы школьнікаў, якія пад наглядам настаўнікаў фізкультуры прыходзяць навучыцца плаваць. І ўвогуле, у спякотныя летнія дні гарадскі вадаём для многіх становіцца не толькі любімым, але і бяспечным месцам  сямейнага адпачынку.
Галіна ШАФРАН,
г. Драгічын.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля