Беларусь

Як жывяце, палешукі?


Вёска. У некага гэтае слова выклікае асацыяцыі з бесперапыннай і цяжкай працай на зямлі. А хтосьці будзе гаварыць аб прыгожых краявідах, чыстым паветры і натуральных прадуктах. Для адных – гэта месца нараджэння, пакінутае назаўсёды па самых розных прычынах. А для другіх – месца працы, жыцця сённяшняга і будучага. Хто і чаму выбірае ў 21-м стагоддзі вёску? Спытаем у жыхароў Піншчыны.
Тамара КРАВЕЦ, шэф-повар, вёска Парахонск:
– Сама я пінчанка. Выйшла замуж за вясковага хлопца. Ён пераканаў, што сельская мясцовасць для жыцця больш прыдатная. Паслухалася яго і не шкадую. Атрымалі ў свой час кватэру ад гаспадаркі, выгадавалі траіх дзяцей. Адна дачка тут, у Парахонску, маладой сям’і далі прэзідэнцкі домік. У нас шмат будуюць апошнім часам. Маем і сталовую, і бар, і Дом культуры. Вось хутка магазін адрамантуюць, будзе не горшы за райцэнтраўскія. Сельскае жыццё я выбрала выпадкова, а жыву ў вёсцы свядома, аддаючы ёй перавагу перад горадам.
Алена КУДЗІНА, намеснік дырэктара Парахонскай САШ:
– Паглядзіце, колькі для вяскоўцаў зроблена ўладай! Узровень дабрабыту людзей вырас. Паляшучка вечна ў ботах і ватоўцы – гэта дзень учарашні. Нашы паляшучкі лёгка ў туфельках на высокіх абцасах пройдуць па вуліцы – тратуары ж усюды. Да старшыні сельсавета Васіля Кацубы людзі ідуць за дапамогай, калі што трэба, бо ведаюць – атрымаюць яе заўсёды. А як не ўспомніць аграгарадок у Парахонску! І нашу школу адрамантавалі, мэбля новая, камп’ютары ў класах. Плануецца басейн пабудаваць. Хацелася б, каб трэнажорную залу зрабілі. Чым больш у моладзі заняткаў карысных будзе – тым лепш.
Пётр СІДАРУК, Ягор ДУБІНА, 10 “Б” клас Парахонскай САШ:
– Нам у вёсцы падабаецца, тут жыць для здароўя карысней. Заняткі ў нас тыя ж, што і ў равеснікаў з горада. Спартыўныя секцыі працуюць, гурткоў па інтарэсах шмат. Марым вучыцца далей (Пеця – на выкладчыка фізічнай культуры, выбар для лепшага спартсмена школы зразумелы; Ягор ходзіць у музычную школу і з творчасцю думае сувязі не парываць – С.Т.).
Не выключаем, што вернемся на малую радзіму працаваць, тым больш што нашы будучыя прафесіі ў вёсцы таксама патрэбныя.
Ніна ПАПЛЮХОВІЧ, кінавідэадэманстратар, вёска Ахова:
– Радуе, што добраўпарадкаванню надаецца шмат увагі. Нашу вуліцу 50 год Кастрычніка адрамантавалі, ліхтары на слупах гараць, вечарам прайсці прыемна. А вось кепска, што ёсць у некаторых сур’ёзная праблема – п’янства. Людзей трэба выхоўваць, бо толькі забароны і пакаранні вынік даюць слабы.
Ніна ЛУК’ЯНЧУК, прыбіральшчыца Ахоўскага СДК:
– Я ў Ахова нарадзілася, тут і прыгадзілася. З мужам траіх дзетак выгадавалі. Цяпер у вёсцы жыць, паверце, праблем аніякіх. Сельсавет дапамагае, гаспадарка мясцовая зноў жа, калі што трэба, падсобіць. У магазіне – што хочаш купіш. Клуб адрамантавалі, лазню зрабілі. З вёскі паехаць куды ніколі раней не хацела, а цяпер тым больш не думаю!
Ніна ВОДЧЫЦ, пенсіянерка, вёска Ахова:
– Для чалавека галоўнае, каб прыемна было жыць. Правільна, што дзяржава на вяскоўцаў звярнула ўвагу, усюды аграгарадкі ўладкоўваюць. Раней, што і казаць, адставалі мы ад цывілізацыі. Цяпер жа – і ў нас камфорт, тэхніка, машыны асабістыя. А каб жыць на вёсцы, трэба любіць яе і не баяцца працы.
Запісала Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
Пінскі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля