Які ж Новы год без сюрпрызаў?
Да самай святочнай, таямнічай і чароўнай ночы ў годзе засталося менш месяца. Самае актуальнае пытанне цяпер: дзе, як і з кім сустрэць Новы год? Хтосьці лічыць, што гэта цалкам сямейнае свята і нельга яго праводзіць з чужымі людзьмі, а для кагосьці навагодняя ноч – цудоўная магчымасць сустрэць новых знаёмых. Дык што плануюць брастаўчане на ноч з 31 снежня на 1 студзеня?
Вольга СТАСЮК, тэлефаніст РУП “Белтэлекам”:
– Новы год сустрэнем з сям’ёй – мужам і маленькай дачушкай. Сёлетняе свята для нас асаблівае, таму што ўпершыню будзем святкаваць у сваёй кватэры. Галоўны падарунак Дзед Мароз зрабіў нам крыху загадзя, але эмоцыі і перажыванні не адпускаюць і цяпер. Свята абяцае быць вясёлым і, спадзяюся, запомніцца надоўга.
Дзмітрый ЛЯЎЧУК, галоўны спецыяліст ААТ “ААБ Беларусбанк”:
– Галоўнае ў любым свяце – нечаканасць. Навагоднія святы – гэта зносіны з блізкімі і сябрамі, а таксама цёплая і душэўная атмасфера. Увогуле, не мае значэння, дзе сустракаць новы і праводзіць стары год. Побач павінны быць людзі, з якімі захочацца правесці ўвесь наступны год, а можа, і не толькі. Лепшы спосаб змяніць дату на календары так, каб запомнілася, – правесці шумную вечарыну.
Кацярына НІКАЛАЕВА, юрысконсульт РУП “Белпошта”:
– У канцы снежня маёй нованароджанай дачушцы будзе толькі паўтара месяца, таму свята пройдзе пад знакам перамен у жыцці нашай сям’і. Новы год сустрэну ў новай для сябе ролі – маці. Таму, думаю, што гэтае свята будзе самым шчаслівым і незвычайным. Будзем сустракаць 2011 год ужо ўтраіх.
Уладзіслаў КАТАШУК, трэнер па шахматах СДЮШАР №7 г. Брэста:
– Не адступаючы ад традыцый, Новы год сустрэнем з сям’ёй. Святочны стол, забавы і культурная праграма – прыкладна так будзе праходзіць святкаванне. Ну і нельга абысціся без шампанскага, мандарынаў і “блакітных агеньчыкаў”. Астатнія дэталі свята будуць вядомыя бліжэй да навагодняй ночы. Які ж Новы год без сюрпрызаў?!
Запісала
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.