Абласны конкурс юнкараў: Адысея разумнікаў
На Міжнацыянальным фестывалі крэатыўнасці ў Германіі паспяхова выступілі баранавіцкія школьнікі
Гісторыя ўдзелу каманды “Сем крокаў да поспеху” школы №7 г. Баранавічы ў фестывалі “Адысея Розуму” пачалася ў 2006 годзе. Каманда ў розным складзе кожны год выступала ў Беларусі, удзельнічала ў еўрапейскіх фестывалях у Польшчы, Венгрыі, Расіі. І вось сёлета адправілася ў дзіцячы лагер Вербялінзэ, што знаходзіцца за 60 км ад Берліна, дзе прайшоў чарговы Міжнацыянальны фестываль крэатыўнасці “Адысея Розуму”.
У Германіі нашу краіну прадстаўлялі некалькі каманд. У склад баранавіцкай увайшлі 7 вучняў: Яўген Бабанін, Аліна Кіслюк, Юрый Мацвяйчук, Анастасія Раўгейша, Мікалай Руды, Аляксандра Косікава, Вераніка Коптыш і два трэнеры – Лілія Антонаўна Статкевіч і Алена Вітальеўна Шалуха.
Пра гісторыю ўзнікнення “Адысеі Розуму” распавядае Лілія Антонаўна:
– Гульня з’явілася ў ЗША больш за 25 гадоў таму і накіравана на развіццё творчых здольнасцей моладзі. Школьнікаў захоплівае гэты рух, бо ён дае магчымасць праявіць інтэлектуальныя, творчыя, практычныя здольнасці, пазнаёміцца з равеснікамі з розных краін і паразмаўляць з імі, выкарыстоўваючы свае веды па англійскай мове. Каманды, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, прадстаўляюць так званыя “доўгатэрміновыя”, “спантанныя” і “мікс-праблемы”.
– “Доўгатэрміновая праблема” – гэта выкананне задання на пэўную тэму, якое каманда рыхтуе на працягу некалькіх месяцаў, – тлумачыць Вераніка Коптыш. – Адной з умоў конкурсу з’яўляецца тое, што тэкст пішацца самімі ўдзельнікамі, усе дэкарацыі і касцюмы таксама вырабляюцца членамі каманды без старонняй дапамогі. Вынікі работы каманда павінна паказаць на працягу 8 хвілін. “Сем крокаў да поспеху” выступала па тэме “Людзі-дзівакі і іх паводзіны”.
– А як жа адбываецца вырашэнне “спантаннай праблемы”? – цікаўлюся ў Ліліі Антонаўны.
– Справа ў тым, што ніхто з удзельнікаў загадзя не ведае, якое заданне атрымае. Яно агучваецца непасрэдна на конкурсе. Затым на абмеркаванне камандзе даецца 5 хвілін, ну, а потым мы прапаноўваем свой варыянт рашэння гэтай праблемы, – удакладняе настаўніца англійскай мовы.
– Камандзе з Баранавіч трэба было пабудаваць плыт з непрыдатнага матэрыялу, каб на ім трымаліся манеткі, але так, каб плыт не намок. Спачатку клалі манеткі па 2 еўра, 50 цэнтаў, 10 цэнтаў – за іх налічваліся балы. Калі намакае першая манета, то заданне лічыцца закончаным, а калі другая, трэцяя і гэтак далей – залічваюцца толькі тыя, што былі да яе.
А “мікс-праблемы” на “Адысеі Розуму” рашаюцца змешанымі камандамі. Тут даводзіцца супрацоўнічаць з удзельнікамі гульні з іншых краін.
– Наша мікс-каманда складалася з прадстаўнікоў Індыі і Кітая, – успамінае Вераніка. – А заданне заключалася ў наступным: мы павінны былі расказаць, чаму садовыя гномы пасяліліся ў Германіі. Версія ў нас атрымалася такая. Садовага гнома ўкралі з Германіі, бо ён аказаўся вельмі каштоўным. Але ён збег ад злодзеяў і адправіўся ў падарожжа. Пабываў ён у Беларусі, Кітаі і Індыі, але нідзе не знайшоў любімых нямецкіх сасісак. У выніку вярнуўся на радзіму. Спачатку ў нас, вядома, былі непаразуменні, але потым усё вырашылася і атрымалася выдатнае выступленне. Сумесная дзейнасць дапамагла нам не толькі справіцца з заданнем, але і пасябраваць, нягледзячы на адлегласць паміж краінамі і адрозненне ў мовах і традыцыях. І сёння многія з нас падтрымліваюць сувязь з моладдзю Кітая і Індыі.
Між іншым, узроставых абмежаванняў для ўдзелу ў гульні няма: гуляць могуць як дзеці пяцігадовага ўзросту, так і студэнты. Таму эмацыянальны ўздым камандам “Адысеі Розуму” гарантаваны.
– Лічу, што такія мерапрыемствы развіваюць творчы падыход да вырашэння любых праблем, дазваляюць раскрыць патэнцыял, –
пераканана Лілія Антонаўна.
– А яшчэ “Адысея Розуму”, –
дадае Вераніка, – аб’ядноўвае абсалютна розных людзей. Гэты конкурс дапамагае паглыбіць веды па англійскай мове і падрыхтавацца да здачы экзамену па гэтым прадмеце. Прыемна атрымаць кубкі, спецыяльныя сертыфікаты – яны з’яўляюцца гонарам усёй школы.
Аліна КІСЛЮК,
вучаніца СШ №7,
г. Баранавічы.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.