Беларусь

Абласны конкурс юнкараў: Чароўны голас


“Я хачу стаць вядомай на ўвесь свет, каб бацькі мною ганарыліся”, – прызналася абаяльная дзяўчына Наталля Рылка з Ганцавіч
Выпускніцу сёлетняга года Наташу Рылка добра ведаюць не толькі ў гімназіі нашага райцэнтра. Прыгажуня Наталля ў 16 гадоў ужо дасягнула многага. Асляпляць адным позіркам, зачароўваць ласкавымі ноткамі песень – гэта яе прызванне. Знаёмыя ўпэўнены, што дзяўчына зможа заваяваць увесь свет. Родныя Ганцавічы яна ужо пакарыла.
“Першая песня, якую я выканала яшчэ ў дзіцячым са-дзе, называлася “Гномік”. Тады мне было ўсяго толькі пяць, але ўва мне ўжо зараджалася спявачка. Я вельмі ўдзячная свайму выкладчыку музыкі Аксане Аляксандраўне Зялёнка, бо менавіта яна навучыла спяваць, раскрыла мае вакальныя дадзеныя і дапамагла развіць іх. У гімназіі нашага горада яна і цяпер працуе настаўнікам музыкі”, –
расказвае дзяўчына.
Наташа ніколі не сядзіць на месцы. У школе заўсёды была актывісткай, спарт-сменкай. Яна займалася не толькі спевамі, але наведвала секцыю лёгкай атлетыкі, з’яўлялася ўдзельніцай танцавальнага калектыву “Імпульс”, якім кіравала Наталля Генадзьеўна Задружная.
“Наталля Генадзьеўна навучыла мяне рухацца, раскрывацца ў танцы. Яна давала нам карысныя парады, якія спатрэбяцца ў жыцці. У яе выдатная пластыка, таму педагог вельмі хацела, каб мы, яе вучні, былі такімі ж, – прызнаецца юная артыстка. – Скажу шчыра, нам гэта ўдалося. Невыпадкова мы станавіліся пераможцамі ў розных конкурсах. Напрыклад, на свяце Дня дзяцінства занялі 1-е месца ў намінацыі “Спартыўны танец”.
Бацькі цалкам падтрымліваюць дачку ва ўсіх пачынаннях і ўхваляюць захапленне вакалам. Калі ёсць талент, чаму б яго не развіваць?! Наташа заўсёды імкнулася расці творча. Яна ўдзельнічала ў першым культурным праекце г. Ганцавічы “Я – Талент”. У намінацыі “Лепшы вакаліст  2012 года” атрымала перамогу. На гэтым праекце дзяўчына шмат чаму навучылася, у прыватнасці, уменню паводзіць сябе на сцэне, стварэнню непаўторнай манеры выканання. А яшчэ пазнаёмілася з цікавымі і адоранымі дзецьмі.
Наташа на дасягнутым не спынілася. Паспрабавала сілы ў рэспубліканскім конкурсе “Новыя вяршыні”, які прайшоў у Мінску: выканала песню Паліны Гагарынай “Калыханка” і заваявала 2-е месца, атрымала грамату і кубак. Там жа пазнаёмілася ??з удзельнікамі тэлевізійнага праекта “Я – спяваю!”. Гэта, безумоўна, дало штуршок да новых перамог.
У маі на базе гімназіі горада Ганцавічы праходзіў конкурс у фармаце “Еўрабачання” “3G voice”, дзе вучні дэманстравалі сваё ўменне спяваць на англійскай мове. Наталля Рылка таксама паўдзельнічала. Дзякуючы таленту, харызме і руплівасці, яна стала ўладальніцай ганаровага 1-га месца.
“Мне падабаецца ўдзельнічаць у розных конкурсах, і, вядома ж, хацела б стаць спявачкай. Да нумароў рыхтуюся вельмі адказна. Выбіраю песню, якую мару выканаць, пачынаю вучыць. Рэпецірую і спяваю, калі нікога няма дома – так спакайней. Практыкаванні выконваю тыя, якія паказвалі на майстар-класах на праекце “Я – Талент”.
Дзякуючы старанню, жаданню дасягнуць добрага выніку і веры ў свае сілы, Наталля Рылка дабіваецца поспеху. Несумненна, ёй дапамагаюць артыстызм, абаяльнасць і аптымізм. І тыя дарослыя, якія зацікаўлена ставяцца да юнай спявачкі, сваёй падтрымкай, а яшчэ навукай раскрываць талент дзяўчыны.
Дар’я ЗАНЬКА,
аб’яднанне па інтарэсах “Юны рэпарцёр” РЦДЮТ,
г. Ганцавічы.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля