Беларусь

Абласны конкурс юнкараў: Хлопцы гуляюць у хакей


З любімай гульнёй у Івацэвічах падлеткі не разлучаюцца нават летам
Сёлетні чэмпіянат свету па хакеі завяршыўся трыумфам шведаў. “Вікінгі”  не проста аформілі перамогу на хатняй арэне, а зрабілі гэта вельмі прыгожа.  Падобнымі на іх вельмі хочацца быць юным хакеістам з Івацэвіч. Тым больш што ў нашым горадзе ёсць умовы для спартыўнага сталення аматараў лёду, шайбы і клюшкі: у Івацэвічах пабудавалі Лядовы палац, а са снежня  2011 года пачаліся заняткі з юнымі хакеістамі.
Напрасіўся  на  трэніроўку. На лядовай пляцоўцы займаліся хлопцы  2000-2003 года нара-джэння. Мяне прыветліва сустрэў трэнер Віктар  Веліканаў. “У спорце галоўнае – быць перакананым у дасягненні  поспеху, – падкрэслівае Віктар Іванавіч. – Інтэлектуальная нагрузка ў школе  павялічваецца, таму патрабуецца адпаведная рухальная актыўнасць. У  хакеі гэта магчыма. Мы часта ездзім на сяброўскія сустрэчы-турніры ў Кобрын, Пінск, Лунінец, прыязджаюць і да нас. Калі пачыналіся заняткі, дык запісаліся 40  хлопчыкаў. Зараз у гэтай групе 13. Засталіся тыя, хто без хакея не можа жыць. Заняткі бясплатныя. Бацькі купілі толькі форму. Дадатковым стымулам для павышэння цікавасці да гульні была паездка юных хакеістаў у сталіцу на фінал Каляднага турніру, дзе асабіста з рук Прэзідэнта ўсе атрымалі ў падарунак клюшкі. Хлопцы і сёння ўспамінаюць тыя хвалюючыя імгненні”.
Цікаўлюся ў падлеткаў, ці не шкада ім столькі часу праводзіць на лёдзе.  Капітан каманды Іван Калейчык тут жа адказвае: “Я з вялікім жаданнем  прыходжу на трэніроўкі. Вельмі паважаю патрабавальнага трэнера Віктара  Іванавіча. Ён прывіў нам любоў да хакея і ўвогуле да спорту. Выдатны  педагог, любіць нас і сваю справу. За эмоцыі і перажыванні ў камандзе адказваюць нашы бацькі, бабулі і дзядулі. Яны хвалююцца перад кожнай гульнёй і  радуюцца  кожнаму маленькаму поспеху. З такой падтрымкай гуляць лёгка. А шкадаваць трэба той час, які праведзены бязмэтна”.
Віталь Абрамчук, Ілья Ляховіч, Улад Гарэшка, Багдан Гулевіч і іншыя хлопцы вельмі  радаваліся, што летам будуць таксама займацца хакеем. Першую летнюю  змену яны правядуць у спартыўным летніку, а кожны новы дзень дазволіць раскрываць усё новыя і новыя сакрэты гульні.
Улад КАПУЗА,
гурток “Шлях
у журналістыку” Івацэвіцкага цэнтра
дзіцячай творчасці.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля