Беларусь

Каб здзяйсняліся жаданні…


З дабрачыннага навагодняга свята ў абласным Цэнтры  маладзёжнай творчасці кожны з 350-ці ўдзельнікаў вярнуўся ў свой раён не толькі са святочнымі падарункамі, але і з часцінкай цеплыні, падоранай яго арганізатарамі

У краіне працягваецца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. На ёлкі ў раённых цэнтрах вобласці запрошаны дзеці з малазабяспечаных сем’яў, сіроты, таксама пераможцы прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, актывісты школьнага самакіравання. З удзелам старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара навагодняе свята прайшло і ў абласным Цэнтры маладзёжнай творчасці.
Адказваючы на пытанні журналістаў, Канстанцін Андрэевіч зазначыў, што пры любой занятасці ён лічыць святым абавязкам сустрэцца з прадстаўнікамі маладой эліты Берасцейшчыны. Дзяржава ніколі не дасць у крыўду сваіх юных грамадзян. А што спадзявацца ёсць на каго, у кіраўніка абласной вертыкалі сумненняў не ўзнікае. Паводле яго слоў,  “у нас найлепшыя дзеці: самыя прыгожыя, самыя таленавітыя, самыя працаздольныя і… самыя-самыя паслухмяныя?..” Апошнія словы былі вымаўлены з пытальнай інтанацыяй, і з залы ў адказ на іх прагучала зла-джанае “Так!”.
Берасцейшчына надзвычай багатая юнымі талентамі.  Толькі за апошні год  у нас 68 пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных прадметных алімпіяд; 170 вучняў і студэнтаў узнагаро-джаны прэміяй Спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў; 199 – уключаны ў рэспубліканскі банк дадзеных здольнай і  таленавітай моладзі…
Канстанцін Сумар зазначыў, што на свяце ёсць за што пахваліць як дзяцей, так і дарослых. Пакуль юныя беларусы сумленна вучыліся, іх бацькі будавалі сучасныя школы, дзіцячыя сады, лядовыя палацы, спартыўныя комплексы… Усё гэта, на думку Канстанціна Андрэевіча, надзвычай важна. Але важней за ўсё тое, што ў вобласці ствараецца сучасная вытворчасць, заснаваная на перадавых тэхналогіях. Каб быць паспяховым, трэба  працаваць не толькі на заўтрашні дзень, але і на больш далёкую перспектыву.
Праз усё выступленне Канстанціна Сумара скразной лініяй праходзіла думка: цяперашнім вучням трэба спяшацца, штодня папаўняць запас ведаў, каб пасля не пашкадаваць пра  марна згублены час. “Усё вырашае праца, – запэўніў кіраўнік вобласці. –
Я заўсёды кажу, сустракаючыся з дарослымі і дзецьмі: калі ты сёння можаш зрабіць нешта – абавязкова зрабі. А калі можаш заўтра зрабіць у два разы больш для сябе, для бацькоў, для сваёй краіны – будзь патрыётам і зрабі гэта абавязкова”.
А Новы год –  гэта час, калі хочацца зазірнуць у будучыню, загадаць жаданні. І ўсе яны абавязкова збудуцца, тролькі трэба прыкласці неабходныя намаганні.
Пасля былі падарункі: смешны самаробны “Шчаўкунчык” ад дзяцей – кіраўніку вобласці і вялікія каробкі з салодкай “Белавежскай пушчай” – дзецям ад ганаровага госця.  Юныя артысты Цэнтра маладзёжнай творчасці, якія падрыхтавалі музычны спектакль “Шчаўкунчык”, запрасілі ўсіх у цудоўную краіну Фантазію. У бітве з мышыным войскам перамаглі, як і варта было чакаць, сілы дабра. А ўсё таму, што, як выказаўся сам Дзед Мароз, Вера, Надзея і Любоў мацнейшыя за ўсялякае чарадзейства на свеце…
“Выдатна!” – у адзін голас гаварылі і юныя лідары 9-й брэсцкай школы, і пераможцы раённай алімпіяды з Гарадзішчанскай школы Баранавіцкага раёна, і юныя пінчане…
І яшчэ адным назіраннем хочацца падзяліцца. На святочнае мерапрыемства, акрамя пераможцаў алімпіяд і актывістаў школьнага самакіравання, былі запрошаны сіроты, дзеці з малазабяспечаных сем’яў. Углядаўся, хацеў знайсці хоць адзін пакрыўджаны твар, абыякавы позірк, каб пагутарыць, падтрымаць… Далібог, не атрымалася.  Можа, таму, што свята яднала ўсіх адчуваннем весялосці, радасці і дарыла шчаслівыя спадзяванні на лепшае…
Мікола СЯНКЕВІЧ, “НТ”.
Фота Аляксея ГАНЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля