Расці здаровым, малыш!
У яслях-садзе №11 г. Лунінца пяты год працуюць па ўласнай праграме “Здравушка”
Лунінецкі яслі-сад №11 – тыповая дашкольная ўстанова. Але толькі калі глядзіш на будынак з вуліцы. Варта пераступіць парог і агледзецца, як стане зразумела: тут сябруюць з інавацыямі і прадпрымальнасцю ў самым шырокім сэнсе гэтых вызначэнняў. Загадчыца ясляў-сада Таццяна Шпак тлумачыць:
– У нас прафілактычна-аздараўленчы профіль. З 12 груп – тры санаторныя і адна спецыяльная для дзяцей, якія часта хварэюць. Здароўе дзетак хвалюе ўвесь калектыў, і клапоцімся мы аб ім не менш, чым бацькі. Каб сістэматызаваць работу ў гэтым кірунку, у 2006 годзе распрацавалі аўтарскую праграму “Здравушка”, па якой займаемся і зараз.
Пабываўшы ў гэтым садку, зразумела: для таго, каб эфектыўна працавалі здароўезберагальныя тэхналогіі, патрабуецца адпаведная матэрыяльная база. Агульнымі намаганнямі яе ў яслях-садзе №11 стварылі. Акрамя традыцыйных для дашкольных устаноў музычнай і фізкультурнай залаў, тут маюць фізіятэрапеўтычны кабінет з неабходным для розных працэдур медыцынскім абсталяваннем, залу лячэбнай фізкультуры, фітабар. У штаце – урач-педыятр, таму дзеткі своечасова атрымліваюць прафілактычныя працэдуры, у поўным аб’ёме праходзяць рэабілітацыйны курс пасля хваробы. Медыцынскія сёстры навучаліся на спецыяльных курсах па фізіятэрапіі і масажы для дзяцей. Спецыяльныя прыстасаванні, спартыўны інвентар актыўна выкарыстоўваюць для заняткаў. Лячэбна-аздараўленчы працэс пабудаваны так, што ён стаў пастаянным і абавязковым складаемым рэжыму дня для дзяцей. Задзейнічаны ў ім усе, а не толькі тыя, у каго аслабленае здароўе.
Хлопчыкі і дзяўчынкі ў гэтым садку выдатна спяць на травяных падушках, ахвотна п’юць кіслародныя кактэйлі. Ім даспадобы аперацыя “Марская хваля” (вось так прыгожа тут называюць звычайнае паласканне поласці рота содава-салявым растворам) і інгаляцыі “Свежае дыханне” (для іх выкарыстоўваюць эўкаліпт, календулу, праполіс). У аздараўленчым меню – эліксір “Здароўе” (настойка жэньшэню, элеўтэракоку, эхінацэі), фітачаі “Вітамінны”, “Фітагор”, “Лясная свежасць”, дэсерт “Ласун” (лімонныя долькі з мёдам). А калі ў меню з’яўляецца радок “Сямейства Чыпаліна” – значыць, у садку пачынаецца фітанцыдная прафілактыка:
у стравы дадаецца часнок, цыбуля. Ранішняя эмацыянальна-стымулюючая гімнастыка, лячэбна-аздараўленчыя паўзы днём, музычная, араматычная, арт-тэрапіі, аўтатрэнінгі, псіхагімнастыка, трэнінгі адчуванняў – усё гэта ў комплексе і на пастаяннай аснове. У садку ўлічваюць біялагічныя і месячныя рытмы, нават астралагічны прагноз бяруць у разлік, каб падабраць аптымальны рэжым для груп.
– Вельмі важна стварыць дзецям эмацыянальна-камфортнае асяроддзе, – пераканана кіраўнік дашкольнай установы Таццяна Шпак. – Актыўна працуем з бацькамі: абавязкова загадзя інфармуем іх, якія аздараўленчыя мерапрыемствы будзем праводзіць, запрашаем на спартландыі, у паходы.
Шмат ідэй у кіраўніка фізічнага выхавання Людмілы Жук. Напрыклад, звычайныя прагулкі на прыроду ператвараюцца ў сапраўдныя міні-паходы. Дзеці ў іх вучацца арыентавацца на мясцовасці, ладзіць пікнікі, атрымліваюць першыя ўрокі экалагічнага выхавання і, вядома ж, умацоўваюць здароўе.
Праграма “Здравушка” дапамагае скарэкціраваць здароўе дзяцей, у выніку яны пераходзяць з санаторных груп у звычайныя. Дарэчы, хварэюць выхаванцы ясляў-сада значна менш, чым іх равеснікі. Калі 10 год таму ў сярэднім адзін дзетсадавец прапускаў 18,2 дня, дык летась – 10,2. Былі гады, калі пропускі складалі 7 – 8 дзён.
Абавязкова адзін з педсаветаў у дашкольнай установе прысвячаюць пытанням аздараўлення. Для бацькоў выхавальнікі традыцыйна выпускаюць аб здароўі малых тэматычны нумар садаўскай газеты “Праменьчык”. З дзецьмі працуюць псіхолаг, дэфектолаг, іншыя спецыялісты. Усе разам яны дапамагаюць дашкольнікам не толькі атрымліваць веды, уменні, якія неабходныя для ўстойлівай матывацыі на здаровы лад жыцця, але і вучаць імі актыўна карыстацца.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Лунінец.
Фота з архіва ясляў-сада №11.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.