Пачуцці душы, узрушанасць сэрца
павінны прысутнічаць у кожным вершы
Зараз ва ўсіх бібліятэках, клубах і іншых дзяржаўных установах культуры нашай краіны поўным ходам ідзе падрыхтоўка да гэтага літаратурнага свята. Распрацоўваюцца планы творчага мерапрыемства, запрашаюцца паэты, пісьменнікі, музыканты, спевакі, чытачы – прыхільнікі прыгожага мастацкага слова.
Сярод творчых ды чытаючых людзей часта можна пачуць прыкладна такое выслоўе: любая прыгажосць дапамагае чалавеку жыць. І гэта праўда. Варта толькі дабавіць, што мастацкая літаратура – найперш. Бо нездарма ж яе так і называюць – “прыгожае пісьменства”. Але і ў прыгожым пісьменстве ёсць свае прыярытэты. Па слоўнай сцісласці, дакладнасці, глыбіні і палёту выказанай думкі менавіта паэзія прызнана першай прыгажуняй у літаратурным мастацтве. Менавіта яе радкі, строфы ахвотна завучваюцца і часта дэкламуюцца людзьмі рознага ўзросту – ад малых дзетак да старэнькіх бабуль…
Мне як творчаму чалавеку хацелася выказаць сваё меркаванне аб гэтым літаратурным жанры. Думаю, наўрад ці хто пачне аспрэчваць тое, што паэзія, паэтычная творчасць – справа тонкая, праца далікатная, пластычная. Не ўсім паэзія даецца, і нават не кожнаму яна зразумелая. Варта заўважыць: калі вершы пішуцца толькі розумам, то яны тады мёртвыя. А каб паэзія была жывой, каб гучала, свяцілася і кранала людскія сэрцы, паэт павінен пісаць яе душой, вядома, падключаючы свае веды, інтэлект, розум. Але пачуцці душы, узрушанасць сэрца павінны прысутнічаць у кожным творы. Сваю светлую ўзнёсласць ці боль ад пакут трэба не хаваць ад чытача, а раскрываць. Інакш – нікому тваё раўнадушша не патрэбна. Адным словам, паэт павінен умець выказацца, зачапіць чытача за жывое. І тут мне хочацца, да прыкладу, прапанаваць адзін верш нашага невідушчага таленавітага паэта-берасцейца Аляксея Капацкевіча, які на людскія папрокі ў свой адрас (навошта яму выдаваць сваю кніжку) змог адказаць даравальнымі радкамі:
Я дарую вам крыўды – усе да адной,
Дарагія шчаслівыя людзі,
Хай на сэрцы вам радасна будзе,
І ў душы хай пануе спакой!
Хай вас цемра-бяда абміне,
Хай ваш погляд заўжды будзе ясным!
Як сваім вас пакрыўдзіў няшчасцем –
Калі ласка, даруйце вы мне.
Бог, калі стварыў гэты свет, то ў яго аснову паклаў закон любові; і калі яго трымацца, то можна дасягнуць вяршыняў душы, гармоніі ў жыцці, нягледзячы на нашы фізічныя недахопы ці немач. А калі закон любові ігнараваць і замест яго дэманстраваць злосць, непрыязнасць, зайздрасць, то навошта і жыць на гэтым свеце? Хіба што, каб атручваць жыццё іншым. Бо ж такому чалавеку ўсё роўна ніколі не зразумець і не прыняць наступных слоў:
Мне аднойчы знаёмы філосаф сказаў:
“Увесь Сусвет па агульным законе жыве –
Ты багаты на тое, што камусьці аддаў,
Ты на тое збяднеў, што пакінуў сабе.
Дзеліш неруш ці песню, якую спяваў,
Аддаеш незнаёмцу альбо дружбаку,
Нават хлеба крышанчык, што птушцы аддаў,
Па Законе – залічаць табе на вяку”.
Яўген Пясецкі.
Праз паэзію, праз духоўнае, мастацкае слова мы захоўваем любоў нашу не толькі да сваёй зямлі, сваёй Айчыны, але і, што найважней, паэтычным радочкам дагаджаем Богу, праслаўляючы Яго законы, і сцвярджаемся ў веры, што Бог – гэта і ёсць ісціна. Дык не выцясняйма са свайго сэрца гэтай любові, не выцясняйма са сваёй душы Бога. Адным словам – стварайма вечна жывучую Паэзію!
Надзея ПАРЧУК,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.