Творча мысліць. Каб творча жыць

Творча мысліць. Каб творча жыць

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Аўтарская група “Рэферэнт” дапаможа школьнікам раскрыць свае таленты на занятках па інтарэсах
Паўдзельнічаць у цікавай праграме могуць як першакласнікі, так і школьнікі старэйшых класаў. Зразумела, іх заняткі будуць адрознівацца, але сутнасць заключаецца ў адным і тым жа. Калі вы падумалі, што дзяцей навучаць ляпіць з пластыліну, маляваць ці вязаць, дык гэта не так. Мерапрыемствы “Рэферэнта” пакажуць, як паводзіць сябе з іншымі людзьмі, дапамогуць стаць разняволеным і ўпэўненым чалавекам. Карацей кажучы, навучаць таму, што тычыцца псіхалогіі і жыцця.
Праграма “Вучуся творча мысліць”, у межах якой і працуе згаданая аўтарская група, актыўна дзейнічае ў Баранавічах з 2010 года, і тыя школы, якія прынялі ў ёй удзел, задаволены новым праектам. Школьнікі сталі больш адкрытымі і творчымі. Пазакласныя ўрокі навучылі многіх вучняў пазбягаць некаторых непрыемных момантаў штодзённасці. Цяпер падлеткі ўмеюць правільна рэагаваць на крытыку, не псуючы ні свае, ні чужыя нервы. Пагадзіцеся, надзвычай важна заставацца ў добрым настроі.
Гурткі, факультатывы, класныя гадзіны – абсалютна ў любой форме можна арганізаваць работу з дзецьмі. Галоўная задача настаўніка пры гэтым – абудзіць цікаўнасць і творчае мысленне сваіх вучняў. Вынікі педагогі заносяць у “Партфоліа творчых дасягненняў”. Хіба не цудоўна назіраць, як растуць поспехі праз пэўны час, як змяняецца характар, як становяцца дабрэйшымі і спакайнейшымі душа і думкі?!
Сапраўды, далёка не кожны з нас лічыцца з чужым меркаваннем, часцей свае прынцыпы чалавек узносіць, лічыць самымі дакладнымі ў свеце. Асуджаем кагосьці за яго ўчынкі, гаворым, што трэба рабіць, а чаго – нельга, кіруючыся толькі асабістымі ўяўленнямі. З падлеткамі зараз цяжка, прызнаюць дарослыя, а вось спецыяльная вучэбная праграма дапаможа бацькам у выхаванні дзяцей. Удзельнікі групы “Рэферэнт” патлумачаць мамам і татам, што свет змяняецца, але заўсёды трэба перш-наперш зразумець дзіця, а толькі потым рабіць вывады. І разуменню можна навучыцца.
Калі школьнікі, бацькі і настаўнікі шырока падтрымаюць праграму “Вучуся творча мысліць”, дык агульнымі намаганнямі яны змогуць вырашыць многія праблемы.
Вікторыя ГОМЗА,
гурток “Экажурналістыка”,
г. Баранавічы.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Служба ў новым фармаце

Следующая запись

Ахоўніцы спакою