Беларусь

Тыдзень са словам прадзедаў


Дзеці розных нацыянальнасцей з задавальненнем вывучаюць родную мову ў Рэчыцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе
У маім класе вучацца казах, чувашка, латышка. Усе яны адчуваюць сябе грамадзянамі нашай рэспублікі. У іх любоў да беларускага слова зусім не меншая, чым у тых, хто народжаны беларусам. Таму не дзіва, што свята “Тыдзень беларускага слова” падтрымалі ў навучальнай установе і настаўнікі, і дзеці.
Малодшыя вучні ахвотна пагулялі ў інтэлектуальную гульню, прысвечаную беларускім народным казкам. Яе правялі настаўніцы пачатковых класаў Ала Фёдараўна Сівадзедава і Ірына Міхайлаўна Карпіевіч. Настаўніца гісторыі Вера Мікалаеўна Філосаф падрыхтавала выставу-прэзентацыю твораў беларускай літаратуры, аўтарамі якіх з’яўляюцца нашы землякі. Школьнікі з цікавасцю знаёміліся з творчасцю Уладзіміра Гніламёдава, аповесцю Канстанціна Перапяліцы “Камянецкая вежа”, навінкамі Аляксандра Федарэнкі, Анатоля Казлова, Анатоля Бутэвіча, гумарыста Міхаіла Слівы. Адзначылі ўвагай на выставе і апошнія нумары часопісаў “Маладосць” і “Полымя”.
Застанецца ў памяці сустрэча з пісьменнікам-земляком, аўтарам шматлікіх гумарэсак Іванам Жытко. Іван Андрэевіч расказаў пра ваеннае дзяцінства, нялёгкую службу ў міліцыі, свой шлях да творчасці. Так цікава было паслухаць творы ў выкананні аўтара! На памяць аб сустрэчы ў школе засталіся не толькі фотаздымкі, але і кніга пісьменніка “Смех смехам”.
Мы жывём у цудоўным краі, дзе шмат адораных людзей. Правільна, што талентам сваім яны дзеляцца з суайчыннікамі. Іх галасы надаюць яшчэ большае гучанне слову прадзедаў – беларускаму слову.
Настасся БУЧЫНСКАЯ,
член гуртка
“Юны журналіст”
Рэчыцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы,
Камянецкі раён.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля