У СШ №4 г. Лунінца вучні пазнаюць тэорыю здаровага ладу жыцця і карыстаюцца ёй на практыцы
Мала навучыць школьнікаў асновам здаровага ладу жыцця – трэба выхаваць у іх жаданне гэтымі прынцыпамі кіравацца штодзённа
Ці ведаеце вы, што рукі мыць трэба столькі часу, каб няспешна прагаварыць прыпеў з вядомай навагодняй песенькі “У лесе нарадзілася елачка”? А ці вядома вам, што кухня – самае “мікробнае” месца ў доме? Дакладныя адказы на пытанні, звязаныя з экалогіяй, гігіенай, санітарыяй і здаровым ладам жыцця, ведаюць вучні сярэдняй школы №4 г. Лунінца.
Калі вы перакананы, што здаровы лад жыцця – гэта выключна размовы тыпу “шкодна курыць, нельга піць, наркотыкі – зло”, – значыць, вы кіруецеся стэрэатыпамі. Так лічаць у 4-й школе, дзе мэтанакіравана выхаваннем патрэбы ў здаровым ладзе жыцця займаюцца ўжо 20 год. Настаўнікі гэтай адукацыйнай установы перакананы: пачынаючы з першага ў жыцці дзіцяці школьнага званка, у яго трэба фарміраваць жаданне весці здаровы лад жыцця. Такі модны ў наш час тэрмін “здароўезберагальныя тэхналогіі” ў школе прыжыўся лёгка таму, што здароўем школьнікаў тут займаюцца самым сур’ёзным чынам. “Вучыць без шкоды для здароўя – гэта не задача школы, гэта абавязковая ўмова яе работы”, – пераканана дырэктар САШ №4 Ірына Дубенчук. І калегі падтрымліваюць свайго кіраўніка.
Дзякуючы такой усеагульнай зацікаўленасці, гэтая ўстанова заўсёды знаходзіцца на пярэднім рубяжы ў барацьбе за здароўе дзяцей. Яшчэ з 1990-х гадоў тут ахвотна ідуць на эксперыменты, звязаныя з прапагандай здаровага ладу жыцця, удзельнічаюць у рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных праектах. Лунінецкія педагогі распрацавалі школьныя праграмы “У здаровым целе – здаровы дух” і “Сям’я”, якія паспяхова працуюць ужо тры гады. У школе стварылі клуб “Здаравячок”, заняткі ў якім падабаюцца школьнікам. Дні здароўя, трэнінгі, лекцыі, факультатыў па здаровым ладзе жыцця, спецыяльны курс “Школа здароўя”, спартыўныя мерапрыемствы круглы год – прапаноў столькі, што аздараўленчай, прафілактычнай работай ахоплены ўсе, ад пачатковых класаў і да выпускных.
У САШ №4 вучацца вучні, настаўнікі, бацькі. Практычным увасабленнем тэорыі здаровага ладу жыцця можна лічыць адданасць дзяцей і падлеткаў фізкультуры і спорту. У фае на першым паверсе ніколі не прыбіраюць тэнісны стол. Да ўрокаў і пасля іх. На перапынках гуляюць у настольны тэніс. У суботу ў спартыўнай зале выстаўляюць дадатковыя сталы – столькі жадаючых паказаць майстэрства валодання тэніснай ракеткай! Дарэчы, у школе працуюць розныя секцыі, а таму спартзал, як кажуць, распісаны на кожны дзень.
Праводзілі ў школе анкетаванне. Сярод каштоўнасцей самай важнай вучні назвалі здароўе. На пытанне – “Для чаго вы ведзяце здаровы лад жыцця?” – амаль палова адказала: “Каб мець здаровых дзяцей”. Вось вам і матывацыя сябраваць з фізкультурай і спортам, ігнараваць шкодныя звычкі, клапаціцца аб здароўі з дзяцінства!
У школе мараць удасканаліць матэрыяльнае спартыўнае забеспячэнне, каб падтрымліваць належны ўзровень фізкультурна-аздараўленчай работы – гэта надзвычай важна. Бо трэба працягваць заахвочваць дзяцей імкнуцца быць здаровымі, каб яны вучылі бацькоў, як правільна прыгатаваць грыбы, як захоўваць прадукты, чаму неабходна выконваць элементарныя правілы радыяцыйнай бяспекі, як кажуць, на бытавым узроўні… І старэйшыя да тых парад будуць прыслухоўвацца, бо ведаюць: іх дзеці вучацца ў школе, дзе здаровым ладам жыцця не проста цікавяцца, а жывуць ім.
Святлана ТАБОЛІЧ, “НТ”,
г. Лунінец.
Фота аўтара.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.