Беларусь

Астрамечаўскія дарогі ўяўляюць сабой паласу перашкод


Вось так выглядаюць ачышчальныя збудаванні на ўскраіне Яцкавіч
СВК “Астрамечава” – лепшая ў Прыбужжы і рэспубліцы гаспадарка. Але такое вызначэнне не адносіцца да вясковых дарог
Унутраныя дарогі Астрамечава не рамантаваліся з моманту ўводу ў эксплуатацыю, і іх пакрыццё ўяўляе сёння  каскад вялікіх і малых перашкод, якія псуюць не толькі выгляд вуліц, але і гэтага прыгожага населенага пункта Прыбужжа ўвогуле. Шматлікім гасцям і дэлегацыям з розных куткоў рэспублікі, а таксама блізкага і далёкага замежжа, якіх звычайна прывозяць у Астрамечава, іх, праўда, не паказваюць. Для гэтых мэт ёсць добраўпарадкаваныя машынныя двары,  гароднінасховішча, сучасныя фермы, дагледжаныя палеткі і цудоўны сад мясцовага СВК. А яшчэ – выкладзеная тратуарнай пліткай і заасфальтаваная цэнтральная плошча з цудоўным Палацам культуры, іншымі аб’ектамі сацыяльнай сферы і  двухпавярховымі  жылымі дамамі, якія  з вясны да восені  патанаюць у зеляніне і кветках.
Такім Астрамечава запомнілася многім, хто калі-небудзь бываў тут. Прыгожы, добраўпарадкаваны аграгарадок. Ну, чым не прыклад для  пераймання вопыту па навядзенні парадку і рэнтабельнага гаспадарання?
– Так, людзі  клапоцяцца пра вёску і робяць усё для таго, каб яна прыгажэла з кожным днём, – гаворыць намеснік старшыні Лышчыцкага сельвыканкама Мікалай Міхальчык. –  Значны ўклад у яе добраўпарадкаванне, ды і астатніх населеных пунктаў, якія размяшчаюцца на тэрыторыі гаспадаркі, уносіць і  сельгаскааператыў. Вось і  дарогу па вуліцы Брэсцкай, якая вядзе ў цэнтр і па якой возяць да нас розныя  дэлегацыі, адрамантаваў за свае сродкі, хоць яна, як і ўсе ўнутраныя, знаходзіцца на балансе дарожнікаў. Толькі як быць з астатнімі, па якіх з-за вялікіх і малых ямак нават у добрае надвор’е нельга праехаць,  не гаворачы пра непагадзь?
Убачыўшы ў маіх вачах недавер і здзіўленне – маўляў, не можа такога быць, у апошнюю маю камандзіроўку ў Астрамечава мужчына прапанаваў зрабіць невялічкую экскурсію па вуліцах населенага пункта, каб  ацаніць якасць тамашніх дарог. Прычым не на задворках, а ў цэнтры. Ацаніла: на працягу  ўсяго руху па вуліцах Дружбы, Свабоды,  Будаўнікоў і Калгаснай, якія, можна сказаць, з’яўляюцца тварам аграгарадка, каб не ўдарыцца галавой аб дах аўтамашыны, калі яна падскоквала на калдобінах, моцна трымалася за дзвярную ручку. Пакладзены каля 30 гадоў таму асфальт, сапраўды, паўсюдна выбіты і вышчарблены. А ў некаторых месцах  яго наогул не відаць. Каб не нішчыць уласную тэхніку, вяскоўцы самі засыпаюць ямы – дзе пяском, дзе гравіем. Праўда, карысць ад такога “рамонту” невялікая, а асфальтавыя  дарогі, якія пры належным доглядзе адпаведнымі службамі маглі б яшчэ доўга служыць, паступова ператвараюцца ў грунтова-гравійныя.
І крыўдна астрамечаўцам за тое, што прыгожыя вуліцы аграгарадка псуюць дарогі ў калдобінах. Тым больш, гаспадарка з’яўляецца не толькі адной з лепшых у Прыбужжы  і ў рэспубліцы, але яшчэ і паказальнай для іншых. Калі ж гаварыць пра ўклад СВК у агульнараённую скарбонку, дык на яго долю прыходзіцца амаль 20 працэнтаў сельгаспрадукцыі ад той, што вырабляецца ў раёне. Дык няўжо нельга знайсці сродкі хоць бы для ямачнага рамонту гэтых пакутных дарог, каб і сапраўды не сорамна было везці сюды розныя дэлегацыі? Няўжо працаўнікі лепшай гаспадаркі не заслужылі гэтага? Ці, можа, адказныя за гэты рамонт лічаць: калі сельгаспрадпрыемства эканамічна моцнае, дык і дарогамі павінна займацца само? Нават тады, калі яны не належаць ёй.
Але ж, як гавораць, богу – богава, а кесару – кесарава. Кожны павінен займацца  сваёй справай: сельгаскааператыў – вырошчваць хлеб, даіць малако і  вырабляць мяса, а для гэтага будаваць новыя фермы, укараняць сучасныя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі; дарожнікі ж – займацца дарогамі: будаваць новыя і рамантаваць старыя. Міхаіл Семянюк, начальнік ДРБУ-138, якое абслугоўвае гэтыя дарогі, на запытанне аб лёсе астрамечаўскіх дарог запэўніў, што да канца мая яны будуць адрамантаваны. Аднак па стане на 26 мая тут нічога яшчэ не было зроблена.
Не лепшы асфальт і ў Яцкавічах. Але жыхароў гэтага населенага пункта, па словах начальніка ўчастка Яцкавічы СВК “Астрамечава” Якава Мізэрніка, больш хвалюе іншае: калі, нарэшце, будзе наладжана рэгулярная ачыстка ёмістасцей, у якія з каналізацыйных труб сцякаюць нечыстоты? Несвоечасовае іх выкачванне прыводзіць да таго, што смярдзючае змесціва выліваецца праз край і расцякаецца па акрузе.
Пераканалася на ўласныя вочы: размешчаныя на ўскрайку вёскі вялізныя бочкі былі перапоўнены нечыстотамі. Непрыемны пах разносіўся па акрузе, а “пахучая” вадкасць мноствам імклівых ручайкоў расцякалася з узвышша  ўніз, забруджваючы навакольнае асяроддзе. І так – з дня ў дзень, каторы ўжо год!
Кіраўніцтва мясцовай гаспадаркі неаднаразова звярталася  ў Брэсцкую ЖКГ і, у прыватнасці, да кіраўніцтва ўчастка Лышчыцы ў самім Астрамечаве з пытаннем аб навядзенні парадку  на ачышчальных збудаваннях. Аднак, як гавораць, воз і дагэтуль там.  Па словах начальніка ўчастка Лышчыцы Юрыя Шалабыты, з якім звязалася па тэлефоне, ёмістасці выкачваюцца двойчы на тыдзень. А для навядзення парадку неабходна будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў, бо старыя разлічаны на абслугоўванне толькі аднаго васьмікватэрнага дома, а не цэлай вёскі. Усе адпаведныя службы ў раёне пра гэта ведаюць, і нават пісьмы наконт сітуацыі з ачышчальнымі збудаваннямі ў Яцкавічах накіраваны ў адпаведныя інстанцыі…
Пагадзіцца з гэтымі довадамі, вядома ж, можна. Але пакуль пытанне з будаўніцтвам не вырашана, можа, варта было бнечыстоты адкачваць не двойчы на тыдзень, а часцей?
Надзея Яцура, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля