Чаму клуб “Эра міласэрнасці” папулярны сярод моладзі?
Фактычна з адкрыцця ў 1964 годзе нашай навучальнай установы бярэ пачатак клуб “Эра міласэрнасці”. У Баранавіцкім дзяржаўным прафесіянальна-тэхнічным каледжы сферы абслугоўвання гэтае валанцёрскае аб’яднанне, якім сёння кіруе Наталля Цыкман, вельмі папулярнае. На яго рахунку – шматлікія сацыяльныя праекты. Цікава, што прыводзіць у клуб сучасную моладзь? Чаму валанцёрскі рух так прыжыўся ў каледжы? Пра гэта я спытала ў сваіх равеснікаў, якія з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі клуба “Эра міласэрнасці”.
Святлана ГУБЕЙКА:
– Спачатку мы былі толькі ўдзельнікамі акцый клуба “Эра міласэрнасці”, а потым самі сталі прапаноўваць ідэі і ажыццяўляць іх. Мяне падтрымалі многія сяброўкі – так з’явілася акцыя па дапамозе дзецям, якія знаходзяцца ў дзіцячай бальніцы і ад якіх адмовіліся бацькі. Сабралі цацкі, адзенне, грошы на памперсы. Я назаўжды запомніла, як мы хадзілі ў бальніцу. Гэта няправільна, калі з першых месяцаў жыцця дзеці зведваюць адзіноту і бездапаможнасць.
Таццяна БРУШКО:
– Валанцёры – гэта людзі, якія займаюцца сваёй дзейнасцю выключна па добрай волі. Сэрцы многіх навучэнцаў каледжа адкрыліся дзякуючы ўдзелу ў акцыях, якія мы праводзілі ў сацыяльным прытулку Баранавіч, дзіцячым карэкцыйна-развіваючым цэнтры, Ястрамбельскай школе-інтэрнаце, у дапамозе ветэранам вайны і працы. Адчуваю радасць і гонар за равеснікаў, якія захоўваюць традыцыі міласэрнасці.
Генадзь КУРЧАНСКІ:
– Сярод валанцёраў ёсць шмат хлопцаў. Мы не лічым гэта забавай, наадварот, ставімся да валанцёрства як да работы сапраўдных мужчын. Прыемна дапамагаць – а значыць, прыносіць карысць нашаму грамадству.
Таццяна ТРУС:
– Клуб валанцёраў адкрыты для ўсіх. А прыходзяць сюды зацікаўленыя людзі, якіх не трэба прымушаць рабіць карысныя справы. І такіх сярод моладзі шмат.
Запісала Анастасія БРЫЛІАНТАВА,
навучэнка 3 курса Баранавіцкага ДПТК сферы абслугоўвання.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.