Беларусь

На працягу амаль сямі год клуб “Карагод” Ганцавіцкага ГДК аб’ядноўвае людзей розных культур


Незвычайнае і па-свойму ўнікальнае аб’яднанне існуе ў Ганцавіцкім гарадскім Доме культуры. У 2005 годзе энергічнай і няўрымслівай Ірыне Гурскай, якая ўзначальвае ГДК, прыйшла ідэя аб’яднаць у клубе людзей немясцовых, даць ім магчымасць расказаць пра свае культурныя традыцыі і пазнаёміцца з іншымі. Людзі на гэтую задумку адгукнуліся. Цяпер падлічыць, колькі ўдзельнікаў клуба, вельмі цяжка, бо сюды прыходзяць цэлымі сем’ямі.
– Сустрэчы ў клубе і выязныя мерапрыемствы праходзяць у цёплай і душэўнай атмасферы, – расказвае Ірына Гурская. – Сярод нашых карагодцаў шмат таленавітых і творчых людзей. Яны спяваюць, танцуюць, пішуць і чытаюць вершы, смачна гатуюць. Самае галоўнае, што тут кожны ўмее сябраваць і ніхто не дзеліць людзей па нацыянальнасцях. Усе ахвотна абменьваюцца нейкімі сакрэтамі і асаблівасцямі традыцый той мясцовасці, адкуль яны прыехалі, і з зычлівай цікаўнасцю даведваюцца пра іншыя. Не забываем пра мясцовы каларыт…
Толькі ўдумайцеся: пад адным дахам пасябравалі рускія, украінцы, казахі, азербайджанцы, татары, армяне, башкіры, узбекі, марыйцы, цыгане, казакі, пакістанцы! Некаторыя іх імёны беларусам нават цяжка вымавіць, але гэта не перашкаджае мець агульныя інтарэсы.
– “Карагод” – гэта наша жыццё, – расказвае башкірка Альфія Міхлюк. – У клубе маем магчымасць хоць ненадоўга вярнуцца на радзіму: хто – праз сваю творчасць, хто – праз магчымасць пагутарыць на роднай мове. Я, напрыклад, складаю вершы на башкірскай мове. Даўно ўжо прапісалася на Ганцаўшчыне, мне імпануюць людзі, якія тут жывуць. Аднак вельмі прыемна ўспомніць родную культуру, тым больш, што навокал ёсць неабыякавыя і блізкія па духу землякі.
Здзіўляе і радуе, што кожны з карагодцаў мае чым пахваліцца, усе яны дасягнулі пэўных поспехаў і нават прызнання па-за сценамі клуба. Так, напрыклад, казак Аляксандр Дулік разам з дзецьмі прапагандуе рукапашны бой; цыганка Таццяна Раджэпава зачаруе любога сваім голасам і душэўнымі песнямі; рукадзеллем і кулінарыяй захапляецца ўзбечка Айдыной Мамедава. У сям’і казахаў Ерназаравых 6 дзяцей, і ўсе яны актыўныя ўдзельнікі клуба, бо ў кожнага – адметныя здольнасці. Сама ж Ірына Гурская прадстаўляе культуру Чувашыі.
Ва ўсіх членаў клуба свае гісторыі пераезду на Ганцаўшчыну. Тут у іх другі дом, другая радзіма, але ніхто не забывае пра свае карані, не губляе духоўнай сувязі з нацыянальнальнай культурай. Яны такія розныя, але ўсё ж такі разам!
Як хочацца, каб атмасфера сяброўства і добразычлівасці ганцавіцкага “Карагода” разнеслася далёка за межы рэгіёна! У сітуацыі, калі ў свеце распальваюцца ўсё новыя міжнацыянальныя канфлікты і не сціхаюць старыя, прыклад ганцаўчан варты пераймання, яго трэба прапагандаваць. А закружыць у сваім сяброўскім карагодзе гэтыя ганцаўчане змогуць усіх!
Вольга СВІРЫДОВІЧ, “НТ”,
г. Ганцавічы.
Фота з архіва “Карагода”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля