Беларусь

Як лечыць кніга?…


Беларускае таварыства інвалідаў па зроку шмат чаго робіць для рэабілітацыі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Сярод рэабілітацыйных сродкаў не толькі спецыяльныя тэхнічныя прылады, але і кнігі. Гэтыя носьбіты інфармацыі надзвычай запатрабаваныя сярод тых, хто мае праблемы са зрокам. Лёс кнігі залежыць ад бібліятэкара. У гэтым пераканана загадчыца спецыяльнай бібліятэкі-філіяла №12 г. Брэста Людміла ВАЛЮШКА.
– Людміла Антонаўна, як Вы прадставілі б спецыяльную бібліятэку?
– Я вельмі рада, што ў бібліятэку людзі прыходзяць, як дадому, і забываюць, што яны ў гасцях. Лічу, гэта вельмі добра. “Творца кнігі – аўтар. Творца яе лёсу – бібліятэкар”, – сцвярджаў Віктор Гюго. Насамрэч, чытач бярэ кнігу менавіта з нашых рук, мы – пасрэднікі паміж Чэхавым і Гогалем з аднаго боку і іх чытачамі з другога. Велізарная адказнасць!.. Расчыніць дзверы бібліятэкі мала: бібліятэкарам трэба раскрыць для наведвальнікаў свае душы.
Мы яшчэ маладыя. Бібліятэка пачала працаваць у 1975 годзе пры Брэсцкім таварыстве сляпых. Чытачоў тады было 30 чалавек, фонд складаў 80 экзэмпляраў. Трохі пазней стварылі некалькі дзясяткаў агучаных кніг у бабінах – катушках з магнітнай стужкай. З 1991 па 1992 гады бібліятэка працавала на грамадскіх пачатках, затым фонд перавезлі ў Пінск, а праз чатыры гады вярнулі назад, і бібліятэка існавала як філіял Пінскай культурна-рэабілітацыйнай установы БелТІЗ. Затым чатыры гады мы  належылі Брэсцкаму КРУ “Прошча”, а з 2004-га
Беларускае таварыства інвалідаў па зроку перадало фонд у гарадскую бібліятэчную сістэму. Установа стала спецыяльнай бібліятэкай-філіялам, з таго часу я і працую ў ёй загадчыцай.
Было зарэгістравана 210 чытачоў, фонд складаў 1373 экзэмпляры, з іх 1228 – агучанай літаратуры. Кніг па Брайлю (для невідушчых) не мелі ўвогуле. А вось напрыканцы мінулага года у нас налічвалася 600 чытачоў, у фондзе – 6912 кніг. Пры гэтым істотна змяніўся асартымент:  мы сёння маем 467 дыскаў і 2019 аўдыякасет, на якіх змешчаны гуказапісы многіх дзясяткаў тамоў самых розных жанраў. Акрамя таго, на нашых паліцах – 800 экзэмпляраў літаратуры па Брайлю. Кожны год атрымліваем з Санкт-Пецярбурга 150 такіх кніг і прыкладна 180 дадаткаў да іх наступных серый: “Востры сюжэт”, “Лёгкае чытанне”, “Гісторыя і асоба”, “Культура і здароўе”, “Веды”… За мінулы год мы выдалі для карыстання 18707 экзэмпляраў літаратуры, такім чынам наш фонд атрымаў трайны зварот!..
– Што скажаце пра чытачоў?
– Нашы наведвальнікі, як пра тое гаворыць і назва бібліятэкі, гэта ў асноўным інваліды па зроку і пажылыя людзі. Многія з іх лічаць сябе пакрыўджанымі лёсам, таму ім неабходна асаблівая ўвага і не ра-завае, а, так скажу, доўгатэрміновае абслугоўванне. Што я маю на ўвазе? Скажам, да мяне прыходзіць чалавек не ў настроі: ну, сапсаваў нехта, або надумаў сам сабе немаведама што – усё бывае. Ды калі “звычайны” чытач, так бы мовіць, не выносіць сваё “тайнае” на публіку, то наш менавіта гэта, часцей за ўсё, практыкуе. Асабліва калі дома толькі ён ды сцены… Мне неабходна цярпліва выслухаць чалавека, недзе разам з ім пасмяяцца, часам паспачуваць. І вось пачынаю ўжо разумець, што можна чытачу сказаць, а што нельга ні ў якім разе, якія кнігі яму патрэбны і якія не трэба даваць. Рэкамендую такога аўтара, які стане яму сябрам, дапаможа ў жыццёвых сітуацыях, пазбавіць адзіноты.
– Ваш калектыў невялікі…
– Так, працуем удзвюх – загадчыца і бібліятэкар Лілія Крычко. Рыхтуем тэматычныя мерапрыемствы, складаем розныя дакументы, працуем у абанеменце, абслугоўваем некалькі дзясяткаў чалавек дома. Здараецца, трэба шмат часу, каб даставіць кнігу на якую аддаленую вуліцу горада. Нам вельмі дапамагаюць хлопцы і дзяўчаты з Праваслаўнага таварыства ў гонар свяціцеля Мікалая. Яны не толькі прывозяць кнігі, але старым і нямоглым людзям дапамагаюць навесці парадак у кватэры, ходзяць у магазін, размаўляюць з тымі, каму няма з кім пагаварыць. Я ведаю, што некаторыя маюць жаданне прыехаць да нас, але па стане здароўя не могуць гэта зрабіць. Калі патэлефанаваць 21-60-76, дык мы самі наведаемся да чытача.
– У чым Вы бачыце сваю асноўную задачу?
– Галоўны кірунак нашай бібліятэкі – рознымі сродкамі садзейнічаць сацыяльнай рэабілітацыі інвалідаў і пажылых людзей. Менавіта гэтаму спрыяе наша масавая работа з чытачамі. Праводзім “Калядныя сустрэчы”, з цікавасцю ўспрынялі людзі вечарыны “Асновы духоўнага здароўя”, “Для мяне паэзія – споведзь”, “На шляху да здароўя”, “Дарыце людзям дабро”, “Святая да музыкі любоў…”. Мы хочам запаліць у сэрцах чытачоў “святую да кнігі любоў”. Калі гэты агеньчык загарыцца, ён абавязкова асвеціць душу чалавека і паверне яе ў патрэбным кірунку. “Ты не згаснеш, ясная зараначка, ты яшчэ асвеціш родны край…” – гэтыя словы вялікага Максіма Багдановіча можна ўжываць і ў адносінах да добрай кнігі.
Добрая літаратура валодае ўнікальнай магчымасцю лячыць не толькі душу, але нават і цела чалавека. Кніга – гэта выратавальны круг на хвалях жыцця, без яго даплысці да берага вельмі цяжка. Але трэба дапамагчы чалавеку ўбачыць гэты выратавальны сродак, надаць яму ўпэўненасці, што такім чынам ён абавязкова дасягне ціхага прыстанку.
Гутарыў Уладзімір ПЯТРОЎСКІ,
г. Брэст.
Фота Юрыя МАКАРЧУКА, “НТ”.

Добавить комментарий

Авторизация
*
*
Генерация пароля