Якія думкі пануюць у чалавека, што стаіць на парозе самастойнага жыцця?
Калі думаю пра школу, пра ўсё, што з ёй звязана, дзесьці ўдалечыні чую школьны званок – такі сумны, непраўдападобна кароткі і, на жаль, апошні. Згадка аб ім увесь навучальны год навявала настальгічныя ўспаміны аб школьных днях, іх радасцях і перажываннях, страхах і клопатах.
Пачатковая школа. Які ў мяне клас? А якія там дзеці? І што яны пра мяне думаюць? Чаму на мяне ўсе так глядзяць? І як жа сябе паводзіць? Бясконцыя пытанні не выходзілі з галавы. Не паспявала адшукаць на іх адказы, як тут жа ўзнікалі іншыя, яшчэ больш складаныя. Але паступова адказы ўсё ж знаходзіліся, не заўсёды яны былі прыемнымі і радаснымі – часам расчароўвалі, даводзілі да роспачы. Аднак ва ўсіх цяжкасцях мне дапамагала першая настаўніца. Яна была па-сапраўднаму блізкая, як другая мама, вучыла ўсяму, што раней не даводзілася бачыць, з чым раней не сутыкалася. Валянціна Аляксандраўна Іванейчык умела разумець з паўслова, давала слушныя парады…
Мы пакінулі малодшыя класы. Я тады яшчэ да канца не разумела, наколькі ўсё зменіцца і ўскладніцца. Пазнаёмілася са сваім новым аднакласнікам і суседам па парце Ільёй і нечакана для самой сябе закахалася ў яго дзіцячай, непасрэднай і чыстай любоўю пяцікласніцы. Я цярпела і размаляваныя сшыткі, і падзёрты партфель, які аднакласнік, пыхкаючы, насіў, праводзячы мяне дадому, і спісванне дамашніх заданняў, і нават тое, што галава пастаянна балела ад яго бясконцай тузаніны за косы. Усё гэта здавалася дробязямі. Але толькі да таго моманту, калі новы класны кіраўнік, настаўніца музыкі Марына Уладзіміраўна Васілевіч, абвясціла сваім пявучым голасам, што мае навучальныя вынікі пагоршыліся, і перасадзіла мяне за другую парту. А потым Ілья перайшоў у іншую школу. Каб уцячы ад сумных думак, узялася за вучобу…
За ўсімі гэтымі клопатамі ледзь паспела заўважыць, як змяніўся мой клас: дзяўчынкі прыкметна пасталелі, цішком бралі маміну касметыку, апраналі кароткія спадніцы, упершыню станавіліся на абцасы, уяўлялі сябе неверагодна дарослымі. Усім сваім выглядам, капрызным характарам яны паказвалі: “Мы – сямікласніцы!”
Вучоба была далёка не галоўным прыярытэтам вучняў сярэдняга звяна. Значна цікавей здавалася пагуляць пасля заняткаў або пагаварыць на ўроку пра што-небудзь, заліваючыся смехам. А яшчэ – хіхікаць на перапынках, страляючы вачыма ў бок старшакласнікаў ці, напрыклад, уцячы з урокаў, атрымліваючы пэўнае задавальненне ад гэтага новага, яшчэ незнаёмага адчування страху быць злоўленым. Выдатна памятаю той вечар, калі дадому патэлефанавала Марына Уладзіміраўна і ўпершыню паскардзілася маме, што я без дазволу пакінула кантрольную па матэматыцы…
Пасля сёмага класа я трапіла ў англа-матэматычны профіль. З мінулага складу засталося ўсяго некалькі чалавек, прыйшлі новыя. Усе яны аказаліся добрымі, вясёлымі і, што немалаважна, разумнымі. Але больш за ўсё парадаваў наш новы класны кіраўнік – настаўнік гісторыі Аляксандр Уладзіміравіч Крагель. Малады, ён лёгка знаходзіў з намі агульную мову, выдатна разумеў нас, многае дараваў, штосьці дазваляў, на нешта закрываў вочы. Мы маглі даверыцца яму, падзяліцца праблемамі, папрасіць элементарнай дапамогі і ні разу ў адказ не пачулі адмовы.
Потым быў 9-ы клас. Неабходна было вучыць білеты па гісторыі, ды яшчэ і экзаменацыйныя дыктанты чакалі. Многія вельмі хацелі паступіць, асабліва хлопцы, таму ўзмоцнена кінуліся ў вір вучобы, з галавой зарываючыся ў шматлікую інфармацыю, якую велікадушна давалі нам настаўнікі.
Экзамены прайшлі непрыкметна і на адным дыханні – ніхто нават не паспеў удосталь нахвалявацца. Толькі адна падзея азмрочыла той год – змена класнага кіраўніка…
Наступны навучальны год прайшоў зусім інакш. Лянівы і млявы, ён ніяк не мог скончыцца, цягнуўся доўга і зусім не садзейнічаў вучобе. А вось у плане стасункаў унутры класа год усё ж атрымаўся насычаным. Дзяўчынкі перасталі паказваць свой калючы характар, сталі прасцейшымі, дабрэйшымі, больш спагадлівымі – гэта сведчыла аб тым, што іх раней ілюзорная даросласць ператварылася ў сапраўдную. Яны пачалі шанаваць сваіх сябровак, даражыць імі, не крыўдзіцца па дробязях. І я, нарэшце, знайшла сапраўдную сяброўку. Хлопчыкі ж змяніліся да непазнавальнасці: узмужнелі, выраслі і ўжо зусім не нагадвалі тых маленькіх жвавых падшыванцаў, якімі былі яшчэ нядаўна. Клас прыкметна згуртаваўся. Мы праводзілі час разам і за межамі школы, збіраліся шумнымі кампаніямі.
І вось мы – за паўкроку да апошняга школьнага званка. Не хочацца верыць, што тыя 11 гадоў, якія яшчэ зусім нядаўна здаваліся памерам у жыццё, праляцелі, быццам ураган. Віхура падзей і ўражанняў, сярод якіх радасных, добрых, цікавых было значна больш…
Аналізуючы сваё мінулае ў школе, я адчуваю нясцерпнае жаданне выправіць даўнія памылкі, учыненыя па дурасці або няведанні, а можа, з-за характару, папрасіць прабачэння ва ўсіх настаўнікаў, якім прычыняла непрыемнасці альбо, магчыма, чымсьці пакрыўдзіла. Як часта не мела рацыі і як часта пры гэтым да апошняга даказвала сваю праўду, спрачалася, нягледзячы ні на што?! Але ж усе мае веды, уменні, таленты – гэта іх заслугі. Менавіта настаўнікі развівалі здольнасці, выхоўвалі, рыхтавалі да жыцця.
Як шмат не разумела і як шмат мне яшчэ трэба зрабіць! Вельмі шкада пакідаць школьныя родныя сцены. І вельмі хочацца, каб школа заўсёды ганарылася мной, як ганарацца бацькі, сябры, блізкія…
Ганна ПАРМОН,
клуб журналістыкі цэнтра
пазашкольнай работы,
г. Бяроза.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.