Матылёк на чужыне
Жанчына ніколі не магла зразумець мужчыну. Але і ён яе таксама. Мы, быццам матылі розных відаў, жывём па іншых правілах прыроды, рухаемся ў розных напрамках, хоць і дыхаем адным паветрам. Мы можам глядзець на адныя і тыя ж рэчы, але бачыць іх заўжды па-рознаму. У нас шмат агульнага, а яшчэ больш – адметнага. Кожны дзень мы пераконваемся ў гэтым нанава…
Мужчына, завалодваючы пультам дыстанцыйнага кіравання тэлевізара, на паўзах скача з канала на канал, у той час як жанчына лічыць за лепшае цярпліва перачакаць рэкламу. Каб зняць стрэс, мужчына альбо ўжывае спіртное, альбо нападае на суседзяў, а жанчына есць шакалад і займаецца шопінгам. Мужчына ніколі не можа знайсці сваю рэч, але ставіць камп’ютарныя дыскі ў алфавітным парадку. Жанчына заўжды адшукае ключы ад машыны, але рэдка знойдзе самую кароткую дарогу да пункта прызначэння.
Найбольшую цікавасць, аднак, выклікае нават не сама мяжа, якую звычайна праводзяць псіхолагі паміж моцнай і слабай паловамі чалавецтва. Існуе шэраг прафесій, якія ў наро-дзе прынята лічыць чыста мужчынскімі, – і найперш гэта тыя, што напрамую звязаны з тэхнікай. І хоць вядома нямала прыкладаў, калі жанчына складала сур’ёзную канкурэнцыю любому мужчыне ў так званай нежаночай справе, мужчыны толькі іранічна пасмейваюцца: жанчына з тэхнікай сябраваць не можа. Не збіраюся карміць вас маннай кашай меркаванняў… Вырашыла на свае вочы пераканацца, як яно ёсць насамрэч.
Жанчына, з якой давялося сустрэцца, не проста працуе з тэхнікай – яна вучыць у ёй разбірацца… мужчын у вучэбным цэнтры ДТСААФ, а свае правы на машыну атрымала яшчэ ў 20-гадовым узросце. Шчыра кажучы, і самой не надта верылася, што такое магчыма… Ніколі не лічыла, што жанчына за рулём аўто выглядае горш за мужчыну, але вучыцца кіраваць тэхнікай у жанчыны канкрэтна я наўрад ці адважылася б. Хоць, думаю, не варта рабіць паспешлівыя вывады – трэба паназіраць за жанчынай-інструктарам у працэсе работы, на што ў маім распараджэнні быў цэлы дзень. За гэты час я паспрабавала адшукаць адказы на два галоўныя пытанні, якія мяне цікавілі. Ці па сілах жанчыне стаць сапраўдным майстрам у мужчынскай справе і як, працуючы з мужчынамі, не страціць жаноцкасці?
ЗАЎСЁДЫ ЗАСТАВАЦЦА ЖАНЧЫНАЙ: МЕТАМАРФОЗЫ НЕДАПУШЧАЛЬНЫЯ
Заўсёды здзіўлялася жаночаму імкненню да шведскай гендарнай раўнапраўнасці. Сучасная жанчына прагне быць лідарам, займаць высокія пасады, весці бізнес… Карацей кажучы, прыпадабняецца да мужчыны. І гэта дужа засмучае. Бо сёння ў яе гардэробе сярод шматлікіх джынсаў і ласін ледзь можна знайсці адну ці максімум дзве сукенкі альбо спадніцы… У такія моманты хочацца крычаць: а як жа жаноцкасць, мілыя мае?! Таму, убачыўшы інструктара, нават пашкадавала, што няма ў руках гучнагаварыцеля. Шырокія штаны, прасторны світар, балеткі… На шчасце, гэта было толькі падманлівае першае ўражанне. Пазней я пераканалася: мяккі голас і шыкоўнае ўменне захоўваць поўны спакой цалкам кампенсуюць “мужчынскі” знешні выгляд. Асабліва ўлічваючы той факт, што работа інструктара – вельмі нервовая. Тут важна ўмець правільна падысці да вучня (а ў кожнага з іх свой характар!), пабудаваць такія адносіны, каб цябе не толькі не баяліся, але і паважалі, і, пэўна, самае галоўнае – дабіцца таго, каб табе давяралі. Бо менавіта ты нясеш адказнасць за чужое жыццё.
Вольнага часу ў майстра па ваджэнні няшмат. Яшчэ менш яго становіцца тады, калі ёй самой прыходзіцца рамантаваць вучэбную машыну, бо ў школе 40 майстроў і тэхніка кожнага з іх перыядычна патрабуе абслугоўвання і догляду. Так што не асабліва і разгонішся папесціць сябе прыгожым убраннем. Тым не менш, гэта абсалютна не перашкаджае даме за рулём заставацца жаноцкай.
ЖАНЧЫНА ПЫРХАЕ НАВАТ НА ДАРОЗЕ: ЛЁГКА, АСЦЯРОЖНА, КАЗАЧНА!
…І вось я ўжо знаходжуся на заднім сядзенні вучэбнага аўто, як бы сказаў у гэтым выпадку мужчына, уся такая пасажыр-выпрабавальнік, бо ў салоне на пярэдніх сядзеннях знаходзіліся дзве жанчыны-бландзінкі. А дакладней, дзве чароўныя жанчыны-бландзінкі: майстар Марына Дабралінская і яе вучаніца Святлана Гралева. Ехалі вельмі паціху. Вучаніца баялася газаваць нават на мінімальна дазволенай хуткасці, але рухалася, варта заўважыць, лёгка і прыгожа.
Мы доўга ездзілі па гарадскіх вуліцах, пакуль не трапілі ў пробку, прычынай якой стала сутыкненне “Рэно” і “Нісана” на скрыжаванні. Мужчыны, якія былі ўладальнікамі іншамарак, намагаліся самастойна разабрацца, хто вінаваты ў аварыі. “Так і думала, што ў ДТЗ трапілі менавіта мужчыны, – уздыхнула інструктар. – Любяць яны рызыкаваць, думаюць: раптам праскочу! На табе – праскочыў! Жанчына больш дысцыплінаваная на дарозе ў параўнанні з мужчынам, ды і рэакцыя ў яе лепшая”.
Што ж, пакуль мы стаялі, па тратуары спакойна праехаў грузавік, потым яшчэ колькі легкавушак. Тым часам да нас падышоў вадзіцель тралейбуса, якому таксама “пашчасціла” паўдзельнічаць у масавай паркоўцы на дарозе. Надта ж яму карцела даведацца, колькі Марына Мікалаеўна зарабляе грошай у аўташколе – раптам нават больш за яго. Высветлілася, што заробкі прыкладна аднолькавыя. Падумалася: а не дай божа, калі б інакш. Бо па адным выглядзе мужчыны было зразумела: зайграў бы такую сімфонію пра жанчыну за рулём, што проста хавайся ў бульбу. На просьбу ж інструктара крыху ад’ехаць назад (тралейбус стаяў апошнім у пробцы), каб можна было развярнуцца ў супрацьлеглым напрамку, нават не адрэагаваў. Вось табе і павага да жанчыны! Так і прастаялі з паўгадзіны.
У “ШУМАХЕРАЎ” СВАЕ ЗАКОНЫ
Як мне пасля прызналася вучаніца Марыны Мікалаеўны, на першых занятках ёй было страшнавата сядзець побач з жанчынай-інструктарам. Здавалася, што з мужчынам адчувала б сябе больш надзейна. І толькі пасля яна зразумела, як моцна памылялася. З майстрам-жанчынай больш спакойна, а з мужчынам (гаворка вялася пра яе мужа, які ў свой час даў жонцы колькі ўрокаў) прыходзіцца пастаянна нервавацца, бы тая школьніца. Дарэчы, дарэмна мужчына быў такім жорсткім з жонкай, бо і з уласных назіранняў, і са слоў інструктара я пераканалася: жанчына значна хутчэй успрымае неабходную інфармацыю і лепш карыстаецца ёю на практыцы. Не верыце?
Сустрэлася я і з вучнем Марыны Мікалаеўны – Сяргеем Мегелем. Дзве гадзіны, праведзеныя з ім на аўтадроме, для мяне аказаліся сапраўдным выпрабаваннем. Склалася ўражанне, быццам я сяджу не ў машыне, а вярхом на неўтаймаваным мустангу, які то застыне на месцы, то раптам як ірване ды памчыць галопам… Хоць бяры ды трымайся за паветра! Не памятаю, колькі стоек мы збілі па дарозе і з якога разу ўдала трапілі ў гараж, бо мне ўжо было не да падлікаў. А вось наша інструктар спакойна тлумачыла (не ведаю, у які ўжо раз!) памылкі вучня. І нават паспявала жартаваць: “Навошта так рэзка націскаць на тормаз! Каб усе калаціліся?..” На што хлопец адказаў, што па жыцці такі рэзкі.
А машына патрабуе асаблівай цярплівасці. Да канца свайго першага занятку яму ўсё ж удалося навучыцца лёгка кранацца з месца. Але колькі сіл на гэта было пакладзена! І я проста не магла не пацікавіцца: можа, ён хацеў бы вучыцца ў іншага майстра – мужчыны? Але юнак упэўнены: яму гэта непатрэбна, бо лепшага за Марыну Мікалаеўну інструктара проста не знайсці. Вядома, крыху сорамна за тое, што паказаў на першым занятку. З тэхнікай жа трэба абыходзіцца, як з каханай. І хто яшчэ ў гэтым можа дапамагчы, як не сама жанчына: цярплівая і разважлівая.
І сапраўды, падумала я, калі жанчына заблудзілася, яна спыніць машыну і папросіць паказаць дарогу. З пазіцыі ж мужчыны гэта праява недаравальнай слабасці. Ён гадзінамі будзе кружыць па горадзе, мармычучы сам сабе: “Я знайду туды новы маршрут”, ці “Пэўна, недзе тут”, альбо “Ага, гэту запраўку я ўжо бачыў”. Вось так, баючыся выглядаць слабым, і трапляюць у аварыі. Таму нават добра, калі мужчына вучыцца кіраваць тэхнікай менавіта ў жанчыны.
РОЗНЫХ ВІДАЎ, АЛЕ АДНАГО РОДУ
На маё пытанне, што паўплывала на рашэнне жанчыны пайсці працаваць у аўташколу, Марына Мікалаеўна адказала: мужчыны заўсёды любілі ставіць жанчыну на ступень ніжэй за сябе. І ёй гэта не падабалася. Хацелася даказаць, што таксама можа займацца мужчынскай справай. Таму і пайшла са свабоднай эканамічнай зоны “Брэст”, дзе працавала аператарам, у аўташколу інструктарам.
І сапраўды даказала. Хоць у ДТСААФ Марына Мікалаеўна ўсяго толькі год, але маладым інструктарам начальства задаволена.
“Вучыць кіраваць тэхнікай – вельмі сур’ёзная справа. Каб працаваць з ёю, трэба быць вельмі адказным чалавекам. І сёння жанчына больш здольная несці адказнасць, чым мужчына. Яна рэдка трапляе ў аварыі, заўсёды акуратная на дарозе. Таму, перакананы, у тэхніцы для жанчыны заўсёды знойдзецца месца”, – падзяліўся сваімі думкамі Віктар Вайцішук, намеснік дырэктара аўташколы па вучэбнай рабоце.
Такой жа думкі прытрымліваецца і Сяргей Керпічэнка, старшы майстар па ваджэнні: “Жанчына не такая імпульсіўная, як мужчына. І на дарозе гэта вельмі важна. Калі казаць канкрэтна пра Марыну Мікалаеўну, заўсёды ўражвала яе цярплівасць. Ніколі не чуў, каб яна крычала на вучняў. На яе ніколі не паступала скарг. Пэўна, гэта галоўнае ў нашай справе”.
Мужчынскія характар і стыль паводзін, відавочна, неабходныя для таго, каб дабрацца да верху, але застацца наверсе ў цяперашні час усё ж у большай ступені можна толькі з дапамогай чыста жаночых якасцей. На высокіх пасадах апора на мужчынскія каштоўнасці вядзе да барацьбы ўнутры арганізацыі, а жаночыя – садзейнічаюць калектыўнай рабоце, што ўзмацняе суполку. Сказанае не азначае, што мужчына павінен быць жаноцкім альбо жанчына – мужчынападобнай, затое разумець адзін аднаго – проста абавязаны.
Юлія ЛАШЧУК,
г. Брэст.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.