Пра могілкі, смецце і чалавечае сумленне

Пра могілкі, смецце і чалавечае сумленне

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Альшаны называюць самай вялікай вёскай, самай багатай і самай праблемнай…

Ці лёгка тут кіраваць? Пра гэта гутарым са старшынёй Альшанскага сельвыканкама Віктарам ГАПКО.
– Віктар Анатольевіч, адным з галоўных кірункаў дзейнасці сельскага Савета з’яўляецца навядзенне парадку на зямлі. Як справы з добраўпарадкаваннем у Вашых уладаннях?
– Пытанне навядзення парадку, бадай, самае няпростае. Таму яно ў нас пастаянна на кантролі. Распрацаваны мерапрыемствы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў сельсавета, створана рабочая група. За кожнай арганізацыяй, установай, прадпрыемствам, камерцыйнай структурай замацавана прылягаючая тэрыторыя.
– І ўсё выконваеце згодна з графікамі і планамі? Няўжо няма праблем?
– Асноўная наша праблема – утрыманне могілак. Іх своечасова не прыбіраюць, яны зарастаюць бур’яном. На жаль, жыхары Альшан не лічаць неабходным утрымліваць у чысціні магілкі родных. Смецце і вянкі выкідваюць каля агароджы, а не ў адведзеных для гэтага месцах. Таму мы замацавалі могілкі за праваслаўнай царквой, дзяржаўнымі арганізацыямі, царквой хрысціян веры евангельскай.
А яшчэ вывешваем аб’явы з просьбамі да грамадзян вёскі аб навядзенні парадку, паштальёны разносяць паведамленні з газетамі па дамах, дзецям у школе раздаём паведамленні, у дзіцячым садку кожны з бацькоў атрымлівае лісток з напамінкам аб добраўпарадкаванні прыдамавых тэрыторый. Аб’явы аб уборцы вуліц ад дроў, смецця, сена, саломы робім  на сходах у царкве хрысціян веры евангельскай. Аднак некаторыя проста ігнаруюць патрабаванні сельвыканкама. Ды не толькі прадпісанні, але і пратаколы. Не ўсе грамадзяне заплацілі штрафы. Мы перадалі іх справы ў суд, але і суд утрымаў штрафы толькі з пенсіянераў і працуючых. А непрацуючыя застаюцца непакаранымі…
–  А ці наладжаны ў вёсцы цэнтралізаваны вываз смецця?
– Так. З мая мінулага года. Аднак зараз узнікаюць праблемы па аплаце. Ёсць вуліцы, на якіх смецце не збіраецца, а аплата налічваецца. Вадзіцель працуе без грузчыка, таму, калі гаспадара няма дома, смецце так і застаецца на месцы.
– Працягласць вуліц вёскі Альшаны – больш за 100 кіламетраў – гэта вялізная адлегласць…
– Калі дакладней, то 117 вуліц і завулкаў складаюцца ў 102 кіламетры. Усе яны перададзены на баланс ДРБУ-141. У гэтым годзе заасфальтаваны вуліцы Чкалава, Цэнтральная, частка Вішнёвай і Высокай, зроблена тратуарная дарожка на вуліцах каля новай школы. Добраўпарадкоўваюцца вуліцы Сасновая, Лугавая, Слаўная, Калгасная, Садовая, Свярдлова, Церашковай, Высокая, Вячэрняя. Многія вуліцы патрабуюць грэйдзіравання і ямачнага рамонту.  Працягваецца газіфікацыя. У бліжэйшы час прыродны газ будзе ісці па вуліцах Гагарына, Заазёрнай, Чкалава, Базарнай, Набярэжнай, ва ўрочышчах Сад, Сосны, Дубы. Таксама сёлета плануецца газіфікаваць урочышча Сілягі, цэнтр Альшан і вёску Сямігосцічы. Пракладваем водаправод да кожнага дома альшанцаў.
– А як з асвятленнем вуліц?
– Асветлены цэнтральныя вуліцы і прылягаючыя да іх, а таксама вуліцы ў новых забудовах. Летась спажыта больш за 100 тысяч кілават электраэнергіі на суму больш за 46 мільёнаў рублёў.
– Ці ёсць у старшыні сельвыканкама асаблівыя пажаданні да людзей?
– Вельмі хочацца, каб Альшаны былі не толькі самай вялікай і багатай, але і самай прыгожай, самай чыстай і ўтульнай вёскай. Зрабіць гэта мы зможам толькі агульнымі намаганнямі. Дзяржава ў нашу вёску ўкладвае значныя сродкі. Мы маем адну з самых прыгожых школ у раёне, 1 верасня адчыніла дзверы яшчэ адна, а таксама дзіцячы сад, паступова асфальтуем вуліцы, праводзім газіфікацыю і водаправод. Дык давайце разам, паважаныя землякі, уладкуем парадак на нашай зямлі!
Гутарыла Таццяна СЕГЕН,
Столінскі раён.

Нет времени читать? Получите краткое изложение

ChatGPT Perplexity Grok Google AI

Предыдущая запись

Матылёк на чужыне

Следующая запись

Смакуем суп “Беларускі квасок”