Пакантактавалі
Рэальныя гісторыі віртуальных знаёмстваў – нагода паразважаць аб феномене сацыяльных сетак
Нас не раз пужалі непрыдуманымі гісторыямі пра розныя інтэрнэт-знаёмствы: маўляў, сацыяльныя сеткі тым і небяспечныя, што дакладна не ведаеш, хто хаваецца за бяскрыўднымі фотаздымкамі на старонцы карыстальніка. “Ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць”, – думала гераіня майго аповяду. Усё залежыць ад таго, чаго насамрэч чакаеш ад паходу…
Кожную ноч Ганна, менавіта так завуць дзяўчыну, калі аднакурсніцы рыхтаваліся да сну, выходзіла ў інтэрнэт. Онлайн-зносіны падабаліся какетцы не менш чым любімы зефір у шакаладзе, толькі, у адрозненне ад апошняга, не пакідалі аніякіх слядоў на фігуры ласухі. У цішыні паўцёмнага інтэрнацкага пакойчыка Ганна ператваралася то ва ўпэўненую ў сабе прыгажуню, то ў сціплую папялушку – усе вобразы знаходзілі сваіх прыхільнікаў на сайтах знаёмстваў. Што і казаць, лёгкі флірт стаў любімай гульнёй дзяўчыны.
– Хопіць сядзець! – абураліся Таццяна і Маша, суседкі па пакоі. – Спаць кладзіся!
– Вось знайду вам кавалераў – дзякаваць будзеце, – жартавала Ганна.
І нібы ў ваду глядзела.
Прыемнай знешнасці юнак, дасціпны субяседнік на доўгія расшаркванні часу не губляў: вырашыў адразу ўзяць быка за рогі і прадоўжыць знаёмства ў рэальнасці. Вось толькі Ігар абяцаў прыйсці з сябрам, таму і Ганна ўзяла з сабой Таццяну.
Спачатку здалося, што такое бывае толькі ў галівудскіх фільмах. Аднаго позірку хапіла, каб зразумець: ён – ідэальная пара… для Тані. У адначассе Ганна з патэнцыяльнай нявесты ператварылася ў сваццю. Віртуальны знаёмы і лепшая сяброўка паразумеліся, а Ганна зноў распачала пошукі героя свайго рамана на інтэрнэт-парталах…
На чарговае спатканне дзяўчына адправілася ўжо ў суправаджэнні Машы. Сцэнарый быў амаль ідэнтычны папярэдняму: хлопец нічым “не зачапіў”, затое спадабаўся суседцы па пакоі. Сімпатыя аказалася ўзаемнай.
Мінуў час. Ганна паспяхова адгуляла на абодвух вяселлях. Па іроніі лёсу сваё шчасце прыгажуня знайшла зусім не ў інтэрнэт-прасторы, а на суседняй вуліцы. Хто б мог падумаць, што праставаты, на першы погляд, мясцовы жартаўнік Аляксей, які са школьных гадоў тузаў нашу гарэзу за косы, і будзе тым самым – адзіным. А да інтэрнэту Ганна звяртаецца ўсё радзей, ды і то – каб даведацца прагноз надвор’я.
А якое ў вас, шаноўныя чытачы, стаўленне да сацыяльных сетак?
Дзяжурная па дыскусіі
Тамара ВАСІЛЬКОВА, “НТ”.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.