Памылкі ў правапісе прозвішча ці імя прыносяць шмат праблем
Летась у суседнім Кобрынскім раёне памёр дзядзька Мікалай – малодшы бацькаў брат. Калі мы прыехалі ўжо на саракавіны, раптам даведаліся, што сям’я так і не атрымала з райсабеса дапамогі на пахаванне блізкага чалавека. Перашкодай для гэтага стала адна літара ў пашпарце.
Як нарадзіўся Мікалай, ніхто не звярнуў увагі на тое, што зарэгістравалі яго непісьменна: з Бензерука зрабілі Бендерука (дзядзькава прозвішча пішу па-руску). Далей – болей: калі Мікалай ажаніўся і жонцы трэба было мяняць пашпарт, яе запісалі Бендзерук (зноў па-руску). Іх дзеці сталі Бендзерукамі. Такім чынам, быў час, калі ў адным доме жылі людзі з трыма прозвішчамі, хоць былі і крэўныя родзічы.
Пахавалі Мікалая Бендерука поруч з Бензерукамі – бацькам, маці і дзедам. А пытанне аб дзяржаўнай дапамозе можна вырашыць толькі праз суд…
Некалі па журналісцкіх справах мне выпала гаварыць з ветэранам вайны з вёскі Багдзюкі Жабінкаўскага раёна Аляксеем Дзялейкам. Аляксей Максімавіч распавёў, што доўгі час у яго дакументах было два прозвішчы: Дзялейка – у пашпарце і Дулейка – у ваенным білеце. Калі ж падышла пара пенсіі, ветэрану давялося даказваць у судзе, што Дзялейка і Дулейка – адзін і той жа чалавек.
У Азятах прыстаў у прымы Пятро Зінковіч. З жонкай выгадавалі дзяцей. У Азяцкім сельскім Савеце было распаўсюджана прозвішча Зінкевіч, можа, таму ў метрыцы аб нараджэнні найменшай Тані напісалі гэтае прозвішча, хаця старэйшыя – Зінковічы. Скажаце, памыліліся? Так. Не дагледзелі? Так. А хто ад гэтага ў рэшце рэшт мае вялікія непрыемнасці?..
Бытуе думка, што такія выпадкі здараліся раней, а сёння ў сельсаветах ды ЗАГСах працуюць высокаадукаваныя людзі, таму падобных памылак не можа быць. Не буду спрачацца з гэтым, але часам тут інструкцыі шкодзяць. Як расказаў знаёмы, гадоў 7-8 назад зарэгістраваў сына, а залетась прыйшоў запісаць дачку. У ЗАГСе яму паказалі інструкцыю, што цяпер “Васільевіч” і “Васільеўна” пішуцца без мяккага знака. Ведаючы сілу адной літары ў метрычных запісах, ён настаяў, каб сын і дачка былі запісаны аднолькава, каб адчувалі яны сябе паўнацэннымі братам і сястрою.
Яшчэ адзін прыклад з жыцця. Сустрэў мяне аднойчы ў райцэнтры на вуліцы Кірава Валянцін Папко, які толькі што атрымаў пенсію.
– Хацеў зайсці ў рэдакцыю, – аб’явіў Валянцін, – і скласці пісьмо-зварот да людзей, каб тыя былі ўважлівыя да любой паперчыны, каб не трапілі ў такое становішча, як я…
З малых гадоў яго звалі не Валік, а Валерка. Таму, падросшы, як стаў працаваць у калгасе, у ведамасці на зарплату ён значыўся як Папко Валерый. Калі ж падышла пенсійная пара, сваю работу ў калгасе Валянцін быў вымушаны даказваць у судзе, каб і гэтыя гады ўвайшлі ў працоўны стаж. Цяпер ён жадаў, каб іншыя не трапілі ў падобнае становішча…
Мы дамовіліся аб сустрэчы, аднак у назначаны дзень Папко не прыйшоў, а ў хуткім часе і зусім яго не стала. Затое застаўся Валянцінаў наказ, звернуты да кожнага з нас: літара хоць і маленькая, але ж вага ў яе адчувальная.
Расціслаў БЕНЗЯРУК,
г. Жабінка.
Добавить комментарий
Для отправки комментария вам необходимо авторизоваться.